Спорт1717

«Афіцэры! Нельга так хлусіць». Як футбольны заўзятар судзіўся з міліцыяй

Фота Міланы Харытонавай

Пастарунак «Барысаў-Арэны»

Вечар 26 жніўня 2014-га года, БАТЭ прымае дома «Слован» з Браціславы. БАТЭ тады выйграе 3:0 і выходзіць у групавы раунд Лігі чэмпіёнаў, але заўзятар Сяргей Бахун гэтага амаль не бачыць — у сярэдзіне першага тайма яго выводзяць з трыбуны міліцыянты і трымаюць амаль да канца матча ў «апорцы» стадыёна.

Прычына — бела-чырвоны шалік з «Пагоняй». Утрыманне Бахуна ў стадыённым пастарунку заканчваецца, калі туды прыходзіць маёр барысаўскай міліцыі Вячаслаў Паўлавец (у жніўні 2014-га ён яшчэ быў маёрам) і адназначна заяўляе: «Схавай шалік пад куртку, а то будзеш мець праблемы». Міліцыянт пры гэтым прызнаецца, што асабіста аддаў загад «прыбраць» Бахуна з трыбуны. Маўляў, «Пагоня» з’яўляецца незарэгістарванай сімволікай. А такой не месца на матчы «Лігі чэмпіёнаў». Заўзятар вырашае, што ўвечары хоча вярнуцца да жонкі з дзіцём, а не ехаць у мясцовы пастаруак. Таму шалік хавае пад куртку і ідзе даглядаць апошнія хвіліны гульні.

«Я хачу, каб суд прызнаў незаконнасць дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі. Каб суд гэта прызнаў і каб міліцыянты папрасілі ў мяне прабачэння. У пісьмовай форме», — кажа адчайны заўзятар.

«Свае 25 гадоў працы ў міліцыі стараюся хутчэй забыць»

На першае паседжанне, якое праходзіць на пачатку лютага 2016-га года, ужо падпалкоўнік Паўлавец не прыходзіць. Паведамляе, што нібыта знаходзіцца «на вучобе ў Мінску». Справу разглядаюць толькі 19 чысла. На гэты раз у суд Барысаўскага раёна з'яўляюцца ажно чатыры міліцыянты. Трое, з якіх Сяргей Бахун патрабуе прабачэнняў, і яшчэ адзін у якасці сведкі з боку Вячаслава Паўлаўца. Разгляд справы пачынаецца а 10-ай і першыя дзве гадзіны суддзя слухае паказанні Бахуна і міліцыянтаў Паўлаўца, Урбановіча і Асташкі.

Апошнія расказваюць шмат новага. Напрыклад, Уладзімір Урбановіч (акурат ён выводзіў заўзятара з трыбуны) раптам заяўляе, што Бахуну зусім не абавязкова было ісці за міліцыянтам. Маўляў, яму толькі прапанавалі прайсці ў пакой міліцыі, але гэтага рабіць было зусім не абавязкова. Можна было далей заставацца на трыбуне і глядзець матч.

Яшчэ больш цікавыя паказанні ў Пятра Асташкі. Ён трымаў Бахуна у стадыённым пастарунку амаль гадзіну, чакаючы прыходу маёра Паўлаўца. «Высокі суд, я прапрацаваў 25 гадоў у міліцыі. Цяпер на пенсіі. І вельмі хачу забыць усё, што са мной адбывалася за тыя гады», — кажа былы міліцыянт суддзі. Але забыў Асташка яшчэ не ўсё. Ён памятае, як разам з Бахуном чакаў Паўлаўца, як правяраў пашпартныя дадзеныя заўзятара па міліцэйскай базе. І нават сябра Бахуна памятае, які «туды-сюды» выходзіў з міліцэйскага пакойчыка. Але зусім не памятае, пра што яго начальнік маёр Паўлавец размаўляў з Бахуном, калі нарэшце з’явіўся у падтрыбунцы.

Але самыя цікавыя рэчы кажа сам падпалкоўнік Вячаслаў Паўлавец. Нібы забыўшыся на свае ж пісьмовыя адказы, накіраваныя Бахуну за апошнія паўтары гады, Паўлавец перад суддзёй нечакана выдае абсалютна новую версію падзей. Згодна з ёй, Сяргея Бахуна ніхто не затрымліваў. З ім «проста правялі прафілактычную гутарку», бо падчас першага тайма матча адзін з фанатаў БАТЭ патэлефанаваў Паўлаўцу на мабільнік і сказаў, што «Бахун дэманструе шалік з «Пагоняй» на сектары і гэта можа мець непрыемныя наступствы». Таму Вячаслаў Паўлавец, як адказны за мір і спакой на «Барысаў-Арэне», быў вымушаны запрасіць Бахуна на прафілактычную размову. Для яго ж, Бахуна, бяспекі. Праўда, ніякіх доказаў гэтага Паўлавец не мае.

З паказанняў Паўлаўца знікаюць згадкі за абразу дзяржаўнай сімволікі (падчас міліцэйскіх праверак афіцэр упарта кажа пра тое, што Бахун меў чырвона-зялёны шалік з «Пагоняй», чым абразіў дзяржаўныя сімвалы) і незарэгістраваную сімволіку. Таксама ён упарта сцвярджае, што ніякага затрымання не было, а Бахуна проста запрасіў на размову. «Ды я з дзяўчатамі на вуліцах гэтаксама размаўляю, знаёмлюся. Гэта ж не затрыманне?» — аргументуе сваю пазіцыю жанаты афіцэр Паўлавец.

«Вы ж афіцэры, нельга так хлусіць»

Далей ідуць сведкі. З боку міліцыі гэта Крачкоўскі Алег, які разам з Пятром Асташкам трымаў Бахуна пад трыбунамі да прыходу маёра. «Бахун быў адзін, чакаў Паўлаўца. Пра што ён з ім размаўляў, я не памятаю», — кажа Крачкоўскі суддзі. Яго версія супярэчыць паказанням сябра Бахуна, які ўвесь час знаходзіўся побач з ім, толькі аднойчы выйшаўшы з пастарунка на хвіліну. Хто з іх мае рацыю, было б цяжка высветліць, але ёсць адзін факт. Сведка Сяргея Бахуна — я, аўтар гэтага тэкста, журналіст Еўрарадыё Алесь Пілецкі. І дапусціць, што падзеі таго вечара цалкам вылецелі з маёй галавы, вядома, можна. Але мне зрабіць гэта вельмі цяжка.

«Вы ж афіцэры, як можна так хлусіць? Адкуль возьмецца павага да вас у грамадстве, калі вы такое сабе дазваляеце тут, у судзе? Згодна даследванням, толькі 30% беларусаў давярае міліцыі. Падумайце пра гэта… Калі я бачу, што насустрач мне ідзе міліцыянт, то стараюся перайсці на іншы бок вуліцы, каб не мець лішніх праблем», — кажа Бахун з трыбуны на завяршэнні працэсу. На Вячаслава Паўлаўца прамова Бахуна дзейнічае слаба — ён паўтарае свае словы аб адсутнасці затрымання, тэлефанаванні фаната БАТЭ і скарзе на «Пагоню» і аб абсалютнай законнасці сваіх паводзінаў.

Для прыняцця рашэння па справе барысаўскі суддзя бярэ 2,5 гадзіны. Пасля якіх агучвае — Бахуну адмовіць, дзеянні міліцыі прызнаць правільнымі. «Буду абскарджваць у абласным судзе. Потым у Камітэце правоў чалавека ААН. Хай даюць тлумачэнні зноў і зноў. Нельга ж так з людзьмі», — каментуе рашэнне суда заўзятар.

Каментары17

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Беларуска расказвае, як з 15 гадоў жыве з шызафрэніяй13

Беларуска расказвае, як з 15 гадоў жыве з шызафрэніяй

Усе навіны →
Усе навіны

Таўро «Слава Расіі» на жываце ўкраінскага палоннага. Хто і навошта мог гэта зрабіць і ці можна яго вывесці?2

Учора вечарам і сёння раніцай у Беларусі назіраліся серабрыстыя аблокі1

На заробкі ў Польшчу цяпер толькі з ДНЖ? Разабраліся, хто можа працаўладкавацца там па новых правілах14

З-пад завалаў шматпавярховіка ў Кіеве ноччу дасталі яшчэ пяць целаў, колькасць загінулых дасягнула 21

У Беларусі пачынаюць прадаваць электракары за 20 900 рублёў. Але выглядаюць яны вельмі незвычайна2

Келаг плануе паездку ў Беларусь і сустрэчу з Лукашэнкам. Пры гэтым можа быць вызваленая група палітвязняў37

Вярхоўны лідар Ірана Хаменеі заклікаў да рашучых дзеянняў у дачыненні да Ізраіля

Пяць гадоў таму затрымалі Віктара і Эдуарда Бабарыкаў

Беларускі спецыяліст дапамог «Фларыдзе» другі год запар стаць уладальнікам Кубка Стэнлі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуска расказвае, як з 15 гадоў жыве з шызафрэніяй13

Беларуска расказвае, як з 15 гадоў жыве з шызафрэніяй

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць