«Продкі вадзілі сяброўства са Скірмунтам». Беларус склаў радавод, які ўжо налічвае 1900 чалавек — як у яго атрымалася?
Журналіст Мікалай Заяц заўсёды цікавіўся сваімі каранямі, бо ведаў, што яго продкі паходзяць з гістарычна знакавых і насычаных падзеямі мясцін — там, дзе ў свой час кіравалі Радзівілы і Скірмунты. Але капаць дэталі жыцця сваякоў ён пачаў адносна нядаўна. За апошнія некалькі гадоў Мікалай паспеў скласці радавод з 1900 чалавек, з якіх 143 — прамыя продкі.
«Для мяне гэта не проста калекцыянаванне імёнаў, гэта спроба зразумець самога сябе. Гэта як дэтэктыў, што дазваляе адчуць глебу пад нагамі. Ты разумееш, чаму ў цябе такі характар, чаму цябе цягне да пэўных рэчаў. Гэта дае моцнае пачуццё прыналежнасці да свайго роду і да Беларусі», — кажа Мікалай.

«Нашай Ніве» журналіст распавёў пра галоўныя інструменты, якімі карыстаецца для пошуку сваякоў па ўсім свеце, і падзяліўся парачкай неверагодных асабістых адкрыццяў.
«Мая бабуля на ўласныя вочы бачыла Рамана Скірмунта — прэм’ер-міністра БНР»
Продкі Мікалая жылі на Клеччыне — у сэрцы ўладанняў Радзівілаў, — і на Піншчыне — той частцы зямлі, якая ў свой час належала Скірмунтам.
«У 2018 годзе мне выпадкова трапіла ў рукі кніга гісторыка Алеся Смалянчука пра Рамана Скірмунта. Гэта ўнікальнае выданне: акрамя дэталёвай біяграфіі самога Скірмунта, там жыва апісанае Палессе таго часу — тыя самыя мясціны і вёскі, дзе нарадзіліся і мае продкі.
У кнізе расказвалася, як Скірмунты стварылі ў вёсцы Парэчча (цяперашні Пінскі раён) сапраўдны прамысловы аазіс, які сучаснікі нават называлі «Ліверпулем на Ясельдзе». Яны запрашалі інжынераў з Прусіі і Саксоніі, масла з маёнткаў экспартавалася ў Англію і Данію, спірт ішоў у Кёнігсберг і Данцыг, а прадукцыя суконнай фабрыкі атрымлівала медалі на выставах у Парыжы і Маскве. Побач, у вёсцы Моладава, быў «культурніцкі цэнтр» Скірмунтаў, куды цягнулася інтэлектуальная эліта. Там, у палацы Скірмунтаў, была сабраная багатая бібліятэка і архіў, а знакамітая пісьменніца Эліза Ажэшка завітвала туды і чэрпала натхненне для сваіх твораў. Побач — вёска Дастоева, адкуль свае карані бярэ род пісьменніка Дастаеўскага. Гэта дало ўяўленне аб унікальных мясцінах, дзе жылі мае продкі», — расказвае журналіст.
Падчас чытання пра ўсе тыя мясціны і іх насычанае жыццё сямейныя аповеды пачалі ажываць і набываць канкрэтыку.
«Я ўзгадаў, напрыклад, што мая бабуля на ўласныя вочы бачыла Рамана Скірмунта — прэм’ер-міністра БНР, а некаторыя продкі нават вадзілі з ім сяброўства. Менавіта ўсведамленне таго, што «вялікая гісторыя» адбывалася літаральна ў суседняй вёсцы маіх дзядоў, стала штуршком, пасля якога я пачаў архіўныя пошукі», — згадвае сваю матывацыю больш глыбока занырнуць у гісторыю продкаў Мікалай.

На жаль, бабулі Міколы хутка не стала, таму некаторыя дэталі стала складаней удакладняць. Але журналіст вырашыў працягваць пошукі па архівах, каб захаваць хаця б тое, што яшчэ можна было выратаваць ад забыцця.
«Самая глыбокая галіна сягае ў мінулае на 10 пакаленняў і пачынаецца ў 17 стагоддзі»
Сёння геаграфія сям’і Мікалая ахоплівае ЗША, Канаду, краіны Еўропы і Казахстан. А ў самім радаводзе налічваецца каля 1900 чалавек, з якіх 143 — прамыя продкі (усе яны нарадзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі).
«Самая глыбокая галіна сягае ў мінулае на 10 пакаленняў і пачынаецца ў 17 стагоддзі, а самая шырокая ахоплівае васьміюрадных братоў і сясцёр.
А калі казаць пра геаграфію пражывання, то самая незвычайная кропка на мапе, напэўна, Ірак — там падчас Другой сусветнай вайны загінуў мой далёкі сваяк (бацька сяміюраднай сястры мамы).
Але агулам усе вядомыя мне продкі — беларусы, яны стагоддзямі жылі на сваёй зямлі, амаль нікуды не пераязджаючы. Аднак бакавыя галіны — родныя браты і сёстры маіх дзядоў — часта разляталіся па свеце ў пошуках лепшай долі ці па службе. Так і ўтвараліся замежныя галінкі роду».

Новы кірунак для даследавання — беларуская эміграцыя пачатку мінулага стагоддзя
Дадатковым штуршком да пазнання гісторыі сваёй сям’і для Мікалая стала эміграцыя. Раней ён працаваў на пасадзе прэс-сакратара Купалаўскага тэатра, але быў затрыманы і дапытваўся па справе аб «дзяржздрадзе», пасля чаго быў вымушаны пакінуць краіну.
Не так даўно праз прызму генеалогіі Мікалай выйшаў на новы цікавы для сябе кірунак — беларуская эміграцыя пачатку мінулага стагоддзя.
«Давайце паспрабуем перанесціся ў часе. На двары 1910‑я гады. З аднаго боку — нашы вёскі, дзе жыццё цячэ павольна, дзе захоўваецца стагоддзямі нязменны ўклад, стаяць драўляныя хаты і паўсюдна конная цяга. А з іншага боку, літаральна ў гэты ж момант, існуе паралельная рэальнасць, у якой нашы сваякі, такія ж беларусы, апынаюцца ў дэкарацыях індустрыялізацыі: сярод хмарачосаў, гіганцкіх металургічных заводаў і аўтамабіляў.
Сёння палёт з Еўропы ў ЗША займае ад 7 да 12 гадзін. Але ў той час самалётаў яшчэ няма. Каб трапіць у Амерыку, даводзілася здзяйсняць трансатлантычнае падарожжа на караблі — па маршрутах «Тытаніка» — працягласцю ад аднаго да трох тыдняў. А перад гэтым трэба было паклапаціцца пра дакументы (пашпарт тады не ляжаў у куфры кожнага селяніна «па змоўчванні») і сухапутна дабрацца да бліжэйшага порта ў Еўропе — напрыклад, Гамбурга ці Ратэрдама.

Трансатлантычны рэйс — выпрабаванне для сялян не самае простае: большасць з іх бачылі беларускія рэкі і азёры, але ніколі — мора ці акіян, таму многія ўпершыню пакутуюць ад марской хваробы. Да таго ж шлях у Новы свет для звычайнага беларуса-селяніна праходзіў, як правіла, у трэцім класе. Гэта не ўтульныя асобныя каюты як у кіно, а вялізныя памяшканні ў труме карабля, дзе стаялі двух’ярусныя ложкі, дзе змешваліся дзясяткі моў і стаяў пастаянны гул машыннага аддзялення. Потым — памежны кантроль і адаптацыя. Жыццё эміграцыі па выніку віравала: у ЗША эмігранты адкрывалі газеты і часопісы на сваіх мовах, стваралі грамадскія арганізацыі, будавалі праваслаўныя і каталіцкія храмы».

Па што ехалі за акіян?
«Многія ехалі з мэтай зарабіць і вярнуцца. План быў просты: цяжкая праца на заводзе, назапашаныя 500‑1000 даляраў (вялікія грошы на той час), вяртанне на Радзіму, купля зямлі і заможнае жыццё. Але гісторыя ўносіла свае карэктывы: Першая сусветная, рэвалюцыя, савецка-польская вайна, Другая сусветная… Межы закрываліся, вяртацца магло б быць небяспечна, і людзі апыналіся ў пастцы: тыя, хто планаваў пабыць у Амерыцы пару гадоў, заставаліся назаўсёды. Яны абзаводзіліся сем'ямі, пускалі карані.

Сёння, гуляючы па старых могілках Кліўленда, такіх як St. Theodosius cemetery ці Brooklyn Heights, можна ўбачыць цэлыя сектары помнікаў з праваслаўнымі васьміканцовымі крыжамі і прозвішчамі на -vich.
Такія гісторыі кантрастаў існавалі ў кожны з гістарычных перыядаў: можна згадаць, як нашыя продкі ў 19 стагоддзі адпраўляліся ў рэкруты на 25 гадоў, вяртаючыся ў родную вёску сівымі незнаёмцамі; ці як падчас сталыпінскіх рэформаў цэлыя сем'і грузілі маёмасць у вагоны і ехалі ў далёкую Сібір па зямлю, ствараючы там свае беларускія астраўкі; ці як пасля Першай і Другой сусветнай вайны тысячы суайчыннікаў былі раскіданыя па ўсім свеце — ад Аргенціны да Аўстраліі».
«За карцінкай амерыканскай мары часта хавалася асабістая трагедыя людзей»
У радаводзе Мікалая ёсць адметная гісторыя, звязаная з беларускай эміграцыяй у ЗША. А менавіта — гісторыя Афанасія Базыліка, роднага брата яго прадзядулі.
«Доўгі час ён быў для мяне чалавекам-загадкай: яго імя мільгала ў дакументах пачатку мінулага стагоддзя, а потым рэзка знікла. Разгадка знайшлася акурат у спісах пасажыраў трансатлантычных рэйсаў.
У лютым 1913 года малады юнак з Палесся стаіць на палубе трансатлантычнага судна «Патрыцыя», якое выйшла з Гамбурга. Пасля цяжкага шляху карабель заходзіць у бухту Нью-Ёрка. Першае, што бачыць мой сваяк, — востраў Эліс, «вароты Амерыкі», а літаральна за некалькі сотняў метраў ад яго ўзвышаецца статуя Свабоды. Мне ўдалося аднавіць амаль усё яго амерыканскае жыццё: я знайшоў нават дом у горадзе Юціка (штат Нью-Ёрк), дзе ён жыў.
Сёння гэты дом можна пабачыць на мапе за некалькі секунд, але тады, у першай палове стагоддзя, інфармацыю аб родных даводзілася чакаць месяцамі.

У сямейным архіве я знайшоў ліст, які Афанасій адправіў з ЗША 5 красавіка 1946 года, праз 33 гады пасля ад’езду. На канверце стаяў адрас, якога ўжо чвэрць стагоддзя не існавала: «Пінскі павет, Мінская губерня». Унутры былі простыя і шчырыя словы, адрасаваныя майму прадзядулю Якіму: «Заставайся жывы і здаровы». У гэтых радках — драма таго часу, калі адлегласць і межы руйнавалі сувязі. На момант дастаўкі ліста ад роднага брата майго прадзядулі ўжо 12 гадоў як не было на свеце. Якім Базылік памёр яшчэ ў 1934-м. Відаць, гэтая навіна ў тыя гады не дайшла праз акіян.
І ў гэтым таксама адзін з сімвалаў той эміграцыі. Ён паказвае, што за карцінкай амерыканскай мары часта хавалася асабістая трагедыя людзей, якія, з’ехаўшы за акіян, гублялі самае дарагое — магчымасць быць на сувязі з блізкімі».
З чаго раіць пачаць збор інфармацыі пра продкаў Мікалай?
1. База — размовы з найстарэйшымі сваякамі
«Зразумела, успаміны могуць скажацца або абрастаць легендамі, таму ўсё патрабуе праверкі. Аднак менавіта дыялог са старэйшынамі роду даюць неабходны касцяк для пошуку, які пасля іх адыходу ўжо складана аднавіць. У мяне быў паказальны выпадак. Я гутарыў з найстарэйшым сваяком — яму тады было ўжо за 90 гадоў, але ён валодаў фенаменальнай памяццю. Ён мімаходзь згадаў, што мой прапрадзед быў мясцовым кіраўніком на рубяжы XIX-XX стагоддзяў. Я паставіўся да гэтага скептычна: усё ж такі суразмоўца нарадзіўся ўжо пасля рэвалюцыі і мог нешта наблытаць у дзіцячых успамінах. Але зачэпку занатаваў.
Праз пэўны час я вырашыў праверыць гэтую легенду праз статыстычныя выданні — «Памятныя кніжкі» губерняў, дзе друкавалі спісы чыноўнікаў і служачых. Адкрыў патрэбную воласць і здзівіўся: прозвішча, імя і імя па бацьку майго прапрадзеда сапраўды значыліся ў спісе валасных старшынь Палесся».
2. Праца з архівамі
Для даследчыкаў з Беларусі асноўнымі архівамі з’яўляюцца Нацыянальны гістарычны архіў у Мінску і Гродне. Менавіта там захоўваюцца метрычныя кнігі — дакументы цэркваў і касцёлаў з запісамі пра хрышчэнне, шлюб і пахаванне. Для паглыблення ў гісторыю існуюць «рэвізскія сказкі» — перапісы насельніцтва ў 18‑19 стагоддзях, падчас часоў Расійскай імперыі ці інвентару маёнткаў Рэчы Паспалітай.

«Праца ў гэтых архівах дазваляе пабудаваць аснову радаводу: высветліць прозвішчы, даты і месцы нараджэння, якія пасля можна дапаўняць падрабязнасцямі з іншых крыніц», — дапаўняе суразмоўца.
3. Пошук па агульных ДНК
«Праўда, інструмент ДНК у генеалогіі працуе хутчэй як компас, а не як падрабязная мапа. Тэст добра вызначае біялагічнае сваяцтва: ён можа паказаць, што мы з вамі, напрыклад, траюрадныя браты, ці нават пазначыць прыблізны год нараджэння нашага агульнага продка. Але ён не адкажа на галоўныя пытанні: хто менавіта наш агульны продак, як яго звалі, дзе і чым ён жыў — а гэтае сюжэтнае напаўненне, насамрэч, і з’яўляецца самым цікавым, — удакладняе Мікалай.
— Нядаўна быў цікавы прыклад. Адзін з генеалагічных сэрвісаў паказаў мне супадзенне па ДНК з чалавекам з ЗША. У яго было вялікае і добра прапрацаванае дрэва ажно на 8 тысяч чалавек. Сярод прамых продкаў — адна галіна роду з Беларусі. Я зачапіўся за гэта, пачаў разглядаць дрэва і знайшоў у ім ураджэнцаў Палесся 19 стагоддзя з імёнамі Sam Lukas і Paraska Buzilik, сын якіх у юнацтве пераехаў у ЗША з-пад Пінска. Спісы пасажыраў трансатлантычных суднаў пацвердзілі эміграцыю ў ЗША, супалі ўсе даты і імёны бацькоў. У выніку аказалася, што Сэм Лукас знайшоўся і ў маім дрэве, але ў Беларусі ён быў вядомы як Сямён Лукашык з жонкай Параскевіяй Базылік. Так я пазнаёміўся са сваёй сястрой у пятай стрэчы са Штатаў».
Мікалай абмяняўся са сваячкай дакументамі, якія канчаткова пацвердзілі невыпадковасць супадзення іх ДНК. Тая была вельмі ўсцешаная тым, што змагла адшукаць сваіх продкаў за акіянам — гэта было марай жанчыны.

4. Анлайн-базы і сацыяльныя сеткі
«Сярод сусветных гігантаў варта вылучыць FamilySearch — велізарную бясплатную базу, дзе сабраныя мільёны лічбавых копій дакументаў з усяго свету. Для пошуку незаменнымі будуць Ancestry і MyHeritage. Гэта камерцыйныя платформы, але менавіта яны найлепш індэксуюць перапісы насельніцтва, спісы пасажыраў трансатлантычных лайнераў і вайсковыя дакументы. Часта менавіта там адбываецца аўтаматычны «мэтч» з дрэвамі далёкіх сваякоў, якія ўжо даўно даследуюць свой род на іншым кантыненце.
Што тычыцца беларускай спецыфікі, то базавым інструментам з’яўляецца партал Radzima.net, які дапамагае разабрацца ў адміністрацыйным падзеле і зразумець, да якога прыхода ці воласці належала вёска продкаў у розныя часы. Дапамагаюць і сацыяльныя сеткі. Напрыклад, у фэйсбуку і тэлеграме дзейнічаюць суполкі, дзе дасведчаныя аматары і прафесіяналы дапамагаюць расчытаць складаны почырк у старых метрыках, падказваюць нумары фондаў у архівах або проста дзеляцца карыснымі спасылкамі. Часам гэты калектыўны розум працуе больш эфектыўна за любы афіцыйны даведнік».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
у аднаго чалавека двое бацькоў, чацьвёра дзядуль-бабуль і гэтак далей. Чым глыбей тым болей, 2 у стэпені нумара пакалення.
калі гэта колькасць дасягае статыстычна значных велічынь, напрыклад 10 пакаленняў таму - набор выбаркі вельмі дакладна супадае.
Тобок калі было ў рэгіёне ў 17 ст. у сярэднім 5% арыстакратаў і 95% сялян, значыць і ў вашым радаводзе, і ў любым іншым будзе за 17 ст. 5% арыстакратаў і 95% сялян.
Так што Радзівіл які небудзь у кожнага знойдзецца.
Тут жа больш цікавыя персаналіі - які менавіта чалавек ваш продак.
Нажаль, пра сялян таго часу даведацца немагчыма амаль нічога.
А вторые Советы забрали эту землю в коллективную собственность. А потом это всё заросло бадыллям. При новой власти надо провести реституцию. Согласен забрать малую часть и продать американским инвесторам под отель или загородный клуб.
А мой дед спился в Пинске на должности директора магазина. Моя прабабуля, из другого рода и места рождения на Полессе, называла его бульбашом, наверно, в память о Тарасе Бульбе-Боровце..