Меркаванні11

Пахавальная на сябе, альбо Дзень дурня

Піша Сяргей Ваганаў.

Зазірнуў у настольны каляндар, а там пра 1 красавіка, акрамя таго, што панядзелак, анічога.

Увесь вольны свет адзначае Дзень дурня. А тут, бач ты, толькі панядзелак, цяжкі дзень...

Між тым, што ні дзень у нас, то 1 красавіка.
За колькі гадоў, праўда, прызвычаіліся да маны, мала хто ўжо верыць у тое, што, маўляў, «спіна запэцкана крэйдай»... Шкада. Бо які ж гэта Дзень дурня, калі ўжо няма дурняў верыць ані ў лічбы галасоў і заробкаў, ані ў Мясніковіча з Пракаповічам, ані ў Пуціна з Сінгапурам, ані ў яднанне з братэрскім венесуэльскім народам на падставе «мошчаў Чавэса», ані ў самаакупнасць тэатраў і цалкам усёй краіны разам з адраджэннем сяла...

Які ж гэта Дзень дурня, калі народ пазбаўлены радасці верыць у абяцанкі?!

Які ж гэта Дзень дурня, калі дурняў ужо няма?!

Мо яшчэ хто верыць у яднанне з братэрскім расійскім народам, дык гэта ж 2 красавіка... Хаця...

Трэба ж было так здарыцца, што гэтыя два дні — дурня і яднання народаў — аказаліся побач.

Не паспелі ў Крамлі пазбіраць асколкі ад фужэраў, што бразнулі аб падлогу, як ужо калаціўся ад радасці тэлетайп у мінскім прадстаўніцтве буйной маскоўскай газеты і заходзіліся ад нецярплівасці тэлефоны: тэрмінова... у нумар... водгук Васіля Быкава... рэпартаж з мітынгаў... «Што, няма мітынгаў?» — «Ёсць. Якраз цяпер... ля Палаца спорту... мітынг пратэсту...» — «Пратэсту?!»...

Ну, ці не дурні? Паверылі ў міждзяржаўны розыгрыш, хаця і на другі красавіцкі дзень.

А што тычыцца першага, то былі, яшчэ якія былі розыгрышы!

Была святая вера ў 1 красавіка, у дзень цудоўных падманаў.

Вось, напрыклад, працаваў у Доме друку стары журналіст Ю. Праваяваў вайну, а напрыканцы апынуўся ў штабных пісарах, што складаюць спісы загінулых і дасылаюць іх родным журботныя пахавальныя. Складаў-складаў, дасылаў-дасылаў, а 1 красавіка 1945 вырашыў адпачыць ад свайго сумнага занятку — даслаў жонцы пахавальную на самога сябе: «загінуў смерцю храбрых... пахаваны...» Што загінуў, сказала жонка, магу паверыць, а вось што смерцю храбрых... Як яна там дабіралася да Аўстрыі, але ж дабралася: ну, дзе ён тут у вас пахаваны?..

Як жа трэба добра ведаць таго, хто маніць, каб ужо зусім у дурні не трапіць!

Як трапіў напачатку 1970-х светлай памяці Сеня Рубін, адказны сакратар колішняй «Знамёнкі».

Не ведаю, ці ёсць у сёняшніх рэдакцыях адказныя сакратары, а тады — ого-го, першы, па сутнасці, чалавек! Вось сядзіць, так бы мовіць, Сеня на бягучым нумары і атрымлівае па тэлетайпе загад аж з ЦК партыі: перадрукаваць з газеты «Известия» велізарны, на два падвалы, артыкул пра несупынную барацьбу з пачварным сіянізмам. Загад нечаканы, бо дасюль перадрукоўкі такога кшталту цягнулі на сабе газеты партыйныя. Да таго ж, трэба ламаць нумар, з якім Сеня працаваў ці не ўвесь папярэдні дзень і апошнюю ноч. Карацей кажучы, пачухаў Сеня патыліцу і вырашыў удакладніць. «Советская Белоруссия»? Не. «Звязда»? Не... І раптам здагадаўся: сёння ж 1 красавіка!

Ён быў трошкі заіклівы, наш Сеня, асабліва калі хваляваўся. А паспрабуй не хвалявацца на цэкоўскім кіліме! «Д-дык жа ж п-п-першага кра-кра-савіка...» — вымаўляў Сеня праз мацюкі і абвінавачванні ў ідэалагічнай дыверсіі. Але ж і тое праўда, што час змяніўся: замест кулі ў патыліцу — мацюкі, замест лагера — хуткі інфаркт...

А недзе праз тыдзень ці два ўсю рэдакцыю выклікалі ў ЦК камсамола. Справаздачу прымаў новы сакратар па прапагандзе, вылучэнец з правінцыі.
Ён сядзеў, склаўшы на грудзях кароткія рукі, час ад часу пакручваючы ў бок Чаніна, нашага галоўнага рэдактара, галаву з высокай густавалосай прычоскай, ад чаго меў жаночападобны выгляд. «Няправільная ў вас кадравая палітыка, Віталь Змітравіч, — раптам перапыніў сваё манументальнае маўчанне наваспечаны куратар. — Ці не занадта ў беларускай газеце яўрэяў?!»

Чанін моўчкі пазбіраў свае паперы і, не гаворачы ані слова, накіраваўся да выхаду.

За ім паднялася і пайшла ўся рэдакцыя. Усе пайшлі — і яўрэі, і не яўрэі, і партыйныя, і беспартыйныя...

Памёр Чанін.

І той сакратар памёр. Паспеў, праўда, зрабіць партыйную кар’еру, быў заўважаны яшчэ ў некаторых паскудствах, пасля чаго прыладзіўся да лукашэнкаўскай абоймы.

І сіянізм, калі не памёр, дык сціпла прыхаваўся ў сваіх палесцінах. Разам з Сенем Рубіным, які таксама ў тых палесцінах заўчасна памёр. Ад надарванага сэрца...

А я вось думаю цяпер: хто ж насамрэч дурань — той, хто маніць, ці той, хто верыць? А мо абодва?

Аб адным толькі марыцца 1 красавіка, на Дзень дурня, у панядзелак, цяжкі дзень: каб Усявышні, калі атрымае ад нас пахавальную на саміх сябе, не паверыў аніводнаму яе слову.

Каментары1

Цяпер чытаюць

Загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей Лазараў7

Загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей Лазараў

Усе навіны →
Усе навіны

Так цяпер выглядае былая Валадарка, пастаўленая на рэканструкцыю ФОТАФАКТ3

У розных раёнах Мінска з кранаў пацякла «нафта»1

«Камунарка» выпусціла аналаг «кіндараў»6

Лукашэнка хуценька далучыўся да трампаўскай Рады міру36

Ці можа таксіст адмовіцца везці пасажыра з лыжамі і санкамі? Можа, але не заўсёды

Апошнім часам Эмануэль Макрон з'яўляецца на публіцы ў цёмных акулярах. Што здарылася?10

У Кобрыне выставілі на продаж будынак сінагогі XVIII стагоддзя1

На складах найбуйнейшых сусветных вытворцаў назапасілася рэкордная колькасць алкаголю9

Рудкоўскі тлумачыць, чаму Трамп мае рацыю наконт Грэнландыі68

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей Лазараў7

Загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей Лазараў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць