Літаратура33

Аляксандр Апон. Пошасць. Міні-п'еса

Асобы:
Турзік, сабака.
Пушок, кот.
Свінка.
Парсючок.
Гусак.
Певень.
Гаспадар.
Гаспадыня.

Сялянскі падворак. У загародцы ля хлява Свінка і Парсючок, якія палуднуюць з аднаго карыта.

Парсючок: Ням-ням­-ням, вой, як смачна!

Свінка: Дай мне пакаштававаць.

Парсючок: Яшчэ чаго! Еш, ням-­ням, са свайго боку.

Свінка: А я хачу з твайго! (Хапае парсючка зубамі за вуха).

Парсючок: І­і­і… (Адскоквае ад карыта).

Да загародкі падыходзяць Турзік і Пушок.

Пушок: Што яны там зноў сварацца?

Турзік: Вядома што: бульбіну не падзялілі.

Пушок: Я бульбу не люблю.

Турзік: Я таксама, а ім, бачыш, як смакуе.

Пушок: Хай сабе апошні раз парадуюцца. Шкада мне іх.

Турзік: І мне.

Пушок: Асабліва кілбас.

Турзік: Якіх кілбас?

Пушок: Пальцам пханых.

Турзік: А!

Пушок: Ужо што я да іх ласы, дык не перадаць! Колькі разоў па пысе анучай ад гаспадыні атрымліваў — не злічыць, але не магу даць сабе рады — і ўсё тут. Дзе якую кілбасу носам пачую ці ўбачу вачыма, дык чыста розум губляю. Летась гаспадыня на гарышчы, пад страхой, у кошыку кілбасы падвесіла, дык я дзірку ў вечку пачаў прагрызаць. Ноч грызу, другую. Іклы сабе зламаў бы, каб гаспадыня не агледзела. І яшчэ: добра, што на мышэй падумала, а то прыйшоў бы мне амэн.

Турзік: А я больш косткі люблю. Грызеш, бывала, грызеш… Эх, як цяпер, Пушок, жыць будзем, чым цешыцца?

Пушок: Так, благія часы надышлі.

Турзік: І не кажы.

Падыходзіць Гусак.

Гусак: А вось і не благія, а наадварот.

Турзік: Гэта чаму?

Гусак: Бо нас заместа свіней будуць разводзіць, дык наш род ого­-го як падымецца.

Міма праходзіць Певень.

Турзік (праводзячы Пеўня вачыма): Падымецеся, падымецеся, калі курыны грып не падсячэ…

Певень: Дзе курыны грып? (Круціць галавой.) Каравул! Ратуйся хто можа! (Ляціць з усіх ног прэч).

Турзік: …ці якая іншая пошасць не прычэпіцца.

Пушок: А я ў тэлевізары…

Турзік (перапыняючы): Што гэта такое — тэлевізар?

Пушок: Скрыня такая, у гаспадароў у хаце стаіць, якая гаворыць і паказвае.

Турзік: Што гаворыць і паказвае?

Пушок: Рознае.

Турзік: І што там?

Пушок: А тое, што будуць разводзіць нейкіх штравусаў ці травусаў, я не дачуў .

Турзік: Можа трусоў?

Пушок: Не, не трусоў, я трусоў ведаю. А гэта такая птушка , накшталт нашага індыка, толькі вялікая, ростам вышэйшая за гаспадароў.

Турзік: Страхоцце якое! Мяне гэтыя індыкі да таго замардавалі, што я на іх глядзець без агіды не магу — пойдуць за блізкі свет, а пасля мы з гаспадыняй бегаем, высалапіўшы языкі, шукаем па ўсёй вёсцы, а яны то на плоце дзе ўмасцяцца, то на дрэва заляцяць. А як жа мы гэтым штравусам, ці як іх там, рады дамо? Яны ж, чаго добрага, у вырай выправяцца, дзе ж мы іх у тым выраі шукацьмем? Кароў куды лягчэй было пасвіць. Збярэм з гаспадаром на золку статак, на пашу яго загонім і ўвесь дзень ляжым сабе пасля, дрэмлем. Гаспадар чарку за каўнер залье, салам з цыбуляй закусіць, ну і пра мяне, вядома, не забудзецца. Мне, праўда, цыбуля не надта каб смакавала, пажую­-пажую крыху дзеля вітамінаў — і выплюну. А вось сала! Эх, жыццё было — маліна!

Пушок: А малако? Я малака ад пуза, як не ў сябе напіваўся. Раніцай і вечарам бляшанку гаспадыня з берагамі налівала. А цяпер што? Колькі з тае казы малака? Казаць смешна — гаспадыня ў конаўку доіць. А мне гэтулькі дастаецца, што вусы толькі абмочыш. Адно расстройства. Я ўжо нават не хаджу глядзець, як яно цыркае: баюся, каб сэрца знячэўку не спынілася.

Турзік: Мне, шчыра кажучы, гэтая каза таксама недаспадобы.

Пушок: А што такое?

Турзік: У гарод тут надысь залезла, дык гаспадыня мяне абвінаваціла: «Куды, — кажа, — глядзіш, морда?» Але хіба я вінаваты, калі ёй слова, а яна мне — два ў адказ. Хацеў ужо быў цяпнуць для парадку за лытку, каб месца ведала, дык — што ты, Пушок, думаеш? — рогі наставіла, скаціна!

Звонку, з вуліцы, чуваць чалавечыя галасы, лямант, гул машыны, свінячы віск. З хаты выходзяць гаспадар і гаспадыня.

Гаспадар: Вось і да нас чарга дайшла.

Гаспадыня: Я іх не аддам, нізавошта! Я іх з сусолкі выкормлівала, начэй не спала, песціла, як родных дзетак!

Гаспадар: Кінь, дурніца, пугай абух не пераб’еш.

Гаспадыня: Грошы пазабіралі, а цяпер скварку з рота думаюць выхапіць! Не аддам, хай пацалуюць мяне ў сраку!

Гаспадар: Сціхні, баба!

Гаспадыня: Што сціхні, чаму? (Зласліва). Але пачакай, дойдзе і да чаркі.

Гаспадар: Да чаркі? Ды я ім!.. Ды я іх! (Круціць кулакі).

Гаспадыня (у бок): Вой, дай божа нашаму цяляці ваўка зваяваці.

Гаспадар і гаспадыня выходзяць на вуліцу.

Пушок: Слухай, Турзік, давай, пакуль не позна, рабіць адсюль ногі.

Турзік: Маеш, Пушок, рацыю: гайда куды зашыемся.

Пушок (да Гусака): І ты хавайся, да бяды нядоўга, патрапіш яшчэ пад гарачую руку.

Гусак: Не, я племянны, на развод.

Пушок: Бачылі мы ўжо такіх племянных. Але глядзі сам, мы цябе папярэдзілі.

Пушок і Турзік сыходзяць. Чалавечыя галасы, якія даносіліся з вуліцы, а таксама лямант, гул машыны, свінячы віск узмацняюцца.

Парсючок: Эх, добра пад’елі.

Свінка: Але, смачна! (Падымае галаву). Гэй, гусак, а што там за гармідар?

Гусак: Нейкіх, гавораць, штравусаў прывезлі.

Свінка: Адкуль прывезлі?

Гусак: З выраю.

Свінка: Вось што!

Парсючок (тыцнуўшы Свінку лычом у бок і пазяхнуўшы): Давай ужо класціся. (Валіцца каля карыта.) Паспім да вячэры.

Свінка: Не, пачакай, нейкае ў мяне нядобрае прадчуванне.

Канец

 ***

Аляксандр Апон

пісьменнік. Жыве ў Гродне. Зарабляе на жыццё прадпрымальніцтвам.

Каментары3

Цяпер чытаюць

Стала вядомае імя другой беларускі, якая згінула пад селем у Непале. Гэта 24‑гадовая Ірына з журфака БДУ6

Стала вядомае імя другой беларускі, якая згінула пад селем у Непале. Гэта 24‑гадовая Ірына з журфака БДУ

Усе навіны →
Усе навіны

«Знаёмы паглядзеў на мяне як на НЛА». Якім Анджэй Пачобут пабачыў Гродна ФОТЫ6

Гродзенскі біскуп сыграў на барабанах на каталіцкім фестывалі моладзі3

Як за дзесяцігоддзе Швецыя амаль закрыла дзверы для мігрантаў9

Расія і Украіна абмяняліся ўдарамі па энергааб’ектах пасля слоў Трампа пра энергетычнае перамір’е9

28‑гадовую ўкраінку з Марыупаля асудзілі ў Мінску за палітыку. Чаму яна прыехала з Польшчы ў Беларусь, няясна4

Анжаліка Борыс: Пачобута паўсюль прымалі як героя9

Электронную «Беларускую энцыклапедыю», створаную як прастору «верагодных ведаў пра Беларусь», ціха ліквідавалі разам з рэдакцыяй. Купу артыкулаў перадалі Гігіну6

УСУ атакавалі Растоўскую, Самарскую і Варонежскую вобласці

Статкевіч: Калі вам даюць «слова афіцэра», вас гарантавана падмануць12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядомае імя другой беларускі, якая згінула пад селем у Непале. Гэта 24‑гадовая Ірына з журфака БДУ6

Стала вядомае імя другой беларускі, якая згінула пад селем у Непале. Гэта 24‑гадовая Ірына з журфака БДУ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць