Тэатр44

Колькі беларускамоўных спектакляў у рускамоўных тэатрах і якіх?

Пачуць беларускую мову з айчыннай тэатральнай сцэны — няпростая задача. Толькі ў шасці дзяржаўных тэатрах спектаклі ідуць выключна па-беларуску. Але ў астатніх яны, на жаль, рэдкія госці.

Спачатку колькі фактаў, каб увесці чытачоў у курс справы. У Беларусі працуе 29 дзяржаўных тэатраў (прыватныя – тэма асобнай размовы). Выключна па-беларуску спектаклі ідуць у Купалаўскім тэатры і Тэатры юнага гледача (у Мінску), у Нацыянальным драматычным тэатры імя Коласа і Беларускім тэатры «Лялька» (у Віцебску), амаль усе спектаклі — у Слонімскім дзяржаўным тэатры і Мінскім абласным тэатры лялек «Батлейка» (у Маладзечне). Далейшая гаворка — пра ўсе астатнія калектывы.

Якая сітуацыя назіраецца ў іх рэпертуары? На першы погляд, беларускамоўных спектакляў няма хіба толькі ў рэпертуары Гомельскага маладзёжнага тэатра і Мазырскага драматычнага тэатра імя Мележа. Але колькасць такіх спектакляў у астатніх калектывах можна пералічыць па пальцах адной рукі. У Рускім і Музычным тэатрах ёсць па адной двухмоўнай пастаноўцы (адпаведна, «Пясняр» і «Соф’я Гальшанская»). У рэпертуары Гомельскага і Магілёўскага абласных тэатраў, сталічных Опернага і Маладзёжнага — усяго па адной назве (адпаведна, «Сымон-музыка», «Камедыя», «Сівая легенда» і «Вясёлы кірмаш»). Чаму так адбываецца?

Не паважаем сваё

Доўгія дзесяцігоддзі, а то і стагоддзі існавання пад польскай, расійскай і савецкай уладай адвучылі беларусаў шанаваць сваіх творцаў. Замежная прадукцыя заўжды здаецца ім больш прывабнай, а ўласная – другаснай. Дзеля тлумачэння прывяду прыклад, сведкам якога быў сам. У 2006 годзе будынак Нацыянальнага тэатра оперы і балета закрыўся на рамонт. Тры гады оперная трупа давала свае спектаклі ў Доме афіцэраў, балетная – у Палацы Рэспублікі. Умяшчальнасць апошняга – каля 2 тысяч месцаў. Калі балетная трупа паказвала «Спартака», «Кармэн-сюіту» або «Рамэа і Джульету», зала была поўная. Як толькі ў афішы з’яўлялася нацыянальная класіка – «Ціль Уленшпігель» Глебава або «Рагнеда» Мдывані – шэрагі ззялі прагаламі. Ці былі гэтыя пастаноўкі слабымі? Ні ў якім выпадку! Так, «Рагнеда» у нечым саступала раней названым пастаноўкам, але гэта прадмет спрэчкі для крытыкаў, а не для шараговай публікі. Кажуць, праблемы з наведвальнасцю назіраюцца і з операй «Сівая легенда». Пакуль гледачы не пачнуць паважаць сваё (а для гэтага патрабуецца як доўгая асветніцкая праца, так і паступовая змена псіхалогіі), у Оперным і Музычным тэатрах будуць нячаста ставіць айчынныя творы.

Гледачы не разумеюць?

Амаль кожны беларускамоўны чытач усміхнецца, прачытаўшы такі падзагаловак. Маўляў, як можна не разумець беларускую мову? Сапраўды, нават у рускамоўным чалавеку, які жыве ў Беларусі, яна жыве на генетычным узроўні. За гады назірання за тэатральным працэсам сустракаў усяго некалькі выпадкаў, калі гледачы перакладалі адно аднаму фразу за фразай. Часцей – асобныя словы.

Але гэта сітуацыя ўласцівая Купалаўскаму і РТБД. То бок гледачы загадзя ведаюць, што набываюць квіткі менавіта на беларускамоўны спектакль. А як складзецца сітуацыя з тэатраламі, якія ўсё жыццё чулі са сцэны рускую мову? Часам здаецца, што тут няма ніякай праблемы. Але так думаюць не ўсе. Для прыкладу, цытата з неафіцыйнай групы Музычнага тэатра ў «Кантакце»: «Вчера я побывала на детском спектакле. (…). Как только свет начал гаснуть, все внимание переключилось на сцену. Перед самым началом сказки прозвучало объявление диктора на белорусском языке. И тут я слышу хныкающий и недоумевающий голосок рядом сидящего мальчика, который спросил у своей бабушки: «Ба-а-а-абушка, а что вся сказка будет на том языке, на котором только что говорил этот дяденька?» Для аб’ектыўнасці, аўтар паведамлення якраз прапаноўваў паставіць беларускамоўны спектакль. Але ў кожным тэатры ведаюць пра такія настроі. Таму, на жаль, не хочуць рызыкаваць.

Начальства лічыць грошы

Як вядома, кожны кіраўнік павінен лічыць грошы. Дырэктары тэатраў – не выключэнне. Паспрабуем паглядзець на праблему іх вачыма. «Грошай у тэатры, як заўсёды, няма, – думае дырэктар. – А яны хочуць паставіць спектакль па-беларуску. Дзе ўзяць грошы на перакладчыка (калі гаворка пра замежную драматургію)? Адкуль знайсці аўтарскія сучаснаму драматургу, калі нашмат прасцей паставіць Шэкспіра? Што тады везці на гастролі? Бо гледачы ў Расіі або ў суседнім абласным цэнтры ахвотней пойдуць на рускамоўную пастаноўку. Самае галоўнае, ці пойдуць на спектакль гледачы таго горада, дзе знаходзіцца тэатр. План па запаўняльнасці залы ніхто не адмяняў. А менавіта ён – галоўны крытэрый працы любога мастацкага калектыву.

Між тым, у кожнага тэатра хапае ўнутраных праблем. Напрыклад, калектывы, размешчаныя ў абласных і раённых цэнтрах, маюць план па абслугоўванні свайго рэгіёна. Каб яго выканаць, ім даводзіцца выступаць і ў санаторыях, і ў дзіцячых садках. Карацей кажучы, навошта ствараць сабе лішнюю праблему?

Няма якасных тэкстаў?

Рэжысёры тэатраў любяць скардзіцца, як цяжка знайсці якасны беларускамоўны тэкст. Не буду распачынаць з імі завочную спрэчку пра класікаў мінулага. А вось наконт сучаснасці задам правакацыйнае пытанне: адкуль з’явіцца такім тэкстам?

Уявіце, што вы драматург або лібрэтыст, які прапанаваў свой твор аднаму з айчынных тэатраў. Вам адмовілі. Што рабіць далей? Зразумела, прапаноўваць іншым калектывам. Але каму за межамі рэспублікі патрэбныя тэксты, напісаныя па-беларуску? Здаецца, трэба сядаць за пераклад. Але ўявіце, што ў спектаклі мяркуюцца спевы, а ў тэксце прысутнічаюць вершы. Асабліва калі гаворка пра опернае лібрэта.

У выніку самыя амбіцыйныя творцы пачынаюць адразу пісаць па-руску. Гэта адкрывае ім шлях да рускамоўных тэатраў на ўсёй постсавецкай прасторы, а таксама дае мажлівасць удзельнічаць у шматлікіх конкурсах (пераможцы якіх часта трапляюць на сцэну). А калі дома ўзнікне цікавасць да п’есы, заўсёды можна перакласці яе з рускай на беларускую (напрыклад, рускамоўную п’есу Дзмітрыя Багаслаўскага «Тихий шорох уходящих шагов» увасобілі і ў Купалаўскім, і ў РТБД).

Для дзяцей – казка, для дарослых – Купала з Коласам

Яшчэ ў савецкія часы склалася традыцыя – беларуская мова займае нішу, адведзеную ёй зверху (у выпадку БССР – народная культура і фальклор) і не прэтэндуе на астатнія. У сучаснай Беларусі большасць спектакляў, што ідуць на роднай мове (нагадаю, мы не гаворым пра беларускамоўныя калектывы), можна падзяліць на дзве групы.

Першая – дзіцячыя лялечныя спектаклі, якія ёсць у рэпертуары кожнага адпаведнага тэатра. Другая – творы класікаў (часцей за ўсё Янкі Купалы і Якуба Коласа), якіх не прынята перакладаць на рускую мову. А вось беларускамоўныя творы іх больш маладых калег часта ідуць у перакладзе на рускую («Вечар» Аляксея Дударава, «Мудрамер» Міколы Матукоўскага). Трэцяя група – народныя гумарыстычныя творы (напрыклад, «Камедыя» Рудава).

Рэжысёры прызвычаіліся, што такія спектаклі ідуць па-беларуску. Гэта не выклікае ў іх пратэсту. Для таго каб ставіць па-беларуску іншыя спектаклі, перш за ўсё патрабуецца іх уласнае жаданне. І вось тут хаваецца адна з галоўных праблем. Айчыннае тэатральнае асяроддзе надзвычай касмапалітычнае. Большасць рэжысёраў шчыра не бачыць розніцы паміж пастаноўкай па-руску і па-беларуску! Маўляў, галоўнае, каб спектакль атрымаўся. Таму пакуль тэатры не атрымаюць канкрэтнага загаду зверху, сітуацыя яшчэ доўга застанецца без змен.

Каментары4

Цяпер чытаюць

Хто той Мацвей з Наваполацка, якога ў Расіі асудзілі да 25 гадоў за падрыхтоўку тэракта

Хто той Мацвей з Наваполацка, якога ў Расіі асудзілі да 25 гадоў за падрыхтоўку тэракта

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшла на свабоду палітзняволеная Ірына Такарчук, маці блогеркі Вольгі Такарчук

Французскі шпіёнскі трылер пра беларускую дыктатуру прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі»2

Новае даследаванне амерыканскіх геафізікаў пераварочвае нашы ўяўленні пра тое, як менавіта загінулі дыназаўры8

Ад «Трох чарапах» перад АМАПам да ўрокаў гітары. Піт Паўлаў вучыць беларусаў граць1

Выйшла на свабоду Настасся Кухта

«Паказаць жанчын, якія змагаюцца». Рэжысёрка Вольга Чайкоўская пра дэбют на HBO, жанчын у палітыцы і беларускае кіно7

Сваякі Ліліі Лукашэнкі займелі цёплыя месцы41

«Пагадзіўся дзеля дачкі». Экс-футбаліст зборнай Беларусі бярэ ўдзел у расійскім шоу «Тытаны»

Як мінімум у 26 буйных расійскіх аэрапортах увялі абмежаванні на запраўку самалётаў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто той Мацвей з Наваполацка, якога ў Расіі асудзілі да 25 гадоў за падрыхтоўку тэракта

Хто той Мацвей з Наваполацка, якога ў Расіі асудзілі да 25 гадоў за падрыхтоўку тэракта

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць