«Дарагая Матуля! Тут — проста Эўропа!… Не чакаў я столькі ад Менску!..» — пісаў у 1920 г. у Пецярбург малады чалавек, які неўзабаве стане найзнакаміцейшым у сьвеце кінарэжысэрам. Піша Андрэй Расінскі.
Як узгадваў будучы мастак, ягоны бацька быў «прадстаўніком каляніяльнай адміністрацыі», а на рыскіх дамах красаваліся нязграбныя імпэрскія статуі ад Міхаіла Эйзэнштэйна.
Але інжынэрную адукацыю ён ня скончыць.
Спачатку Эйзэнштэйна мабілізуюць на фронт, каб ён кіраваў будаўнічымі працамі, а пазьней расьпісваў цягнікі. А ў 1920 г. лёс закіне яго ў Менск, дзе «хлопчык з Рыгі» ўвойдзе ў патаемную ложу разэнкрайцэраў — і зробіць выбар, вызначальны для ўсёй гісторыі кіно.
Разэнкрайцэры ў Невелі
Да свайго зьяўленьня ў Менску, разэнкрайцэры атабарыліся пад Невелем, у Віцебскай губэрні (цяпер Пскоўшчына, на мяжы зь Беларусяй).
Кіраўнік ложы Барыс Зубакін (ордэнскае імя — Богары) у 1918 г. уцёк на Віцебшчыну зь Пецярбургу, ратуючыся ад голаду, безграшоўя і сямейных няшчасьцяў.
Як распавядаў Зубакін у ОГПУ, спрабуючы зарэгістраваць (!) гурток містыкаў‑анархістаў, арганізаваная на Ўсходзе школа разэнкрайцэраў зьявілася ў Эўропе ў ХІІ ст. «Эмблема — Ружа і Крыж — азначае сумяшчэньне «Ружы» — ведаў, культуры — з крыжам рэлігійнага падзьвіжніцтва, містычных досьведаў і пошукаў», — тлумачыў Богары галоўныя сымбалі руху. Але да царквы містыкі‑анархісты ставяцца рэзка адмоўна.
У нашчадкі разэнкрайцэраў былі залічаныя рыцары Мальты, тампліеры і масоны, «якія напладзілі процьму цемрашальных школаў». Сярод сваіх духоўных папярэднікаў Зубакін узгадваў Вільгельма Постэля, Марцінэса‑Паскваліса (які ў ХVIII ст. заснаваў ордэн марціністаў), ягонага вучня Сэн‑Мартэна дый Жэрара‑Экаса.
Непасрэдным настаўнікам Зубакіна быў чэх Аляксандар фон Кордыг, службовец аптэкарскай фірмы «Штоль і Шміт» у Пецярбургу. На працягу году, да 1916, стары Кордыг, які быў ужо пры сьмерці, вучыў 21‑гадовага адэпта Кабале, арканам Таро і містычнай філязофіі. Вучань абараніў дысэртацыю «Пра імёны Божыя ў кабалістычных сэктах» — і атрымаў дыплём тайнага інстытуту свабодных мастацтваў.
З 1918 году Барыс Зубакін атабарыўся на хутары Зацішша, пад Невелем, у старой Пелагеі Вярбіцкай. Сьціпла працаваў вясковым настаўнікам і завяршаў дысэртацыю па філязофіі рэлігіі.
У 1919 г. на Віцебшчыну прыехаў яго сябар па гімназіі Валошынаў з хворай маці — і Ордэн аднавіўся. У суседняй сядзібе Атраднае жыў яшчэ адзін іхны гімназічны сябра, Уладзімер Ругевіч, які вёў узорную гаспадарку. Побач, на сваім гародзе, атабарыўся мастак Ян‑Рафаіл Буйніцкі, які толькі‑толькі вярнуўся з Італіі з жонкай, былой сьпявачкай Адэляідай Крунэк. Дзед Буйніцкага быў масонам — і старога мастака абралі ганаровым кіраўніком, Гросмайстрам і Вярхоўным справаводцам «LA».
На прыродзе невельскія разэнкрайцэры займаліся тэорыяй акультызму, тэхнікай дыханьня, сьпявалі й пісалі паэмы. Зь Невелю да гуртку далучыўся Іван Цурыкаў і бактэрыёляг Георгі Кульбін, які калісьці слухаў лекцыі Барыса Зубакіна. Сярод іншых удзельнікаў сустрэчаў Богары таксама ўзгадваў «каморніка Кражэвіча, які прыяжджаў у Атраднае, ды прыяцеля Вярбіцкай хутараніна Ластоўскага. Філёзаф Міхаіл Бахцін — слынны стваральнік тэорыі дыялёгу й карнавалу — да раніцы заседжваўся ў Богары за кубкам гарбаты.
Але ў іерафанта разэнкрайцэраў былі ўсе падставы крыўдаваць на свайго віцебскага сябра. Бахцін зьвёў з гуртка калегу й найлепшага вучня Зубакіна Валянціна Валошынава. Пад імём Валошынава выйдуць дзьве кнігі Бахціна «Фрайдызм» і «Марксізм і філязофія мовы», якія ня будуць мець нічога супольнага з акультнымі экспэрымэнтамі Ордэну.
У ліпені 1920 невельская ложа канчаткова распалася, калі хворага Зубакіна мабілізавалі ў Чырвоную армію лектарам.
Менск, 1920
Менск 1920 году, дзе сустрэліся будучы рэжысэр Сяргей Эйзэнштэйн і іерафант разэнкрайцэраў Богары, быў маленькім, чысьценькім, эўрапейскім горадам.
Эйзэнштэйн, захлёбваючыся, пісаў пра электрычнасьць, парыскія моды, багацьце тавараў і нізкія цэны.
Як узгадвала Вера Нікіціна (жонка мастака Леаніда Нікіціна), якая ў гэты самы час трапіла ў горад, «тады яшчэ існаваў менскі кірмаш, на якім гандляркі‑габрэйкі хапалі мінакоў за крысо паліто і пінжакоў, каб навязаць свой тавар. У адзін са сваіх рэдкіх шпацыраў я прыйшла на бераг ракі, што працякала праз горад. Маю ўвагу прыцягнуў вялікі натоўп народу. Паабапал ракі чынна, шэрагамі стаялі габрэі ў даўгіх сурдутах, у кацялках, усе з пэйсамі і мармыталі штосьці па сваіх малітоўніках. Потым я даведалася, што гэта было сьвята, калі яны ўзгадвалі свой «плач на рэках Бабілёнскіх». Горад быў амаль суцэльна з габрэйскім насельніцтвам, паўсюль гучала характэрная гутарка…»
У Менску Эйзэнштэйн пасьпяхова вылечыў зубы й набыў боты, якія ў Пецярбургу каштавалі ў тры разы даражэй.
Ложа разэнкрайцэраў у Менску. Зьлева направа: Іван Смолін, Барыс Плетнер, Барыс Зубакін, Павал Арэнскі, Сяргей Эйзэнштэйн |
Неўзабаве пасьля прыходу Чырвонай арміі цэны падскочаць, а тавары зьнікнуць, а пакуль Эйзэнштэйн, які быў неблагім графікам, расьпісаў пяць цяплушак «усялякімі папамі, Антантамі й ідэалізаванымі чырвонаармейцамі», рабіў дэкарацыі для тэатру ды падпрацоўваў карыкатурыстам у Літаратурным выдавецтве. Матулі Сяргей скардзіўся на неспрыяльныя міжнародныя абставіны, пры якіх карыкатуры на Польшчу не праходзілі: «Маленькіх газэтных карыкатураў прынята ад мяне на 6.000 (8 малюнкаў!), але толькі на 1.500 дапушчальна пры добрых з Польшчай стасунках!»
Галоўнага тэатральнага рэжысэра (найхутчэй, гэта быў кіраўнік франтавой трупы Дняпроў, але мог быць і Еўсьцігней Міровіч) Эйзэнштэйн хваліў і хадзіў на ўсе ягоныя рэпэтыцыі («у нас цудоўны рэжысэр!»).
Ягоныя выказваньні пра актораў сьціплейшыя: «Праз гадзіну пасьля пачатку рэпэтыцыі я шалею ад гэтых гнюсаў‑актораў (у нас толькі 2—3 добрыя), такіх неўспрымальных, нячулых… Часам зайздрошчу, што ў мяне няма голасу для сцэны».
У тэатры ставілі забытую сёньня п’есу «Вера Мірцава». І менавіта ў будынку гарадзкога тэатру чытаў лекцыю пра сьмех прафэсар Зубакін.
У 1917 г. тут адбыўся Першы Ўсебеларускі сход, які прывёў да абвяшчэньня БНР, а незадоўга да прыходу чырвоных на сцэне выступалі з дакладам сябры Богары па Рэлігійна‑філязофскім таварыстве Дзьмітры Меражкоўскі й Зінаіда Гіпіус.
У мэмуарах, складзеных у 1946 г., Эйзэнштэйн зь вялікай іроніяй піша пра свайго акультнага выхавацеля. Але ў лістах да матулі інтанацыя яшчэ іншая:
«Меў тут вельмі цікавую сустрэчу, якая перайшла ў блізкае сяброўства нас траіх з асобай цалкам незвычайнай: вандроўным арцыбіскупам Ордэну Рыцараў Духу… Ён бачыць астральнае цела ўсіх і па ім можа пра чалавека гаварыць самыя патаемныя думкі. Мы ўсё выпрабавалі гэта на сабе. Цяпер заседжваемся да чацьвёртай, пятай раніцы над вывучэньнем кніг мудрасьці Старажытнага Эгіпту, Кабалы, Асноваў Вышэйшай Магіі, акультызму… Веды яго проста бязьмежныя…».
Узгаданыя ў лісьце браты Эйзэнштэйна па Ордэну — гэта мастак, тэарэтык нэавіталізму Леанід Нікіцін і маскоўскі пісьменьнік Павал Арэнскі (у мэмуарах — «сын аднаго з другасных рускіх кампазытараў»). Калегамі па лёжы таксама былі авантурнік Барыс Плетнэр («здэгенэраваны расейскі арыстакрат зь нямецкім прозьвішчам») і актор Іван Смолін, з казанскіх стараабрадцаў.
Эйзэнштэйн хацеў займацца мастацтвам — і разьлічваў на маскоўскія сувязі Паўла Арэнскага; прыкрыцьцём для вандроўкі ў Маскву былі курсы японскай мовы пры Генэральным штабе, на якія паступілі Арэнскі, Эйзэнштэйн і Нікіцін.
«Зь Менскам разьвітваюся бяз жалю — цэны тут неверагодна падняліся: учора ўжо апячаталі ўсе крамы. Гандаль замірае. Пытаньне дроваў будзе жахлівым…» — пісаў Эйзэнштэйн у лісьце ад 20 верасьня.
Пралетарская практыка сацыялістычнага акультызму
У Маскве акультныя заняткі аднавіліся ў новым складзе.
«Сярод новых адэптаў — Міхаіл Чэхаў і Смышляеў. У халоднай гасьцёўні, дзе я сплю на куфры, — гутаркі.
Цяпер яны набываюць хутчэй філязофскі ўхіл. Усё часьцей узгадваецца Рудольф Штайнэр. Валя Смышляеў спрабуе намаўленьнем паскорыць рост маркоўных каліваў. Павал Андрэевіч [Арэнскі] захоплены гіпнозам. Усе трызьняць ёгамі. Міхаіл Чэхаў сумяшчае фанатычны празэлітызм з блюзьнерствам», — узгадвае Эйзэнштэйн у сваіх мэмуарах. (Неўзабаве актор і рэжысэр Міхаіл Чэхаў эмігруе з савецкай Расеі.)
«Я то гатовы лопнуць ад нуды, то разарвацца ад сьмеху, — падсумоўвае акультны досьвед Сяргей Эйзэнштэйн. — Нарэшце, мяне абвяшчаюць «вандроўным рыцарам» — выдаюць мне вольную — і я стараюся раскінуць маршруты сваіх вандровак надалей ад разэнкрайцэраў, Штайнэра, Блавацкай».
Але менавіта сябры па ложы рэжысэр Смышляеў і мастак Нікіцін склалі пратэкцыю Эйзэнштэйну на спэктаклі «Мэксіканец», які ён дэкараваў. У сваім майстэрстве Эйзэнштэйн перарасьце й Смышляева, і Нікіціна (і новага настаўніка — Мэерхольда), але старыя веды нікуды не падзенуцца.
"Разэнкрайцэраўскае" дабраслаўленьне рэжысэраў |
Цырымонія разэнкрайцэраўскага «пасьвячэньня ў рыцары» ператворыцца ў жартаўлівы рытуал «дабраслаўленьня рэжысэраў», які будзе даваць Эйзэнштэйн сваім ВГІКаўскім вучням. А акультныя штудыі — разам з падручнікам эмбрыялёгіі, «Духоўнымі практыкаваньнямі Ігнація Ляёлы», кітайскай філязофіяй, статыстыкай колераў у Гогаля дый іншымі энцыкляпэдычнымі зьвесткамі — пойдуць у падмурак для выхаваньня маладых творцаў. (Курс распрацаваны самім Эйзэнштэйнам.)
Атрыманыя ў Менску акультныя навыкі саступяць месца авангардным экспэрымэнтам, і Эйзэнштэйн выйдзе на тэрыторыі, дасюль невядомыя ані мастацтву, ані патаемным таварыствам.
Але актыўная апрацоўка псыхікі гледача, мізансцэны, у якіх чалавек — толькі гіерогліф агульнага рытму, непрыязнасьць да царквы — і небясьпечная ўвага да архаікі супадаюць са старымі захапленьнямі.
Ад дэбютнай стужкі «Страйк» (1924) да рэвалюцыйнага «Браняносца «Пацёмкіна», 1925 (фільм справакаваў бунт на галяндзкім караблі, а былы жаўнер, які ў 1905 разганяў дэманстрацыю, «плакаў за свае злачынствы на Адэскай лесьвіцы»), кананічнага «Кастрычніка» (1927), кадры зь якога ўвайшлі ў савецкія пад ручнікі па гісторыі, як сапраўдныя дакумэнты.
У 30‑ыя гады Эйзэнштэйн шакаваў савецкую публіку прызнаньнем, што для стварэньня «вяршыннага» рэвалюцыйнага мастацтва трэба выкарыстоўваць «нізінную» першабытную сьвядомасьць. (Выкрыцьцё каштавала Эйзэнштэйну сталінскага ордэну, які ён мусіў атрымаць.) Між тым, правіла «тое, што наверсе, тое і ўнізе» ёсьць падставовым акультным прынцыпам. Прыгнечаны Эйзэнштэйн, які зноў наткнуўся на знаёмыя «рэгрэсіўныя зьявы», нават хацеў кінуць мастацтва, але знаны псыхоляг Леў Выгоцкі (ураджэнец Воршы) яго адгаварыў.
У 1929 годзе Эйзэнштэйн зьехаў за мяжу, каб вывучаць гукавое кіно. У Эўропе каманда Эйзэнштэйна, Аляксандрава й Цісэ, падпрацоўваючы халтуркай, зьняла першы ў сьвеце музычны кліп (з палюбоўніцай жамчужнага караля Марай Гры) і выпусьціла прапагандовую стужку пра карысьць абортаў.
Галівуд быў зьляканы ідэямі Эйзэнштэйна па экранізацыі «Амэрыканскай трагедыі» (у 60‑я ўвасобяцца распрацаваныя Эйзэнштэйнам прыёмы «ўнутранага маналёгу» ў кіно). Затое ў Мэксыцы Эйзэнштэйн адарваўся напоўніцу.
Стужка «Жыве Мэксіка!», якая нагадвала рэжысэру пра тэатральны дэбют пад апекаю сяброў‑разэнкрайцэраў, была нястрыманым карнавалам, калі ў Дзень памерлых (аналяг нашых Дзядоў) жыцьцё перамагае сьмерць. Каталіцкае барока, ацтэкскія піраміды, танец карыды, экстаз Веры — і пачуцьцёвасьць. Карціна мусіла стацца найлепшай у творчасьці Эйзэнштэйна, але яна так і не была змантажаваная.
Сталін, разьюшаны чуткамі, што Эйзэнштэйн, маўляў, здымае фільм пра Сталіна, ультыматыўна загадаў рэжысэру неадкладна пакінуць Мэксіку.
Карціна «Бежын луг», зьнятая ў разгар сталінскіх рэпрэсіяў (1935—37), сталася самым адыёзным, самым асабістым і самым разэнкрайцэраўскім фільмам Сяргея Эйзэнштэйна. Стужка пастаўленая паводле гісторыі Паўліка Марозава.
Цэнтральная сцэна фільму — разгром царквы. Хруст выдранага алтара, зьнятыя абразы — і шчасьлівыя твары людзей, якія зьзяюць праз садраныя аклады. Вызваленая зграя белых галубоў, якая ўздымаецца над спляжанаю царквой.
Падчас здымак Эйзэнштэйн нечакана захварэў. Лекары, якія баяліся чумы й воспы, пасадзілі рэжысэра ў ізалятар і «кармілі, як арангутанга, праз краты».
Неўзабаве фільм быў працягнуты — і забаронены «за містыцызм і фармалізм». Сталіну асабліва не спадабалася, што паранены піянэр забірае ў бацькі вінтоўку і даруе ўласнае забойства.
«Мы ня можам дапусьціць, каб кожнае дзіця рабіла, як савецкая ўлада!» Стужка не захавалася — і ў 1967 годзе па зрэзках быў створаны фотафільм.
За «містыцызм» Эйзэнштэйн мусіў публічна каяцца, зьняўшы «Аляксандра Неўскага» (1938).
У фінальнай карціне «Іван Жахлівы» (1944—45) Эйзэнштэйн з трагедыйнай веліччу паказаў, як тыран губляе душу, апантаны абсалютнай уладай.
Першую сэрыю дыктатар праглынуў, як нажыўку, і прывеціў сваім ордэнам. Бізантыйская раскоша, змовы, палац ворага‑Жыгімонта, як шахматная дошка… Але стары сябра па ложы, Міхаіл Чэхаў, раскусіў небясьпечную задуму й даслаў Эйзэнштэйну натхнёнае віншаваньне.
Другая сэрыя выклікала шал. «Ня ведае гісторыі!» — крычаў Сталін, раззлаваны асуджэньнем апрычніны і лютым царом‑марыянэткай. «Гэта проста нейкія хлыстоўскія скокі!» — дадаваў Берыя, пакрыўджаны фінальнаю сцэнай.
Трэцяя сэрыя была скасаваная. Другую было загадана перарабіць.
Ад арышту Эйзэнштэйна выратавала толькі сьмерць.
Памёр Сяргей Эйзэнштэйн ад сардэчнага прыступу, пад агромністай выявай ацтэкскага бога Кецалькаатля, у 50 гадоў, — як і насурочыў рэжысэру галівудзкі хірамант Кіру.
Эйзэнштэйн на здымках "Івана Жахлівага" |
Зь менскага ліста Эйзэнштэйна
«Менск, 4/VIII‑20 Гатэль Лівадыя
Тут — проста Эўропа. Зусім свабодна прадаюцца, напрыклад, лімоны (і толькі 350 р. штука!), бульбяная мука (200 р.!), рыс (1400 р.), міндаль, чарнасьліў, грэцкія арэхі, цыкоры, шакаляд (ад 600 р. («хатні» нямецка‑польска‑ваенны‑какава‑мёд) да 4.000 р. — сапраўдны Cailer!), эмаляваны посуд, падцяжкі, бялізна (ідэальная), булкі (200 р. штука) etc. Ёсьць «кава», сапраўдная, сельтэрская, з экстрактам (15 р. шклянка). Сода ледзьве ня ў кожнай краме (1000 р. фунт). Агулам — усё, акрамя грошай. Але, мабыць, будзе магчымасьць добра зарабіць, хаця мой асноўны аклад вельмі маленькі — 3.600 р. (бо я не атрымліваю 100% на касьцюмы, як акторы). Уваходжу ў Прафэсійны Зьвяз Работнікаў Мастацтва, прафэсія — мастак, спэцыяльнасьць — дэкаратар, майстар пастановак!
Ехалі са Смаленску — тыдзень. Тры дні стаялі ў знакамітым спаленым Барысаве. Усе станцыі на шляху (і вакзал Менску) спаленыя дашчэнту, масты разбураныя — паўсюль часавыя. Сам Менск, акрамя ўсіх апісаных «атракцыёнаў», сам па сабе, — чароўны: чысьцюткі эўрапейскі гарадок, нават з «архітэктурай», таксама новай — імпэрыя ў Эўропе. Ці доўга працягнуцца ўсе гэтыя цуды й вабноты — ня ведаю. (Прыпіска на палях: Днём і ўначы электрычнасьць! Эўропа! Ёсьць нават Парыскія моды лета 1920 г.)
Пераклад зроблены з выданьня: Никитин А.Л. Московский дебют Сергея Эйзенштейна (1920‑1921). М.: «Интеграф Сервис», 1996, с.21‑23. Пераклаў Андрэй Расінскі
З мэмуараў
Я ніколі не забуду памяшканьня «ложы ў Менску»!
У прахадным двары — аднапавярховы дом, заняты пад чырвонаармейскі пастой.
Некалькі пакояў з ложкамі, анучамі, абмоткамі, гармонікам і балалайкай.
Чамусьці заклапочаныя й задумлівыя чырвонаармейцы.
Маленькія дзьверы далей.
За дзьвярыма штосьці кшталту былога кабінэту зь пісьмовым сталом з адарванымі дзьверцамі.
Далей яшчэ дзьверы ў зусім маленькі пакойчык.
Мы прыходзім туды — некалькі чалавек.
Агромністага росту, былы анархіст, здэгенэраваны расейскі арыстакрат зь нямецкім прозьвішчам. Няўдачнік — сын аднаго з другасных расейскіх кампазытараў. Актор Смолін зь перасоўнай франтавой трупай. Паміж выкананьнем ролі Мірцава ў п’есе «Вера Мірцава» (той п’есе, што распачынаецца са стрэлу ў цемры, якім жонка пракурора забівае палюбоўніка, і п’еса будуецца на тым, як крок за крокам пракурор упэўніваецца, што забойца — ягоная жонка) — ён лечыць мігрэні накладаньнем рук і гадзінамі глядзіць у крышталёвы шар у сваім нумары гатэлю.
Трэнькае за дзьвярыма балалайка.
Грукаюць кацялкі зь вячэраю з паходнай кухні ў двары.
А тут — накінуўшы белую кашулю на гімнасьцёрку і абмоткі — тройчы жазлом ударае ў падлогу цыбаты анархіст.
Апавяшчае, што «біскуп Богары гатовы нас прыняць».
Абмываньне ног пасьвячоным рукамі самога біскупа.
Дзіўная парчовая мітра і кшталту эпітрахілі на ім.
Нейкія словы.
І вось мы, узяўшыся за рукі, праходзім каля люстэрка.
Люстэрка пасылае саюз наш у… астрал.
Балалайку за дзьвярыма зьмяняе гармонік.
Чырвонаармейцы ўжо вясёлыя.
Іхная туга была чаканьнем вячэры.
А мы ўжо… рыцары.
Разэнкрайцэры.
Пераклад зроблены з выданьня: Эйзенштейн С.М. Мемуары. Том первый. М.: Редакция газеты «Труд», Музей кино, 1997, с. 61‑63. Пераклаў Андрэй Расінскі. Фатаграфіі ўзятыя з гэтага ж выданьня
Каментары