Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не трэба празмерна кіраваць працэсамі ў цэнаўтварэнні.
Аб гэтым ён заявіў сёння ў час размовы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву ААТ «Белавежскі» і жыхарамі вёскі Расна.
president.gov.by
«Я мог бы перад выбарамі сказаць: усё будзе добра і гэтак далей. Усё сапраўды будзе нармальна, мы не загінем. Але сёння не гэта галоўнае пытанне. Пытанне не ў цэнах і нават не ў зарплаце. Ідуць эканамічныя войны, перш за ўсё ў фінансах. Кітай дэвальваваў свой юань аж прыкладна на 10 працэнтаў - па ўсім свеце ўдарыла! Бліжэй да нас: Расія ў тры разы дэвальвавала свой рубель, гэта па нас ударыла, нашы цэны ў Расіі напалавіну меншыя на тое ж мяса, малако. Другі раз дэвальваваў нацыянальную валюту Казахстан. Таксама наш партнёр. Пра Украіну ўжо наогул не кажу», — адзначыў ён.
«Якая мэта стаіць у кіраўнікоў гэтых дзяржаў? Выратаваць вытворчасці і краіну. Нам як у гэтай сітуацыі дзейнічаць? У нас не такая рыначнасць, як у іх, мы сёе-тое можам трымаць і кіраваць працэсамі, у тым ліку ў цэнаўтварэнні, але не празмерна», - сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, калі прытрымаць у краіне цэны, а вакол яны будуць расці, то спыніцца вытворчасць, і перш за ўсё прамысловасць. «Таму хочаш, не хочаш — верцішся, круцішся, нам даводзіцца неяк бегчы за ўсімі астатнімі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу, што ў краіне да гэтага часу датуецца сельская гаспадарка. «Для некаторых гэта выжыванне. У цану мы не можам усё ўціснуць. Калі падняць цэны, то мы можам быць неканкурэнтаздольнымі з іншымі. Таму вымушаны датаваць. Увесь свет падтрымлівае сельскую гаспадарку, хто больш, хто менш, таму і нам даводзіцца. Але калі цана вышэйшая на вашу прадукцыю, значыць, і вашы даходы вышэйшыя. Але ёсць іншы канец у гэтага палена, які б'е па людзях, — цэны ў магазінах», — сказаў беларускі лідар.
«Перажывём гэты год, думаю, наступны будзе лягчэйшы. Нават пры ўсіх гэтых негатывах. Таму што, мне здаецца, у нашым рэгіёне ўжо абваліліся настолькі, што далей падаць няма куды. Таму мы перажываем самыя цяжкія часы», — лічыць кіраўнік дзяржавы.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, вынікі павінна даць дыверсіфікацыя рынкаў. Беларусь актыўна выходзіць са сваёй прадукцыяй у Азію, Афрыку, Лацінскую Амерыку. «Думаю, тое, што мы страцім у Расіі, мы замесцім на гэтых рынках, — адзначыў ён. — Але трэба крыху больш папрацаваць».
«Трэба захаваць краіну для дзяцей. Дрэнна будзе, калі мы зноў станем нечым рэгіёнам», - лічыць беларускі лідар. Паводле яго слоў, трэба жыць у згодзе і з Еўропай, і з Расіяй, але жыць на сваёй зямлі. «Спакой і бяспека не купляюцца і не прадаюцца, як і здароўе. Вось гэта нам трэба зберагчы», — падкрэсліў ён.
Каментары