Спорт33

Дзмітрый і Марыя Валенты: самая баяздольная сям’я Беларусі

Ён — сусветна вядомы топавы тайбаксёр. Яна вяртаецца на прафесійны рынг пасля сканчэння факультэта міжнародных адносінаў БДУ.

Жыўцом паглядзець на іх паядынкі можна ў Мінску 13 верасня. Турнір, дзе яны возьмуць удзел, будзе транслявацца на ўвесь свет. У будынку цырка на праспекце Незалежнасці выступяць такія сусветныя знакамітасці, як таец Буакаў і паўднёваафрыканец Уорэн Стэвелманс. Ды і зоркі муай-тай з Беларусі выступаюць часцей у Азіі і Заходняй Еўропе, чым дома.

Дзмітрый Валент у тытульным супрацьстаянні сустрэнецца з тайскім прафесіяналам Паномам. Зрэшты, да цяжкіх паядынкаў беларус прызвычаены. Ён неаднаразовы чэмпіён свету сярод аматараў і прафесіяналаў у розных аўтарытэтных версіях. На рынгу Дзмітрый нагадвае разважлівую артылерыйскую гаўбіцу. Найчасцей ён марудна, па-беларуску падбіраецца да саперніка, але калі пачынае страляць, то гэта па-сапраўднаму адчувальна. Збянтэжыць Валента вельмі складана. Але і ён у супрацьстаяннях з некаторымі топамі, бывала, запозна ўключаў турбіну. І ў роўных баях на чужой тэрыторыі часам атрымліваў паразы судзейскім рашэннем. Але многія марылі б пра такія баі больш, чым пра чэмпіёнскія паясы.

Валент выходзіў у рынг, бадай, з усімі самымі моцнымі. І, як кажуць, ніколі не быў у крытычным становішчы. Падобна да таго, што саперніка, які мог бы па-сапраўднаму збіць гэтага дужага беларуса, няма.

— Але з тае прычыны, што мне не ўсіх найлепшых удавалася перамагаць, хочацца далей развівацца ў кірунку спорту. Гэта ўлюбёная справа. Пакуль ні ў чым сябе больш не бачу, — дзеліцца думкамі Дзмітрый. — Мая мара на будучыню — адкрыць сваю залу. Як мне здаецца, гэта дапамагло б краіне, людзям, бо ў нас ёсць праблемы са здароўем. Бадзянне падлеткаў па дварах, наркотыкі і алкаголь. Я сам праз гэта ўсё прайшоў, але ў 16 гадоў стаў на правільны жыццёвы шлях.

— І што такога дрэннага вы рабілі, калі былі падлеткам?

— Усё было. Быў такім вулічным хлопцам…

— Так ужо і ўсё! Што, цяжкія наркотыкі вы ў кампаніі спажывалі ці што? — далучаецца да гутаркі жонка Марыя.

— Не, канечне, трымалі сябе ў межах. Але калі ў маім жыцці з’явіўся муай-тай, усё гэта нявызначанае бадзянне і эксперыменты сышлі ў мінулае. Рэзка паўстала мэта стаць чэмпіёнам. Я запаліўся.

«Як ні дзіўна, траўмаў у муай-тай менш, чым у футболе і хакеі»

Валенты расказваюць пра месца, дзе жывуць — раён вуліцы Ангарскай, які ў народзе мае нядобрую славу. Але сям’і тут нармальна. Пры гэтым Дзмітрый дзеліцца назіраннямі, што побач з іх домам няма ніякай байцоўскай залы, а моладзі, якая магла б туды прыйсці, вельмі шмат.

Толькі ў аўтамеханічным вучылішчы каля МАЗа ёсць клуб, дзе трэніруе Віталь Цішураў (вучань знакамітага байца Юрася Булата — рэд.). Але гэтага недастаткова, — апісвае сітуацыю з развіццём спорту ў сваім мікрараёне чэмпіён. — Самае галоўнае, як я ўжо сказаў, не толькі ўмацоўваць дзяцей фізічна, але і ставіць іх на правільны жыццёвы шлях…

— Аднак не кожны пойдзе на муай-тай. Усё ж існуюць забабоны, што тут можна траўмаваць галаву, адбіць канечнасці…

— Насамрэч, калі ўзяць табліцу траўманебяспечнасці, то футбол і хакей апераджаюць тайскі бокс. Там, як ні дзіўна, больш падзенняў, нечаканых удараў, пашкоджанняў, — Дзмітрый апелюе ведамі, атрыманымі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. — У тайскім боксе цела падрыхтоўваецца абсалютна па-іншаму, ёсць абарончая амуніцыя — шлемы, камізэлькі, налакотнікі. Для здароўя, калі ўсё рабіць правільна, нават прафесійны спорт — гэта добра. Пры наяўнасці нейкіх праблемаў ты ўсё адно жывеш у здаровым рэжыме, не спажываеш наркотыкі, алкаголь. Да таго ж муай-тай сам па сабе не дарагі. Купіў экіпіроўку за 100 долараў. І калі займаешся як аматар, то хапае на тры-чатыры гады. А аплата трэніровак у месяц каштуе 30-35 долараў. Я лічу, гэта няшмат.

— Сапраўды, гэта не тое, што купляць экіпіроўку для хакеіста ці аплачваць заняткі па вялікім тэнісе.

Да таго ж для Беларусі гэта традыцыйны і асаблівы від спорту, — не перастае рабіць рэкламу баец. — Вось на апошнім чэмпіянаце свету ў Малайзіі было 105 краін. Мы прыехалі ў няпоўным складзе. Юніёры занялі першае агульнакаманднае месца. Дарослыя — другое.

Дарэчы, пра здароўе беларусаў і неабходнасць выхоўваць моладзь Дзмітрый Валент загаварыў толькі ў гэтым годзе. У многім на гэта паўплываў публічны прыклад іншых аўтарытэтных спартоўцаў — Гуркова, Герасімені, Радзівонава…

— Беларускія прозвішчы на форме тых жа футбалістаў — гэта добрая справа. Проста так склалася цягам пакаленняў, што мову нам замянілі. Мне яшчэ пяць гадоў таму няёмка было па-беларуску размаўляць. Але сітуацыя змянілася. Мы жывём тут. Гэта Радзіма наша!

Тут жа гутаркі падключаецца жонка Марыя і выказвае сямейны пункт гледжання на патрыятызм:

— З узростам мы пачалі больш цікавіцца гісторыя сваёй нацыі. Гэта аб’ядноўвае. Тое, што мы беларусы, а не рускія, напрыклад. І сорамна, што мы збольшага не можам правільна размаўляць на сваёй мове. Паміж пакаленнямі прорва. Мы не прытрымліваемся сваіх традыцый.

«Працавала да 5 гадзін у аэрапорце, потым ехала на трэніроўку»

СМІ шырока напісалі пра сям’ю Валентаў год таму, калі яны пабраліся шлюбам. Здарылася гэта па вяртанні з чэмпіянату Еўропы, дзе і жаніх, і нявеста заваявалі залатыя медалі. Да таго кантынентальнага першынства Марыя адсутнічала на рынгу некалькі гадоў, бо не магла сумяшчаць трэніроўкі з навучаннем на факультэце міжнародных адносінаў БДУ. Але да байцоўскіх адзінаборстваў у дзяўчыны заўсёды была асаблівая цяга.

— З дзяцінства займалася бальнымі танцамі, сінхронным плаваннем і валейболам. Але мне чамусьці падабаліся фільмы з жанчынамі-ваярамі, — згадвае Марыя. — І вось у 10-м класе, калі я сама змагла выбіраць тое, што мне падабаецца, пайшла на тайскі бокс. Бацька не быў супраць і заўсёды прыходзіць на ўсе спаборніцтвы, якія праходзяць у Мінску. А мама баіцца.

— Няўжо пасля сканчэння БДУ вы канчаткова вярнуліся ў спорт?

Насамрэч я працую у Дзяржаўным мытным камітэце, у аддзеле афармлення. Праца самая сапраўдная, хоць кіраўніцтва ішло мне насустрач, каб я магла трэніравацца. Пераводзілі ў розныя падраздзяленні. Але ўсё гэта няпроста. За два тыдні да мінскага турніру мне давялося ўзяць адпачынак. Праз спорт другі год мора не бачу. А яшчэ і муж скардзіцца, што не паспяваю гатаваць, а сяброўкі — што не тэлефаную.

— Як выглядала ваша падрыхтоўка да таго, як узялі адпачынак?

— Працавала да 5 гадзін у аэрапорце, потым ехала на трэніроўку да Дзімы ў клуб «Кік-файтэр». Бо ў маім клубе (Марыя займаецца ў канкуруючым «Патрыёце») улетку не заўсёды можна было знайсці спарынг-партнёраў. Таму муж дамаўляўся з юніёрамі, каб яны падыходзілі ў патрэбны час і стаялі са мной у парах. Рыхтуюся да двубою настолькі сур’ёзна, наколькі магу. Мая кітайская саперніца моцная і мае ў прафесійным рэкордзе шэраг накаўтаў.

— Усё адно дзіўна, як вам удаецца спалучаць паўнавартасную працу з прафесійным спортам…

— Задумваюся, канечне, пра дзяцей. Але многія нашы дзяўчаты сыходзілі ў сямейнае жыццё, а потым вярталіся ў муай-тай і доўга выступалі. Напрыклад, мая першая ў жыцці саперніца, праграміст з Магілёва Алена Муратава, толькі займацца пачала ў 25 гадоў. Была і чэмпіёнкай свету, і прызёрам. Цяпер ёй 35, мае адказную працу, але ўвесь час трэніруецца і знаходзіцца ў добрай форме.

На развітанне сям’я Валентаў паабяцала, што 13 верасня падчас турніру для сваіх беларускіх заўзятараў падрыхтуе прыемны сюрпрыз. Які менавіта, трымаецца ў таямніцы.

Каментары3

Цяпер чытаюць

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай36

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай

Усе навіны →
Усе навіны

Яшчэ дзве беларускія фрыстайлісткі выступяць на Алімпіядзе. Склад беларускай дэлегацыі ў Італіі выключна жаночы

Рагачоўская ці глыбоцкая, калдуны ці дранікі, Гродна ці Брэст? Арына Сабаленка адказала на прынцыповыя для беларуса пытанні16

Удава з Індыі кажа, што трапіла ў бяду ў Беларусі і яе трымаюць у нейкім кароўніку12

У парку жывёл ля Баранавічаў можна паабдымацца з капібарай за 100 рублёў3

«Бог вельмі ганарыцца працай, якую я зрабіў». Трамп вылецеў на Сусветны эканамічны форум у Давосе10

Святлана Ціханоўская завяла трэдс. Што ёй пішуць беларусы?15

Расійская ракета СПА трапіла ў жылы дом у Адыгеі10

Прэм'ер Канады: Стары сусветны парадак не вернецца, сярэднім дзяржавам трэба трымацца разам4

Пад Барселонай сышоў з рэек цягнік, загінуў машыніст, дзясяткі людзей паранены2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай36

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць