З намеснікам старшыні абласной арганізацыі Партыі левых «Справядлівы свет», доктарам тэхнічных навук, прафесарам Валерам Беразіенкам Беларуска-расійскі ўніверсітэт спыняе працоўныя адносны.
Фармальная прычына — сканчэнне тэрміну дзеяння працоўнага кантракту. Ва ўніверсітэце прафесару засталося адпрацаваць тры дні.
Валер Беразіенка быў назіральнікам і сябрам абласных выбарчых камісіяў на усіх выбарах апошніх дзесяці гадоў.
Беразіенка лічыць, што не падаўжаюць з ім кантракту праз яго палітычную і грамадчкую дзейнасць.
«У інтэрнэце фігуруюць усе мае выступы. Я заяўляў, што выбары няправільныя. Набярыце мае прозвішча ў пошукавіках і знойдзецца пералік маіх выказванняў, якія сведчаць пра тое, што я не згодны з тым, што адбываецца ў краіне», — кажа выкладчык.
Сёлета спадар Беразіенка меўся адзначыць пяцідзесяцігадовы юбілей працы ў ВНУ, якая раней называлася Машынабудаўнічым інстытутам. Працаваў у ім пачаў у 1963 годзе.
«Атрымліваецца, што і кафедра "Абсталяванне і тэхналогія зварачнай вытворчасці“ адзначае пяцідзесяцігадовы юбілей, а мяне выганяць з яе. Я быў ва ўніверсітэце больш за дзесяць гадоў загадчыкам кафедры. Быў дэканам факультэту. Падрыхтаваў 8 кандыдатаў тэхнічных навук. Я не прасіў рэктара працягваць кантракт. Мне перадалі паведамленьне пра спыненне працоўных адносінаў праз старонніх людзей. Паперку падпісаў загадчык кафедры, які клянецца, што дамагаўся, каб са мной падоўжылі кантракт», — кажа Беразіенка.
Валер Беразіенка доўгі час кіраваў абласной структурай Партыяй камуністаў беларускай. Ад 2009 года і да 2013 старшыняваў у структуры партыі левых «Справядлівы свет».
Каментары