Што б сказалі сучасныя выдаўцы пра творы сусветнай класікі?
Любы чалавек, які напісаў добры тэкст, абавязкова хаця б раз атрымліваў ад выдавецтва адмову.
Бернард Вербер хадзіў па рэдакцыях 7 гадоў, спрабуючы выдаць сваіх «Мурашоў», якія адразу ж па выхадзе зрабіліся бэстсэлерам (за першы год міжнародных продажаў было куплена больш за мільён копій). Андрэй Рубанаў так і не знайшоў выдаўца для сваёй кнігі «Саджайце і вырасце» і быў вымушаны надрукаваць кнігу за свой кошт (!). Аўтар «Дзяўчыны з татуіроўкай дракона» Стыг Ларсан прынёс рукапіс выдаўцу, які так і не адкрыў пачак з тэкстамі (!).
Гэтае глупства цяпер параўноўваюць з памылкай гуказапісвальнай кампаніі, якая некалі адмовіла «Бітлам». Цяпер прададзена 65 млн копій «Дзяўчыны…». Але аўтар сваёй славы не дачакаўся, памёршы ад інфаркту ў момант, які можна было б назваць «threshold of success».
І не трэба здзіўляцца. Літаратура – гэта рынак, бэбі, як яны любяць паўтараць. Тут дзейнічаюць свае с…чыя законы. Паспрабуем уявіць, што б гэтыя законы вымусілі выказаць аўтарам кніг, якія ў дарынкавую эпоху стваралі творы, якімі захапляліся дарынкавыя чытачы.
Уільям Шэкспір. «Рамэа і Джульета». Нейкая хрэнь. Людзі так не гавораць.
Антон Чэхаў. Зборнік апавяданняў. Патлумачце дзядзечку, што апавяданні не прадаюцца. Хай напіша раман. Ён жа доктар, так? Хай напіша раман пра дактароў. У мяне ёсць добрая назва — «Інтэрны».
Уільям Шэкспір. «Санеты». Не, ну дзе вы яго адкапалі, гэтага аўтара? Піша вершыкі і п’есы! Ён што, з Месяца зваліўся?
Эрых Марыя Рэмарк. «Тры таварышы». Нейкія немцы бухаюць, размаўляюць і ездзяць на вінтажных тачках. Плюс прыгадваюць вайну. Перадайце аўтару, каб напісаў нармальны ваенны раман, як у фільмах Таранціна. Так, каб Гітлера за ногі па падлозе цягалі. Ці хай гэта будзе пра гонкі. Але толькі не размовы!
Янка Купала «Тутэйшыя». Драматургія не прадаецца.
Габрыэль Гарсія Маркес. «Сто гадоў адзіноты». Скараціць на 50 адсоткаў і арыентаваць на нішу незамужніх жанчын 40+.
Ян Баршчэўскі. «Шляхціц Завальня». Незразумелы кантэкст — нейкія паны, маёнткі. Перанесці месца дзеяння ў Трансільванію, галоўнай дзейнай асобай зрабіць Дракулу. Завязку пакінуць некранутай: падчас завеяў чувак ставіць свечкі, на іх ідуць караблі, завітваюць да яго, а ён п’е іх кроў. Дадаць любоўную гісторыю. Аповесць пра ката, ад муркатання якога ў галаве заводзяцца пчолы, прыбраць. Катоў цяпер усе любяць.
Мікалай Гогаль. «Мёртвыя душы». А дзядзьку ніхто не тлумачыў, што межы еўрарамана — 350 тыс. знакаў без прабелаў? Колькі мне паўтараць аўтарам-пачаткоўцам: сачыце за аб’ёмам! Усё, што болей за 350 тыс. знакаў без прабелаў, — у топку без разгляду. Хай скароціць і зноўку дашле мне. Я так разумею, там пра зомбі, а зомбі зараз у трэндзе.
Фёдар Дастаеўскі. «Злачынства і пакаранне». Не, ну патэнцыял ёсць. Але што гэта за сюжэт: забойства займае тры старонкі, а жаванне сопляў — 500? Перапісаць, зрабіць Раскольнікава serial murderer, дваццаць-трыццаць ахвяр. Фінал — героя расстрэльваюць, і ён робіцца зомбі (падстава для сіквела).
Астрыд Ліндгрэн. «Малы і Карлсан». Бачна, што гэтыя скандынавы жывуць без сонечнага свету і ад таго павольна вар’яцеюць. Хто-небудзь мне патлумачыць, навошта пазіцыянаваць гісторыю пра героя са звышздольнасцямі як дзіцячую аповесць? Змяніць фокус нарацыі пад узроставую групу 16-21. Дадаць сэксу. Прапелер у Карлсана зрабіць большым, прыстасаваць для баявых мэт. Карлсан прапелерам крышыць зомбі. Павінныя быць паветраныя баі з мерцвякамі. У наступнай кнізе Карлсан ставіць турбіну і робіцца звышгукавым. Уключайце фантазію, хто з нас аўтар тут?
Іван Бунін. «Цёмныя алеі». Яшчэ адзін вылез з апавяданнямі. Не прадаюцца апавяданні! Не патрэбныя яны нікому!
Леў Талстой. «Ганна Карэніна». Мала сэксу. І, таксама, аб’ём.
Джозэф Конрад. «Сэрца цемры». Незразумела, у якую серыю гэта ўставіць. Хай месцам дзеяння будзе не Афрыка, а В’етнам часоў вайны з ЗША. Цісканем у «Ваенным рамане».
Вацлаў Ластоўскі. «Лабірынты». Добрая ідэя, але рэалізаваная на траяк. Нейкія падземныя людзі, нейкія сходкі, муць. Зрабіць проста, як у «Хобіце». Ёсць гномы, яны жывуць пад зямлёй і назапашваюць золата. Яны б’юцца з тролямі і эльфамі. Павінныя таксама падцягнуцца драконы. І болей магіі! Людзям не хапае магіі! А псіхалагізму ў офісе хапае, з дзевяці да пяці.
Гамер. «Іліяда», «Адысея». Сюжэт нармальны, але мала сэксу. Змяніць стыль на чалавечы.
Уладзімір Набокаў. «Лаліта». Я не бачу добрых сцэн у ложку. Гэты малады аўтар павінен пачытаць «50 shades of Grey» перад тым як брацца за такую складаную форму, як парнаграфія. Галоўнага героя завуць Гумберт Гумберт, хай завецца проста Гумбертам, так больш зразумела. Выдаць у мяккай вокладцы, у серыі «Начная чытанка адзінокага мужчыны».
Клайв Льюіс. «Хронікі Нарніі». Гэты тэкст неабавязковы для выдання.
Уладзімір Караткевіч. «Дзікае паляванне караля Стаха». Пачыналася добра, але потым маладога аўтара павяло некуды ўбок. Нашто ў нуар-хорары сацыяльная крытыка? Нашто тут барацьба сялян за класавае вызначэнне? Аддаць на рэрайт, дадаць зомбі, якія выходзяць з багны, тэрарызуюць усіх. Сяляне замест памешчыкаў ваююць з зомбі. Месца дзеяння змяніць на Трансільванію. У канцы абавязкова дадаць бой з зомбі-босам.
Леў Талстой. «Вайна і мір». Не, ну вы самі разумееце.
Андрэй Мрый. «Запіскі Самсона Самасуя». Прагартаў, там зноўку нейкі сацыяльны крытыцызм, нейкая танная парадыйнасць. Хай піша трылеры. Ці пра любоў. Пра палітыку — гэта на форумы ў інтэрнэце!
Борхес. «Алеф». Апавяданні не прадаюцца. Хай аб’яднае некалькі маленькіх тэкстаў у адзін вялікі — возьме за аснову апавяданне пра пункт, у якім сыходзяцца ўсе астатнія пункты свету. Герой карыстаецца ёй як парталам, тэлепартуецца, рабуе банкі. Увесці новага персанажа: харызматычны сышчык, які палюе на рабаўніка.
Васіль Быкаў. «Знак бяды». Патэнцыял ёсць, асабліва ў кантэксце «Сталінграда» Бандарчука: Вялікая Айчынная зноўку прэ. Але гэты малады аўтар не разумее, што ў вайне галоўнае не маральныя пакуты герояў, а перабежкі, страляніна, дынаміка. Хай паглядзіць Inglorious Bastards Таранціна.
Рамэн Гары. «Жыццё наперадзе». Не хапае інтрыгі. Хай галоўны герой-падлетак будзе трансвестытам. Ці, можа, у яго ў дзяцінстве знайшлі два чэлесы і ён жыве з прыхаванай траўмай, не ведае, як стасавацца з дзяўчынкамі. Урэшце да яго прыходзіць рашэнне — адрэзаць адзін з чэлесаў, але ён не ведае, які з іх. Вось вам затраўка, вось сюжэт. Блін, хто з нас кнігі піша?
P.S. Рызыкую прагучаць радыкальна, але цяперашні кнігавыдавецкі крызіс абумоўлены не ў апошнюю чаргу апісаным вышэй «камерцыйным» падыходам выдаўцоў да тэкстаў. Чытачы — зусім не такія дэбілы, якіх імі лічаць маркетолагі.
Каментары