Меркаванні

А цяпер — салідарнасьць

Алёшча страйкуе. Старшыня мясцовай выбарчай камісіі, няйнакш за выкананьне пляну волевыяўленьня, акурат пасьля выбараў прызначаны начальнікам лесапункту, павялічыў працоўны дзень на гадзіну: маўляў, затое зробім выходны ў суботу. Люд спраўна працаваў тыдзень з 8-й да 17-й у першую зьмену й ад 17-й да 2-й начы ў другую... А напярэдадні ўікэнду новы начальнік выдаў загад: «У сувязі з вытворчай неабходнасьцю аб’явіць суботу працоўным днём». Здавалася б, фінт немудрагелісты, накшталт гульні ў напарсткі са скрынямі для галасаваньня — але ж гэтым разам народ абурыўся.

Алёшча страйкуе. Старшыня мясцовай выбарчай камісіі, няйнакш за выкананьне пляну волевыяўленьня, акурат пасьля выбараў прызначаны начальнікам лесапункту, павялічыў працоўны дзень на гадзіну: маўляў, затое зробім выходны ў суботу. Люд спраўна працаваў тыдзень з 8-й да 17-й у першую зьмену й ад 17-й да 2-й начы ў другую... А напярэдадні ўікэнду новы начальнік выдаў загад: «У сувязі з вытворчай неабходнасьцю аб’явіць суботу працоўным днём». Здавалася б, фінт немудрагелісты, накшталт гульні ў напарсткі са скрынямі для галасаваньня — але ж гэтым разам народ абурыўся.

Раней, за былым начальнікам, падобныя штукі праходзілі ці не штотыдня. Людзей выганялі працаваць і па нядзелях, і на вялікія сьвяты. Загад на такі выпадак выдаваўся безь пячаткі й часьцяком нават бяз подпісу — бо паводле працоўнага заканадаўства гэткія фокусы могуць і пасады каштаваць. Цішкам лаяліся, але выходзілі. А вось цяпер рабочыя пабачылі «свабодныя й справядлівыя выбары», паглядзелі, што пасьля кампаніі ўлада проста перастала саромецца, — і вырашылі: досыць.

Спадзеючыся, што рабочыя спалохаюцца пісьмовай адказнасьці, у канторы разьлінавалі аркушы паперы з загадам, напісалі ўсе прозьвішчы рабочых і два варыянты: «згодны» і «ня згодны». У другой графе расьпісаліся ўсе: штрэйкбрэйхера не знайшлося ніводнага. Начальства тэрмінова прыехала ў Алёшчу ды заявіла: «Не дамо пляну ў гэтым месяцы — леспрамгас зачыняць». «Штогод зачыняеце, — адрэагавалі рабочыя, — хлусьня». Тады ім паабяцалі аплату ў двайным памеры ды прыгразілі, што завадатараў скароцяць. Марна: у суботу на працу людзі ня выйшлі.

За восем месяцаў у Сітне мне даводзілася бачыць небагата рэчаў, якія тутэйшыя рабілі разам (і гэта пры тым, што ў вёсцы ўсе адзін аднаму сваякі ці суседзі). Разам прапівалі заробак, пачынаючы з крамнага «віна» й завяршаючы павальным ужываньнем «максімкі». Аднадушна, але ціхма, на перакурах, клялі начальства, міліцыю, сельсавет ды ўладу ўвогуле. І дружна, апусьціўшы долу вочы, брылі па загадзе працаваць у выходныя. А зараз, нечакана нават для саміх сябе, азіраючы паплечнікаў са зьдзіўленьнем ды неспадзяванай радасьцю, адкрыта зьядналіся супраць уладнага ўціску. Хай сабе, як той казаў, і зь непалітычнае прычыны — але ж з падобнага працоўнага адзінства калісьці пачалася і «Салідарнасьць».

Такое ўражаньне, што падзеі сакавіка-2006 у Беларусі скаланулі нейкія глыбінныя пласты масавае сьвядомасьці. У гэтую вясну Беларусь на поўныя грудзі ўдыхае дух салідарнасьці.

Сотні людзей, не знаёмых паміж сабой і не прыналежных да палітычных партыяў, зьбіраліся ўначы ля ізалятараў ды прыёмнікаў, каб сустрэць вязьняў. Перадавалі прадукты й цёплыя рэчы, развозілі герояў Плошчы па хатах, дзякавалі й абяцалі адно аднаму — наступным разам быць разам. Тысячы наведнікаў Інтэрнэту, дагэтуль занятых гульнямі ды тусоўкамі на чатах, некалькі тыдняў ставілі на вушы сталічную міліцыю нечаканымі й вынаходлівымі пэрформансамі. Дзясяткі тысячаў каталікоў, пратэстантаў, уніятаў ды праваслаўных упершыню супольна пасьцілі й маліліся да Адзінага Бога за свабоду, праўду й справядлівасьць у Беларусі. Менавіта акцыі салідарнасьці зрабіліся гітом Вясны-2006.

Бадай што наймацнейшым выклікам гэтаму змагарнаму адзінству сталася шалёная атака КДБ і МУС на «Малады фронт». На менскіх плошчах рэжым убачыў дзясяткі тысячаў маладых, цэлае новае пакаленьне, беларускую будучыню — і жахнуўся. Рэпрэсіі разгарнуліся з размахам колішняй «справы нацдэмаў». На пяцёх маладафронтаўцаў былі заведзеныя 3 «крыміналкі» за графіці, яшчэ аднаго абвінавацілі ў «падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў», яшчэ аднаго — у «зьнявазе дзяржаўных сымбаляў», яшчэ кагосьці — у «разгалошваньні таямніцы сьледзтва» і больш як паўсотні сяброў «Маладога фронту» ў 12 гарадох выклікалі на допыт ды абшукалі па 5-ці крымінальных справах паводле драконаўскага 193-га артыкулу — «выступ ад імя незарэгістраванай арганізацыі». Пэўна, спадкаемцы Цанавы хацелі расьсекчы рух на кавалкі, каб маладафронтаўскія шарагоўцы ды хаўрусьнікі пахаваліся ў бульбу: раней часьцяком даводзілася назіраць такую дзіўную адстароненасьць ад абвінавачаных у «крыміналках». Але ў адказ маладафронтаўцы ўжылі адзіную сілу, здольную паралізаваць ды зламаць рэпрэсіўную машыну — сілу салідарнасьці. Масавы збор подпісаў пад зваротам ад імя «незарэгістраванага «Маладога фронту» паставіў рэжым перад фактам: ідэю, рух, ды ўвогуле народ судзіць немагчыма. Бо калі з рэжымам змагаецца толькі апазыцыя — яна асуджаная на паразу. Калі ж пачынае змагацца нацыя — асуджаны рэжым.

І ў інтэрнэт-гасьцёўнях, і ў «Нашай Ніве», і на кухнях тысячы беларускіх галасоў, разбуджаных сакавіком-2006, хорам пытаюцца: а што цяпер? Адказ просты: цяпер салідарнасьць. Штодня. Менавіта тыя, хто ўдзельнічае сёньня ў акцыях салідарнасьці — падпісваецца ў абарону маладафронтаўцаў, становіцца са сьвечкамі на Нямізе, далучаецца да пятнічнага Нацыянальнага посту й малітвы — тут і цяпер ствараюць беларускую нацыю. Само адчуваньне адзінства, дадзенае Богам кожнаму народу, і ёсьць першапачаткам, наймацнейшым грунтам і асноватворным падмуркам нацыянальнага абуджэньня.

в.Малое Сітна

Павал Севярынец — у 1998—2004 лідэр незарэгістра-ванага «Маладога фронту». Асуджаны за арганізацыю акцыяў пратэсту пасьля рэфэрэндуму 2004 году. Цяпер у высылцы ў Малым Сітне, на поўначы Полаччыны.

Каментары

Цяпер чытаюць

Цэны на паліва павышаюцца на 4 капейкі, а праз тыдзень яшчэ на тры1

Цэны на паліва павышаюцца на 4 капейкі, а праз тыдзень яшчэ на тры

Усе навіны →
Усе навіны

Вызначыліся ўдзельнікі фіналаў стыкавых матчаў адбору на чэмпіянат свету па футболе

Трамп заявіў, што адклаў удары па энергетыцы Ірана на 10 дзён3

Навукоўцы вызначылі 45 падобных да Зямлі планет, дзе можа існаваць жыццё

Пуцін абмежаваў колькасць грошай, якія можна вывозіць з Расіі ў Беларусь4

У інтэрнэце трафіку ад ботаў і ШІ ўжо больш, чым ад людзей1

На запраўцы пад Мінскам каву налівае робат-барыста. Наколькі гэта зручна?2

Украінская тэнісістка падавала ў суд на міжнародную федэрацыю, што тая дазволіла гуляць Сабаленцы. Стаў вядомы вынік 12

«Не забірайце ў дзяцей са смяротным дыягназам апошняе!» Блізкія хворых на рак дзяцей звярнуліся да Лукашэнкі з просьбай не знішчаць фонд «КіндэрВіта»2

Трамп: Калі для Еўропы вайна ў Іране — не іх вайна, то і вайна ва Украіне — не наша23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Цэны на паліва павышаюцца на 4 капейкі, а праз тыдзень яшчэ на тры1

Цэны на паліва павышаюцца на 4 капейкі, а праз тыдзень яшчэ на тры

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць