Рост колькасці кальмараў назіраюць у розных частках свету ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. Чаму гэтыя істоты так добра пачуваюцца ў акіяне, які імкліва змяняецца пад уздзеяннем чалавека, навукоўцы да канца не разумелі. Новае даследаванне прапануе нечаканы адказ.

За апошняе стагоддзе чалавек моцна змяніў марскія экасістэмы. Празмерны вылаў скараціў папуляцыі многіх буйных рыб, а тэмпература акіянаў расце праз змяненне клімату. На гэтым фоне адбываецца незвычайны працэс — кальмараў і іншых галаваногіх малюскаў становіцца больш.
Гэтая тэндэнцыя, як піша Science Alert, вядомая навукоўцам не першы год. Яшчэ ў 2016 годзе даследчыкі з Універсітэта Адэлаіды прааналізавалі даныя за шэсць дзесяцігоддзяў і выявілі рост колькасці галаваногіх у розных частках свету.
Адным з магчымых тлумачэнняў даследчыкі называлі празмерны вылаў драпежных рыб. Чым менш драпежнікаў, тым менш тых, хто есць кальмараў. Аднак іх колькасць расла і ў раёнах, дзе актыўнага рыбалоўства не было. Таму яшчэ адной магчымай прычынай навукоўцы назвалі павышэнне тэмпературы акіяна праз змяненне клімату.
Аднак новае даследаванне паказвае, што ўсё можа быць больш складана.
Навукоўцы стварылі камп'ютарныя мадэлі марскіх экасістэм і праверылі, што адбываецца з кальмарамі пры скарачэнні колькасці буйных драпежнікаў і павышэнні тэмпературы вады.
Калі драпежных рыб станавілася менш, колькасць кальмараў сапраўды павялічвалася. Але яны не проста займалі месца зніклых драпежнікаў.
Важнейшым мог аказацца ўскосны эфект: пасля знікнення буйных рыб заставалася больш дробнай рыбы, якой харчуюцца кальмары. Для кальмараў багацце ежы асабліва важнае: яны хутка растуць, вядуць актыўны лад жыцця і за дзень могуць з'есці да траціны ўласнай вагі.
Пацяпленне акіяна можа нашкодзіць
Яшчэ больш нечаканым аказаўся вынік мадэлявання павышэння тэмпературы. У больш цёплай вадзе агульная маса кальмараў не расла, а, наадварот, змяншалася.
Навукоўцы тлумачаць гэта тым, што з павышэннем тэмпературы ў кальмараў паскараецца абмен рэчываў і ім патрабуецца больш энергіі. Але калі ежы пры гэтым больш не становіцца, яе можа проста не хапаць для падтрымання росту папуляцыі.
Таму аўтары мяркуюць, што рост папуляцый кальмараў за апошняе стагоддзе нельга растлумачыць пацяпленнем акіяна, а знікненне буйных драпежнікаў тлумачыць яго толькі часткова.
Іх галоўная перавага можа быць у здольнасці надзвычай хутка прыстасоўвацца да парушаных экасістэм.
Кальмары растуць прыкладна ў пяць разоў хутчэй за рыб, а жыццё многіх відаў доўжыцца ўсяго адзін-два гады. Такі кароткі жыццёвы цыкл дазваляе ім хутка размнажацца і аднымі з першых асвойваць экасістэмы, парушаныя празмерным рыбалоўствам, змяненнем клімату або абодвума фактарамі адначасова.
Аднак, як адзначаюць аўтары, іх мадэль не дазваляе дакладна прадказаць, што будзе адбывацца з кальмарамі па меры далейшага пацяплення акіяна ў рэальных умовах. Існуючых даных для гэтага недастаткова, а мадэль не ўлічвае некаторых важных фактараў. Напрыклад, з глыбінёй марская вада становіцца халаднейшай, а тэмпература істотна ўплывае на развіццё эмбрыёнаў кальмараў.
Каментары