Грамадства5656

Як ваявалі Домрачаў, Азаранка, Алексіевіч і Вольскі? Баявыя гісторыі сваякоў знакамітых беларусаў

«Напярэдадні Дня перамогі ў Мінску з'явіліся плакаты са спартоўцамі і іх сваякамі, якія прайшлі Другую сусветную вайну. З іх мы даведваемся, што дзядуля Вікторыі Азаранкі дайшоў да Берліна, а дзядуля і бабуля Дар'і Домрачавай прайшлі праз вайну разам», — піша Еўрарадыё.

«Сваімі рашучымі дзеяннямі таварыш Азаранка дапамог паспяховаму адбіццю контратакі праціўніка і гэтым даў магчымасць камандаванню зрабіць перагрупоўку сілаў і нанесці ворагу знішчальны удар»,  гэта сведчанні з вайсковых дакументаў Віктара Іванавіча Азаранкі.

Уладальнік ордэна Айчыны другой ступені і дзядуля беларускай тэнісісткі падбіў танк гранатай 22 жніўня 1944 года. Паводле дакументаў, тады ён у групе з 25 чалавек адбіваў контратаку праціўніка.

Аляксандр Яфімавіч Алексіевіч, бацька нобелеўскай лаўрэаткі Святланы, узнагароджаны Ордэнам Чырвонай Зоркі.

Ён абслугоўваў самалёты падчас баёў у раёне Кракава і на рацэ Одэр.

Ваяваў з 1942 года і пабываў у баях на сямі франтах.

«У цяжкіх умовах вайсковага часу на палявых аэрадромах абслужыў 236 баявых вылетаў без адзінай адмовы матэрыяльнай часткі па яго віне».

Святлана Алексіевіч прыгадвае бацьку ў інтэрв'ю часопісу «Большой»:

«Нядаўна памёр мой бацька, не дажыўшы некалькі месяцаў да свайго Дня нараджэння — 85 гадоў. Мы з імі шмат гаварылі пра вайну — на фронт ён пайшоў у 20 гадоў з другога курса ўніверсітэта і там уступіў у партыю пад Сталінградам».

Дзядуля футбаліста Ігара Стасевіча, Васіль Дзмітрыевіч узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі».

«Ён вызваляў Мінск, Маскву, Варшаву. А пасля вайны ён служыў на Далёкім Усходзе, быў у пяхоце. Ён жыў у вёсцы і на 9 траўня яго заўжды прыходзілі віншаваць школьнікі», — распавядае пра дзеда Ігар Стасевіч.

Капітан Філіп Іванавіч Домрачаў, дзядуля біятланісткі Дар'і, падчас баёў на Вісле рызыкуючы жыццём, узнавіў сувязь з другім берагам.

«Таварыш Домрачаў з групай байцоў і сяржантаў сумленна і самааддана выканаў свой доўг, нягледзячы на пастаянную небяспеку для ўласнага жыцця», — апісваюць яго службу ў вайсковых дакументах.

«Пра вайну больш бабуля распавядала. Дзядуля быў у партызанскім батальёне», — расказвае пра свайго дзеда Мікалая Ільіча беларускі асілак Кірыл Шымко. — Ён быў падрыўніком-разведчыкам».

Пра вайну, па словах Кірыла, дзядуля распавядаў зрэдку.

Бацька легендарнага беларускага музыкі Лявона Вольскага, вядомы пісьменнік Артур Вітальевіч Вольскі не вельмі любіў распавядаць пра вайну.

«Ён служыў на флоце 10 гадоў: 5 гадоў на вайне і 5 гадоў пасля вайны, бо не было каму служыць, і іх прымусілі адбыць яшчэ нешта кшталту тэрміновай службы, — распавядае Лявон Вольскі. — Ён у асноўным змагаўся ў японскіх морах. Пра подзвігі не вельмі распаўсюджваўся, ну нешта там загасіў, нейкую бомбу…»

Артур Вітальевіч уганараваны ардэнамі «Айчыннай вайны II ступені», «Знак Пашаны» ды іншымі.

Але захаваўся толькі ўзнагародны ліст медаля «За баявыя заслугі», які старшына 1-й стацці атрымаў за «выключны патрыятызм і самаадданасць у выпуску газеты».

У знакамітага музыкі Аляксандра Ціхановіча ваявалі і бацька і маці.

Намеснік камандзіра танкавай брыгады па тэхнічнай частцы Рыгор Міхайлавіч Ціхановіч у баях пад Будапештам быў цяжка паранены.

У яго танк прамым пападаннем трапіў снарад, і з усяго экіпажу выжыў толькі ён.

Адпаведна, меў шмат узнагарод, але захаваўся толькі адзін дакумент, пра ўручэнне ордэна «Чырвонай зоркі».

Памочнік камандзіра тэхнічнай часткі артылерыйскага полку ноччу, пад абстрэлам праціўніка «дастаўляў гаруча-змазачны матэрыял і боепрыпасы для ўсяго аўтапарка полку».

Пры гэтым «ажыццяўляў падтрымку агнём» і здолеў вывезці з-пад абстрэлу ў рамонтную майстэрню пашкоджаную 76-мм пушку.

«А мая мама Кацярына Міхайлаўна Аўчыннікава служыла ў партызанскай брыгадзе Канстанціна Заслонава ў атрадзе імя Кірава, — узгадвае Аляксандр Ціхановіч. — Была сувязной. У 16 гадоў трапіла ў палон у Гестапа, яе там катавалі, але яна збегла і скончыла вайну пад Оршай усё ў тым жа атрадзе імя Кірава».

Бацька адказнага сакратара ЦВК Беларусі Мікалая Лазавіка быў цяжка паранены і вярнуўся з вайны без нагі. Пра свае подзвігі распавядаць не любіў. Нават на пытанні малога сына Мікалая пра колькасць забітых ворагаў адказваў:

«Гэта была вайна, калі б я іх не забіваў, яны б забілі мяне».

«Было ў яго і моцнае плечавое раненне, — працягвае ўзгадваць бацьку прадстаўнік ЦВК. — У яго дрэнна трымалася рука ў суставе і, калі ён нешта цяжкое падымаў, то рука папросту выскоквала з сустаўнай сумкі. Нават мне аднойчы давялося ўпраўляць яго руку: ён клаўся на спіну, я пяткай упіраўся яму падпаху і тузаў, рука ў выніку ўставала на месца».

Свае ордэны і медалі Іван Іосіфавіч Лазавік насіць не любіў. Рабіў гэта калі яго прасілі выступіць у прэзідыуме падчас святкавання Дня перамогі і нагадвалі не забыцца пра ўзнагароды. 

 

Бацька Мікалая і Івана Пінігіных на фронце быў камандзірам асобнай роты разведчыкаў стралковай брыгады. У лістападзе 1943 года ён удзельнічаў у трох паспяховых вылазках у тыл ворага, падчас якіх быў зладжаны шэраг дыверсій і ўзяты ў палон унтэр-афіцэр. За што Мікалай Міхайлавіч Пінігін атрымаў медаль «За адвагу».

А ў 1944 годзе Мікалая Міхайлавіча ўзнагародзілі ордэнам «Айчыннай вайны 2-й ступені» за тылавую атаку вёсак Глухая Горушка ды Задняе Поле і іх вызваленне ад захопнікаў.

На той момант на рахунку сяржанта было 6 палонных, 25 забітых ворагаў, 6 знішчаных агнявых кропак і тры рэйды ў тыл праціўніка.

Каментары56

Цяпер чытаюць

Падрабязнасці нападу падлеткаў з бітай і пісталетамі на катэдж у Смалявіцкім раёне8

Падрабязнасці нападу падлеткаў з бітай і пісталетамі на катэдж у Смалявіцкім раёне

Усе навіны →
Усе навіны

Дзясяткі гадоў экспедыцый у адным ютуб-канале. У Беларусі прэзентавалі відэархіў Міколы Козенкі з народнымі танцамі і абрадамі1

У Цэнтральную і Усходнюю Еўропу цякуць мільярды: рэкордныя інвестыцыі, нягледзячы на нявызначанасць3

Бізнэсмен аднаўляе сядзібу Радзівілаў і адкрыў побач лазневы комплекс1

Зяленскі: Пуцін не сядзіць у турме — гэта самы вялікі кампраміс, на які пайшоў свет3

Някляеў апублікаваў злабадзённы верш. У ім згадваецца і Калеснікава з Бабарыкам, і Ціханоўская, і Пракоп'еў з Пазняком31

Беларуска-эмігрантка аддае нырку мужу, каб выратаваць яго4

Беларусы расказваюць, якія прадукты выкідаюць на ўездзе ў Польшчу, а за што і штрафуюць9

«У сярэднім кіроўца аўтавоза атрымлівае 130 еўра за суткі». Дальнабойшчык з Віцебска апісаў сваю працу1

Кавалеўскі заявіў, што Ціханоўская запавольвае працэс вызвалення палітвязняў39

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Падрабязнасці нападу падлеткаў з бітай і пісталетамі на катэдж у Смалявіцкім раёне8

Падрабязнасці нападу падлеткаў з бітай і пісталетамі на катэдж у Смалявіцкім раёне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць