Здарэнні1919

Жыццё дзяўчыны абарвалася на пешаходным пераходзе

У калонію адправіцца шматдзетны бацька.

Тры месяцы назад на пешаходным пераходзе ў мінскім мікрараёне Зялёны Луг грузавік збіў 25-гадовую дзяўчыну. 31 студзеня ў Мінску над кіроўцам МАЗа прайшоў суд. На ім прысутнічаў карэспандэнт «Нашай Нівы».

Віка Старасценка пераехала ў Мінск з Брэста. Яна хацела дапамагаць людзям. Працавала юрысконсультам у Беларускім саюзе прадпрымальнікаў, але душу аддавала праваабарончай дзейнасці ў Цэнтры па правах чалавека.

Бацькі Вікі кіроўцу ўпершыню пабачылі ў судзе. Пасля трагедыі Анатоль Булва званіў ім. «Хацеў прыехаць, на магілцы папрасіць прабачэння», — тлумачыў ён у судзе.

«У Бога прасі прабачэння», —адказаў яму бацька Вікторыі Аляксандр.

Тым не менш, бацькі падалі пазоў на кампенсацыю маральнай шкоды не кіроўцу, а фірме «Оствесттранскар», якой належыць МАЗ. «Што ён можа мне кампенсаваць?»

Бацькі просяць, каб ім выплацілі два мільярды рублёў.

Кіроўца МАЗа Анатоль Булва — такі рабацяга, яму пад сорак. Гаварыў мала, сядзеў галаву панурыўшы. Пасля аварыі яго не арыштавалі, таму на судзе ён быў не ў клетцы. Ён працуе на той жа фірме, толькі пасля аварыі перавёўся ў слесары.

Адвакатка адразу ж папрасіла перапынак, каб Булва «зрабіў прапанову» бацькам Вікторыі.

Слова ўзяла 60-гадовая мама кіроўцы. «Ніхто не хацеў, каб такая сітуацыя здарылася, — ужыла яна гэтае канцылярскае слова «сітуацыя». — Хочаце, я на калені стану», — і ўкленчыла перад бацькамі Вікі.

«Вы бароніце сваё дзіця, яно ў вас жывое, а я сваёй крывіначкі больш не пабачу», — прамовіла маці Вікі.

«Мы прапанавалі, але пацярпелы бок не хоча браць грошы», — рэзюмавала адвакатка, калі суд працягнуўся.

«А колькі прапанавалі?» — пацікавілася суддзя. — «10 тысяч даляраў».

Булва — бацька траіх дзяцей. Ад першага шлюбу ў яго дзве непаўналетнія дачкі. Плаціць на іх аліменты. Ад другога шлюбу — двухгадовы хлопчык. Кіроўца зарабляе 3—4 мільёны рублёў, жонка атрымлівае менш за два.

«У яго вялікая сям’я. Думаю, гэта правільна, калі грошы застануцца ў іх», — адмовіўся Аляксандр Старасценка.

Вікторыя загінула раніцай 30 кастрычніка 2013. Напярэдадні трагедыі дзяўчына вярнулася з Вільні — на дзень раней, чым планавала. Раніцай яна выйшла на працу.

Кіроўца МАЗа кажа, што глядзеў на аўтобус, які справа перад ім спыніўся на прыпынку. Баяўся, каб з-за яго не выскачылі людзі.

І зусім не звярнуў увагі на тых, хто пераходзіў з іншага боку. Нават калі адчуў удар, не зразумеў, у чым рэч. Абышоў МАЗ і ўбачыў дзяўчыну пад грузавіком, нагу ў яе раструшчыла і заціснула між колам і падрамнікам. Нягледзячы на дзікі боль, яна яшчэ была ў прытомнасці. Але праз пяцьдзясят хвілін дактары канстатавалі смерць.

«Проста не заўважыў… Я цалкам прызнаю сябе вінаватым», — прашаптаў Булва.

Экспертыза паказала, што МАЗ рухаўся на хуткасці 29 км/г, а зусім не 90 кіламетраў, як напачатку напісалі СМІ. Быў яркі сонечны дзень, без дажджу. «Здзейсніў наезд і пераезд на пешаходным пераходзе», — зачытала абвінавачанне пракурор.

«Якое б ён ні панёс пакаранне, нічога не зменіцца… Мая дачка, напэўна, зрабіла б так, як скажу я: каб яго не пазбаўлялі свабоды», — сказаў Аляксандр Старасценка.

Анатоля Булву асудзілі на два з паловай гады калоніі-пасялення за парушэнне правілаў дарожнага руху, што па неасцярожнасці пацягнула смерць чалавека.

Гэта мяккая «зона»: па калоніі асуджаныя перасоўваюцца свабодна, толькі на працу выходзяць з кантралёрам. І яны не абмежаваныя ў спатканнях.

А пазоў на два мільярды яшчэ будзе разгледжаны ў асобным працэсе.

Праўда, калі пазоў задаволяць, усё-ткі кіроўца МАЗа будзе гэтую суму выплочваць свайму прадпрыемству. «Я гатовы гэта адпрацоўваць», — сказаў Булва.

Каментары19

Цяпер чытаюць

Аказваецца, Коля Лукашэнка служыць у арміі13

Аказваецца, Коля Лукашэнка служыць у арміі

Усе навіны →
Усе навіны

Японія запатрабавала змяніць новую карту свету, за якую прагаласавала ААН10

Ва Узбекістане вырашылі падкарэктаваць алфавіт. У ім стане больш літар8

Беларуса ў Расіі асудзілі на 25 гадоў за падрыхтоўку дыверсіі ў Новарасійску1

У Мінску пасля маштабнай рэнавацыі адкрыўся Палац шлюбаў на Камуністычнай ФОТЫ6

Дзмітрый Баскаў узначаліў назіральную раду хакейнага клуба «Дынама-Мінск»3

Падчас пажару ў Смалявіцкім раёне загінулі чатыры чалавекі

Еменскія хусіты наблізіліся да стратэгічна важнага Баб-эль-Мандэбскага праліва. Гэта новы выклік для сусветнай эканомікі5

У Беларусь прыехаў новы пасол Швейцарыі3

Пад расійскім Выбаргам загінуў мужчына, які ўдзельнічаў у лясным фестывалі. Кажуць, што ён з Беларусі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аказваецца, Коля Лукашэнка служыць у арміі13

Аказваецца, Коля Лукашэнка служыць у арміі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць