Грамадства2525

Як у Ваеннай акадэміі ўжываюцца патрыёты Беларусі і «рускі мір» 

На мінулых выхадных у Ваеннай акадэміі Беларусі правялі дзень адчыненых дзвярэй. Усе факультэты арганізавалі прэзентацыі з магчымасцю памацаць зброю, пасядзець у кабінах зенітных установак ды самалётаў, пакаштаваць салдацкай кашы. Не кожная ВНУ краіны можа зладзіць такую ж займальную экскурсію.

Еўрарадыё найперш цікавіць пытанне патрыятычнага выхавання будучых беларускіх афіцэраў. Па выніках экскурсіі добрых уражанняў засталося больш, чым дрэнных. Але пачнём з таго, што насцярожыла.

Корпус, залеплены расійскімі сцяжкамі

Ваенная акадэмія збольшага аформленая дзяржаўнай беларускай сімволікай. Палац упрыгожвае вялікі плакат «Защита Республики Беларусь — обязанность, священная для граждан Республики Беларусь». Але такая карціна ў Акадэміі не паўсюль.

Курсанты паказваюць корпус «N», дзе вучацца будучыя дэсантнікі. Уся лесвіца тут аформленая плакатамі з выявамі герояў расійскай гісторыі. Гутарка, напрыклад, пра Кутузава, Суворава, Скобелева, Брусілава і Пятра І. Усе плакаты аздобленыя расійскімі трыкалорамі. Не будзем спыняцца на тым, што некаторыя з названых палкаводцаў ды генералаў, паводле школьнага курсу нашай гісторыі, былі, хутчэй, антыгероямі. Хіт экспазіцыі — гэта савецкі маршал Жукаў, таксама змешчаны на плакаце з расійскім сцягам. Напэўна, вытворцы партрэта не ўлічылі, што Жукаў падчас Другой сусветнай вайны ваяваў у тым ліку з уласаўцамі, якія прысягнулі Гітлеру пад трыкалорам.

Што праўда, больш нідзе на тэрыторыі Акадэміі падчас экскурсіі такой карціны не назіраем. А курсанты кажуць, што папросту не звяртаюць увагі на спецыфіку вывешаных плакатаў.

Працягваем экскурсію. Выкладчыкам факультэта ваеннай разведкі, якія робяць прэзентацыю ў спартовай зале, наўпрост задаём пытанне, ці можна даверыць ім юнака, каб пасля выпуску ён быў сапраўдным афіцэрам-патрыётам.

«І не задумваўся, які сцяжок чапляць у сваім легкавіку — беларускі ці які-небудзь іншы», — удакладняем.

«Значыцца так, нарадзіўся я ў Каломне. Так атрымалася, што лёс завёў сюды, і адсюль я не з’ехаў. Выконваю тут свой службовы абавязак. Так, мне цікава, што ў Расіі адбываецца. Але ж мы за што? За квітнеючую Беларусь», — адказвае сівы палкоўнік.

«Прысягаць выпускнік будзе каму? Беларусі. Значыцца, і служыць ён будзе Беларусі», — дадае яго не менш аўтарытэтны калега.

«А ўвогуле, спецыяльнасць у нас класная, з веданнем замежных моў», — заканчвае адказ на пытанне палкоўнік.

«Многія ўжо не асацыююць сябе з былым СССР і Расіяй»

Кожны з факультэтаў Акадэміі грунтоўна падрыхтаваўся да дня адчыненых дзвярэй. Паўсюль свае спецыяльнасці красамоўна і таленавіта расхвальваюць. І складваецца ўражанне, што галоўная вайсковая ВНУ краіны па ўзроўні адукацыі не саступае іншым флагманскім універсітэтам.

Палкоўнік з авіяцыйнага факультэта апавядае, як склаліся лёсы іх былых курсантаў, якія выпусціліся 16 гадоў таму і летась сабраліся разам. Некаторыя сталі добрымі лётчыкамі і працягваюць служыць.

«А некаторыя звольніліся з войска, але ўсе працуюць у прыстойных месцах, ніхто не падымае шлагбаум на паркоўцы, — запэўнівае палкоўнік-авіятар. — Спецыялісты, якія атрымалі адукацыю па праграмаванні і радыёсістэмах, працуюць сёння ў EPAM, Itransition, у мабільных аператараў. Таму ўзровень нашай адукацыі — самы высокі. Прынамсі на авіяцыйным факультэце».

Задаём афіцэру тое ж пытанне, што і дэсантнікам, пра патрыятызм, сцяжкі ў машынах і беларускую мову.

«У нашым войску планамерна і грунтоўна праводзіцца афіцыйная беларуская палітыка. Нягледзячы на блізкае і цеснае сяброўства з Расійскай Федэрацыяй, у нас ёсць дакладнае раздзяленне паняццяў. З кожным пакаленнем беларускасць мацнее. Многія ўжо не асацыююць сябе з былым СССР, таму што выраслі ў незалежнай краіне. Калі і сустракаюцца людзі, якія асацыююць сябе з Расіяй — гэта адзінкавыя выпадкі», — лічыць палкоўнік-авіятар.

Датычна беларускай мовы службовая асоба расказвае пра афіцэраў, якія размаўляюць на ёй у Акадэміі падчас службы.

«Адзін ужо выйшаў на пенсію, а другі — малады хлопец, у мінулым годзе абараніў дысертацыю, стаў намеснікам начальніка кафедры. І многія калегі гэта цэняць, я б нават сказаў».

Палкоўнік-авіятар пры гэтым адзначае, што навучанне па-беларуску ў Акадэміі пакуль не вядзецца і існуе праблема афіцыйнага перакладу статутаў на нацыянальную мову.

Некаторыя іншыя выкладчыкі патлумачылі, што «пытаннем роднай мовы і гістарычных дзеячаў пакуль у Акадэміі проста не заняліся».

Нагадаем, што на пачатку 2015 года на сайце Мінабароны выставілі цэлы раздзел з героямі, на прыкладзе якіх павінны вучыцца беларускія салдаты і афіцэры. У спісе былі і Тадэвуш Касцюшка, і Усяслаў Чарадзей, і Канстанцін Астрожскі. Натуральна, было шмат імёнаў з савецкай эпохі і з часоў суверэнітэту. Аднак гэты патрыятычны раздзел з сайта хутка выдалілі, патлумачыўшы тым, што ён дапрацоўваецца. Працэс цягнецца ўжо больш за год.

Каментары25

Цяпер чытаюць

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай36

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай

Усе навіны →
Усе навіны

За мінулы год у Літве прызналі пагрозай нацыянальнай бяспецы ўтрая больш беларусаў, чым пазалетась4

Загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей Лазараў15

Ліса пасялілася на самым даху будынка ў Глыбокім3

Мяняецца характар надвор'я. Уночы мінус 20°С ужо не будзе1

У Беларусі плануюць забараніць аборты ў прыватных медцэнтрах44

Беларуса, які кінуў дзіця галавой аб падлогу ў «Шарамеццева», прызналі неадэкватным2

У Навагрудку каторую ноч фіксуецца незвычайная з'ява5

Яшчэ дзве беларускія фрыстайлісткі выступяць на Алімпіядзе. Склад беларускай дэлегацыі ў Італіі выключна жаночы

Рагачоўская ці глыбоцкая, калдуны ці дранікі, Гродна ці Брэст? Арына Сабаленка адказала на прынцыповыя для беларуса пытанні16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай36

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць