Нерухомасць99

Прыватная рэзідэнцыя мільянера Тапузідзіса на Нарачы ФОТЫ

Бізнэсмен браўся пабудаваць на возеры гатэль і водны цэнтр.

Нарачанскі край — адно з самых маляўнічых месцаў у Беларусі. Штогод сюды прыязджаюць на адпачынак тысячы людзей. Турыстычны патэнцыял найбуйнейшага возера краіны дагэтуль не вычарпаны.

Улады ўзяліся за Нарач яшчэ ў сярэдзіне мінулага дзесяцігоддзя, калі была прынятая Дзяржаўная праграма экалагічнага аздараўлення возера на 2005—2008 гады. Пасля яе завяршэння і частковага выканання быў сфармуляваны чарговы дакумент — Дзяржаўная праграма развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна на 2011—2015 гады. Яе рэалізацыю ацанілі ў $140 мільёнаў.

Дзве траціны ад гэтай сумы выдзялілася з бюджэту, рэшту мусілі дакласці прыватнікі. Напрыклад, кампанія «Лект» бізнэсмена Андрэя Балабіна (яму належыць сетка крамаў тэхнікі «Пяты элемент») збіралася будаваць турыстычны комплекс у пасёлку Нарач, брокерскае аддзяленне «Атлант­-М» — базу адпачынку на возеры Вялікія Швакшты.

А вось участак пад забаўляльны водны цэнтр аддалі «Тытунь­-Інвесту». У ліпені 2010 года Аляксандр Лукашэнка прыязджаў на Нарач, каб агледзець пляцоўку пад аб’ект. Для заснавальніка кампаніі, мільянера Паўла Тапузідзіса была арганізаваная сустрэча з кіраўніком дзяржавы. Бізнэсмен паказаў яму макет будучага воднага цэнтра.

Што было ў тым праекце? «Тут плануецца пабудаваць гасцявыя дамкі (кожны на чатыры сям'і) у стылі XIX стагоддзя, а таксама стварыць цэнтр дайвінгу, аэраклуб», — пісала па выніках сустрэчы БелТА. «Гэта менавіта тое, што патрэбна для адпачынку лю­дзям», — падсумаваў тады Лукашэнка і прызнаўся, што сам з задавальненнем адпачыў бы ў такім месцы.

У выніку ў праект развіцця Нарачы на 2011—2015 гады запісалі, што «Тытунь­-Інвест» пабудуе гатэль і забаўляльны водны цэнтр агульным коштам $15 мільёнаў.

Час ішоў, а ніякай інфармацыі пра ход будаўніцтва не было. А вось чытачы «Нашай Нівы» паведамлялі пра актыўнасць «Тытунь-­Інвеста» ў нарачанскім краі.

«Там час ад часу лётаюць на белым верталёціку, катаюць па возеры вісклявых дзевак на банане за катарам ды перыядычна зліваюць памыі ў возера, ад чаго смурод даходзіць аж да суседняй вёскі. Пры гэтым, «прыватызаваўшы» здаравенны кавалак узбярэжжа ў Нарачанскім запаведніку», — скардзіліся ў Рэдакцыю.

Няўжо водны цэнтр ужо адкрыўся? У кампаніі «Тытунь-­інвест» доўга нават не маглі зразумець, пра які аб’ект ідзе гаворка.

Як высветлілася, Павел Тапузідзіс так і не пачаў будаўніцтва, пра якое абяцаў Аляксандру Лукашэнку. Мясцовыя ўлады чакалі год за годам, але марна. Намеснік старшыні Мядзельскага райвыканкама Леанід Берняковіч патлумачыў, што сёлета вясной участак быў адабраны ў інвестара.

Тады дзе ж мільянер «лётае на белым верталёціку»?

Калі Тапузідзіс запісваўся ў інвестыцыйную праграму Нарачы, ён ужо быў у фаварытах у мядзельскага кіраўніцтва.

За год да сустрэчы з Лукашэнкам на курорце бізнэсмен атрымаў зямлю на возеры Мядзел, суседнім з Нараччу. На гэтых 90 сотках каля вёскі Валочак «Тытунь-­Інвест» сабраўся будаваць аздараўленчы комплекс. Зямля дасталася на самым беразе — частка ў прыбярэжнай паласе, рэшта ў водаахоўнай зоне.

Колькі каштаваў Тапузідзісу гэты ўчастак?

Магчыма, у дакументы Нацыянальнага кадастравага агенцтва закралася прыкрая абдрукоўка, пакуль што там пазначана, што «Тытунь-­Інвест» штогод плаціць за зямлю «,87 USD». Акурат так, з коскай на пачатку. Альбо там 0 у пачатку, альбо нешта іншае.

Тэрмін арэнды склаў традыцыйныя 99 гадоў.

Турысту патрапіць на таямнічую тэрыторыю немагчыма. Гравійка да Тапузідзіса вядзе ад трасы Р27 «Мядзел—­Браслаў». Збоку застаецца возера Рудакова з базай адпачынку, якую марна спрабуе прадаць праз аўкцыён кампанія «Амкадор», пасля даводзіцца праехаць міма вёскі Валочак.

Чым бліжэй да пункта прызначэння, тым больш забаронаў. «Праезд забаронены». Пасля «Уезд забаронены». А нарэшце яшчэ і «Стоп», у дадатак да шлагбаума. Тых, хто ўсё ж прарвецца, чакае трохметровы плот. За ім — нібы не душы.

Мала што могуць расказаць пра новых суседзяў і вяскоўцы. Хоць пра тое, што там пабудаваўся менавіта «Тытунь-­Інвест», ведаюць усе.

Дамы аднавярховыя, не разлічаныя на вялікую колькасць наведвальнікаў.

Застаецца зазірнуць на закрытую тэрыторыю з паветра. На спадарожнікавым здымку відаць тры будынкі. Дарэчы, усе яны аднапавярховыя. Гасцей сустракае корпус для аховы і іншага персаналу. Услед за імі два жылыя збудаванні, а таксама альтанкі.

Уявіць, што гэта насамрэч аздараўленчы комплекс, складана, хоць абодва будынкі і аформленыя «для лячэбна­-прафілактычных і санаторна­-курортных мэтаў». Меншага з іх (на спадарожнікавым фота злева) наўрад ці хапіла б пад працэдурныя кабінеты, па плошчы ён як трохпакаёўка. Дый большы дом разлічаны хутчэй на вялікую сям’ю, чым на плынь адпускнікоў. Інфармацыі пра базу няма ні ў спісах турыстычных аб'ектаў, ні сярод медыцынскіх установаў.

Калі глядзець на базу з процілеглага боку возера, бачны спуск да вады і бел-чырвона-белы катар.

Няўжо замест воднага цэнтра і аздараўленчага комплексу «Тытунь-­Інвест» пабудаваў толькі прыватную рэзідэнцыю ў водаахоўнай зоне Мядзела?

***

Павел Тапузідзіс у рэйтынгу самых паспяховых і ўплывовых бізнесменаў Беларусі займае 4­-е месца.

Нарадзіўся 12 верасня 1956. Мае грэцкія карані, дзяцінства правёў у Грузіі. Пачаў бізнэс на вытворчасці цацачных самалёцікаў. У Беларусі арганізаваў кааператыў па выпуску пахавальных вянкоў, пасля заняўся вытворчасцю цыгарэт. Ягоны «Тытунь­-Інвест» — адзіная прыватная кампанія на цыгарэтным рынку. Бізнэс асаблівы, рашэнне аб тым, каб аддаць яго Тапузідзісу было прынятае на найвышэйшым узроўні.

Другі галоўны бізнэс — сетка гіпермаркетаў «Карона», прадстаўленая ў Мінску, Бабруйску, Барысаве, Брэсце, Віцебску і Салігорску. У склад гандлёвых цэнтраў уваходзяць крамы тэхнікі «Карона­-Тэхна» і крамы адзення «Модны Мол».

Гадлёва-­забаўляльны цэнтр «Замак», які знаходзіцца насупраць Палаца Незалежнасці, — найбольшы ў краіне, на ягоным верхнім паверху нават адкрытая лядовая арэна.

На беразе Заслаўскага водасховішча адкрыў элітны «Робінсан Клаб» — гатэль, рэстаран, клуб і спа­цэнтр. Наведнікам прапануюць прагулкі на верталёце.

«Робінсан-Клаб»

У часе прэзідэнцкай кампаніі­-2010 Павел Тапузідзіс быў старшынём камісіі на адным з мінскіх выбарчых участкаў.

Жонка Ірына ўзначальвае дабрачынны фонд «Крыніца дабрыні».

* * *

Гісторыя поспеху Паўла Тапузідзіса

Каментары9

Вы не паверыце, кім аказаўся «выпадковы» баяніст на вакзале, які спяваў пра Лукашэнку19

Вы не паверыце, кім аказаўся «выпадковы» баяніст на вакзале, які спяваў пра Лукашэнку

Усе навіны →
Усе навіны

Сын Канапацкай кіруе свінакомплексам, а дачка вучыцца ў Аўстрыі16

У Мінску адкрылі абноўлены інтэрнат Акадэміі кіравання ФОТЫ9

Малако значна павялічвае рызыку раку прастаты. А кефір і некаторыя іншыя малочныя прадукты — не19

За «анлайн-пікетаванне» будуць судзіць завуча Ляхавіцкай гімназіі, якую здала Бондарава3

На датэрміновым галасаванні зноў дадалі 10% за дзень10

Трамп хоча зменшыць сусветныя цэны на нафту, каб скончыць вайну ва Украіне10

Белкаапсаюз хоча завабліваць кліентаў размяшчэннем у сябе пунктаў выдачы Wildberries ці Ozon2

З еўрапейцаў смяяліся, а сонечная энергія сапраўды замяніла расійскі газ — пазітыўная статыстыка9

Міліцыя выпадкова выклала ўнутраны дакумент з аналізам медыя. Вось каго яны сёння чыталі і якія СМІ лічаць незалежнымі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вы не паверыце, кім аказаўся «выпадковы» баяніст на вакзале, які спяваў пра Лукашэнку19

Вы не паверыце, кім аказаўся «выпадковы» баяніст на вакзале, які спяваў пра Лукашэнку

Галоўнае
Усе навіны →