«Паказаць жанчын, якія змагаюцца». Рэжысёрка Вольга Чайкоўская пра дэбют на HBO, жанчын у палітыцы і беларускае кіно
Дакументальны фільм Волі Чайкоўскай «Не створаныя для палітыкі» цяпер даступны ў глабальным стрымінгавым сэрвісе HBO Max. Радыё Свабода пагаварыла з рэжысёркай пра кіно і пра тое, што для яе азначае выхад на папулярную стрымінгавую платформу.

Прэм'ера фільма «Не створаныя для палітыкі» («Not Made For Politics») адбылася летась на прэстыжным Талінскім кінафестывалі «Чорныя ночы» (PÖFF). Стужка дэманстравалася на многіх іншых кінафестывалях, у тым ліку на польскім «Millennium Docs Against Gravity» (MDAG).
Выхад фільма на HBO азначае, што цяпер яго можа пабачыць вялікая колькасць людзей, кажа рэжысёрка і прадзюсарка, заснавальніца кінафестывалю «Паўночнае ззянне» Вольга Чайкоўская.
«Гэта крута, гэта вялікая падзея, што мой рэжысёрскі дэбют на HBO. Гэта супердасягненне: мяне сям'я вельмі падтрымлівае, муж ганарыцца, сяброўка ўжо сказала: «Гэта крута, людзі ідуць да гэтага ўсё сваё жыццё!»»
Фільм, які выйшаў на HBO, убачыць значна больш людзей, чым фільм, які быў паказаны на фестывалі ў Канах і больш нікуды не трапіў альбо трапіў яшчэ на некалькі фестываляў, але не выйшаў на нейкай платформе ці на тэлебачанні.
«На жаль, гэта факт: ёсць фестывальная субкультура і ёсць масавы глядач, і малаверагодна, што ён наведвае фестывалі. Глядач пабачыць фільм толькі тады, калі ён выйдзе на нейкай платформе, пажадана — максімальна вялікай», — перакананая Воля Чайкоўская.
HBO Max — амерыканскі стрымінгавы сэрвіс, які належыць кампаніі Warner Bros. Discovery і мае больш за 100 мільёнаў платных падпісантаў па ўсім свеце.
Фільм «Не створаныя для палітыкі» інтэрнацыянальны, падкрэслівае аўтарка: акрамя таго, што ён беларускі, ён яшчэ эстонскі, французскі, амерыканскі — над ім працавалі прадзюсары з гэтых краін.
«Я сама выступаю як эстонская прадзюсарка. І як рэжысёрка беларускага паходжання ў Эстоніі. Гэта першы фільм, зроблены беларускай жанчынай-рэжысёркай, які трапіў на HBO. Гэта першы копрадакшн (сумесная вытворчасць) HBO Europe Documentaries з балтыйскай краінай», — кажа яна.
Яшчэ для Волі Чайкоўскай вельмі важна, што калі фільм «Не створаныя для палітыкі» будзе даступны больш шырокаму колу гледачоў на вялікай стрымінгавай плятформе, людзі зноў узгадаюць Беларусь.
«Магчыма, у іх нейкая эмпатыя, цікаўнасьць да нас зноў прачнецца, яны больш даведаюцца пра нашу краіну, пра падзеі 2020 года», — спадзяецца рэжысёрка.
«Назва сапраўды іранічная»
Фільм «Не створаныя для палітыкі» — гэта гісторыі трох жанчын, якія чакаюць сваіх мужоў, што знаходзяцца ў зняволенні: Святланы Ціханоўскай, Надзеі Зелянковай і Машы. І відавочна, што ён мае палітычную скіраванасць — насуперак назве. Рэжысёрка з гэтым пагаджаецца.
«Назва сапраўды іранічная. Фільм мае некалькі кантэкстаў. Адзін кантэкст палітычны: што адбывалася ў Беларусі ў цэлым у 2020 годзе. Гэта кантэкст змагання, пастаяннага дуалізму: Беларусі дэмакратычнай і Беларусі аўтарытарнай, Беларусі рускамоўнай і Беларусі беларускамоўнай. І пра ролю жанчын у палітыцы, пра тое, як успрымаюцца жанчыны ў палітыцы ці, наадварот, не ўспрымаюцца ўсур'ёз. І наогул пра стаўленне да жанчын», — кажа яна.
Воля Чайкоўская працавала над фільмам цягам пяці гадоў, і ён вельмі змяняўся ў працэсе. Яна сцвярджае, што гэта нармальная з'ява для дакументальнага кіно: калі ты пачынаеш з адной ідэі, а ў фінале фільм вельмі моцна адрозніваецца ад першапачатковай задумы. І штуршком для яе стаў найперш кейс Святланы Ціханоўскай, якая зрабіла рашучы крок — пагадзілася замяніць свайго зняволенага мужа ў прэзідэнцкай кампаніі, а яе падтрымалі іншыя жанчыны — Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала.
«Мяне цікавіла, якое было стаўленне да яе і медыя, і людзей, і самога рэжыму, які яе зарэгістраваў з мэтай менавіта пакпіць: маўляў, «яна хатняя гаспадыня, у яе няма досведу, яна прыйшла літаральна з кухні і зараз «аблажаецца», і мы ўсе будзем з яе смяяцца» — такая была мэта.
А атрымалася ўсё зусім па-іншаму. Святлану доўга апісвалі як жонку Сяргея Ціханоўскага. Прайшло шмат часу, пакуль яе пачалі абазначаць як самастойную незалежную асобу, якая сама робіць свой выбар. І для мяне гэта было вельмі паказальна», — разважае Воля.
Калі Чайкоўская пачынала працу над фільмам, у яго была іншая рабочая назва: па-англійску «The Wife of» — умоўна кажучы, «Чыясьці жонка», «Жонка кагосьці», тлумачыць яна.
«Па-англійску ты бачыш «The Wife Of» — і маецца на ўвазе Сяргей Ціханоўскі. Па-беларуску так не скажаш, няма дадатковых слоўцаў, якія даюць вось гэты кантэкст: жонка ў назоўным склоне, хаця маецца на ўвазе «жонка — чыя». І што жонка без кагосьці, сама па сабе — немагчыма. Вось такі феномен.
Мая мэта была — паказаць жанчын, якія змагаюцца за вызваленне сваіх мужоў — палітвязняў. Гэтыя жанчыны нашмат больш, чым проста жонкі мужоў, якія сядзяць у турмах. Мне было цікава: як успрымаюць жанчын, наколькі складаныя жыццёвыя сітуацыі прымушаюць праяўляць якасці, якія яны раней не праяўлялі. І адначасова — як на гэта рэагуе грамадства, навакольны свет. У фільме ёсць разважанні: «жанчыны за мужам як за каменнай сцяной ці не?» Адкуль гэта пайшло? Там ёсць адкрытыя пытанні», — распавядае яна.
Вольга Чайкоўская доўга перажывала, што фільм выходзіць так позна. Хацелася яго раней выпусціць: у 2020 годзе, у 2021-м. У выніку ён выйшаў у 2025-м. Цяпер змірылася, калі ён трапіў на HBO.
«Такі фільм немагчыма было выпусціць раней і ў кантэксце свету, таго, што зараз адбываецца ў свеце, фільм выходзіць у нейкае іншае вымярэнне — кантэкстуальнае, філасофскае. Я вельмі спадзяюся, што фільм будзе правакаваць людзей на думку», — кажа рэжысёрка.
«Дыктатура знішчыла кінафестываль «Паўночнае ззянне»
Воля Чайкоўская паводле адукацыі журналістка, скончыла журфак БДУ. Але знайшла сябе ў кінадакументалістыцы. У 2015 годзе заснавала міжнародны кінафестываль паўночных і балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне», і цягам 5 гадоў ён праходзіў у менскім кінатэатры «Мір», паказы былі і ў іншых гарадах Беларусі. З 2020 года фэст перайшоў у анлайн і гібрыдны фармат. Цяпер Вольга жыве і працуе ў Таліне.

У 2026 годзе сайт «Паўночнага ззяння» быў прызнаны «экстрэмісцкім», а КДБ Беларусі абвясціла кінафестываль «экстрэмісцкім фарміраваннем». Для самой Волі гэта балючая тэма.
«Я магу дакладна сказаць, што дыктатура знішчыла кінафестываль «Паўночнае ззянне» ў той форме і выглядзе, у якіх ён існаваў. Гэта вельмі сумна, гэта як адсечаная рука, як гісторыя, якую спынілі. Я прывозіла ў Беларусь скандынаўскія, балтыйскія фільмы. Калі мы выйшлі ў анлайн — людзі дзякавалі. Для мяне гэта была справа жыцця, якой я «гарэла». Мы раслі, з'яўляліся партнёры. Гэта быў брэнд. Цяпер, знаходзячыся ў эміграцыі, захоўваць гэта як брэнд такога маштабу нашмат складаней. У Еўропе ёсць шмат сваіх кінафестываляў.
Выгнанню ёсць нейкая мяжа — ты можаш 20 гадоў жыць не ў Беларусі з прычыны пераследу і казаць, што жывеш у выгнанні. Мне хочацца перастаць выкарыстоўваць слова «выгнанне», я не хачу ўвесь час пазіцыянаваць, што жыву ў выгнанні. Я пажыла некалькі гадоў, а зараз хачу пачувацца ўжо больш упэўнена і не называць гэта выгнаннем. Тое самае і пра пазіцыянаванне кінафестывалю — колькі ты можаш рабіць кінафестываль у выгнанні? Гэта рытарычнае пытанне», — разважае заснавальніца «Паўночнага ззяння» Воля Чайкоўская.
Некаторыя праекты, над якімі цяпер працуе Воля Чайкоўская, звязаныя з Беларуссю.
«Я ж беларуска, размаўляю па-беларуску, думаю па-беларуску. Ёсць некалькі кінаідэй, і дакументальных, і гульнявых. Не буду ўдавацца ў падрабязнасці. Спадзяюся, яны выйдуць. І будуць з Беларуссю звязаныя».
«Святое месца пустым не бывае»
Ці ёсць дакументальнае кіно ў Беларусі? Ці засталося там штосьці жывое? Ці з'яўляюцца фільмы беларускіх творцаў на міжнародных кінафестывалях? Сама Воля ў Беларусь не ездзіць і прызнаецца, што аб'ектыўна ацаніць не можа.
«Я чую, што людзі кажуць, што там нічога не адбываецца. Але мяркую, што «святое месца пустым не бывае». Ведаю, што ёсць маладыя творцы, і з-за таго, што месцы вызваліліся, камусьці будзе больш прасторы. Не хачу называць імёнаў, але штосьці адбываецца. Спадзяюся, што і на міжнародных фестывалях з'явяцца працы беларускіх творцаў. Канечне, калі людзі хочуць працаваць незалежна — ім складана, таму што існуюць цэнзура, рэпрэсіі, яны павінны быць вельмі асцярожнымі.
Ну а людзі, якія хочуць працаваць на рэсурсы дзяржавы, думаю, таксама знойдуцца. Ёсць жа дзяржаўныя датацыі на стварэнне гульнявых фільмаў — падавайцеся. Іншая справа — пытанні якасці, усяго астатняга. Бо калі ёсць цэнзура, ёсць пэўная дзяржаўная замова прапагандысцкага кшталту — пра якасць не выпадае казаць», — выказвае сваё меркаванне рэжысёрка.
Цяпер чытаюць
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
Каментары