Прафесар Пітэр Уодхэмс з Кембрыджскага ўніверсітэта заявіў, што Арктыка ўпершыню за сто тысяч гадоў можа вызваліцца ад ледзянога покрыва ў 2016 ці ў 2017 годзе. Пра гэта піша The Independent.
Навуковец засноўвае свой прагноз на тэмпах раставання лёду ў Паўночным паўшар'і і дадзеных Нацыянальнага цэнтра снегу і лёду ЗША. Максімальная плошча ледзянога покрыва Арктыкі зімой 30 гадоў таму складала 12.7 млн кв. км, а да 2016 года гэты паказчык зменшыўся да 11,1 млн кв. км.
Як піша выданне, розніца ў 1,6 млн кв. км параўнальная з плошчай шасці такіх краін, як Вялікабрытанія. Рэкордна нізкі паказчык мінулага года складае 3,4 млн кв. км. Уодхэмс мяркуе, што да канца лета — пачатку восені гэты рэкорд можа быць пабіты, калі плошча покрыва дасягне толькі мільёна квадратных кіламетраў ці нават нуля.
У выпадку, калі ўвесь лёд не растане, яго рэшткі будуць сканцэнтраваны ў раёне поўначы Канады сярод мноства выспаў, тады як у найбліжэйшай да Расіі акваторыі яго не павінна застацца. Апошні раз, паводле ацэнак, Арктыка была цалкам вольная ад лёду 100—120 тыс. гадоў таму.

Каментары