Грамадства55

«Паўгода – ніякіх следчых дзеянняў» — гутарка з жонкай арыштаванага мытніка-краязнаўцы Алеся Юркойця

З мінулай вясны мытнік, краязнавец і патрыёт свайго краю Алесь Юркойць знаходзіцца за кратамі. «Белсат» сустрэўся з жонкаю зняволенага Ганнаю Юркойць.

Больш як год таму ўсю змену з Каменнага логу (памежны пераход з Літвой) – каля 40 асобаў – узялі пад варту. Некага з часам адпусцілі пад падпіску, нехта застаўся сядзець. Сярод апошніх – бацька траіх дзяцей і арганізатар культурнага жыцця на Астравеччыне Алесь Юркойць.

Пра грамадскае і асабістае, не чапаючы прававых аспектаў справы (суду, дарэчы, дагэтуль і не відаць на даляглядзе) журналіст belsat.eu пагутарыў з жонкаю Алеся Ганнай.

Выклікалі ў КДБ – па беларускіх справах

Ці ўказвала нешта на тое, што мужа арыштуюць?

Ды не, нічога асаблівага. Яго па іншых справах выклікалі ў КДБ раней – па беларускіх. За тое, што фэст хацеў зладзіць да 150-годдзя Паўстання Каліноўскага. За тое, што ў 2013-м годзе ў гонар паўстанцаў паставіў крыж-меч у Слабодцы, зусім побач з Астраўцом.

За гэты меч яны пазмагаліся нават з уладамі, бо яго хацелі знесці, хоць помнік і быў усталяваны на прыватнай зямлі.

Алесь прасоўваў беларускую мову і культуру. Запрашаў паэтаў, мастакоў, праводзіў безліч сустрэчаў у розных школах раёну, арганізоўваў пленэры, прэзентацыі кніг у бібліятэцы, распачаў тут «МовуНанова»… Дошка памятная, якая з’явілася ў Вільні на гонар Казіміра Сваяка – таксама не без яго ўдзелу паўстала. Маса ўсяго!

Крыж стаіць, здаецца, нічога з ім не сталася…

На той помнік улада так і не «дала дабро». Але цяпер і яны ўбачылі, што людзі сюды валам валяць – і свае, і з Літвы, і з Расеі. Ездзяць, фатаграфуюцца. Мне здаецца, што цяпер ужо наўрад ці хто падыме на яго руку, хаця… З таго, што я чула, была нават падпісаная пастанова аб яго зносе. Спадзяюся, канешне, што не знясуць.

Прыйдзе са змены, паспіць пару гадзін – і на курсы «МоваНанова»…

і хапала ў мужа на ўсё часу: і на грамадскае жыццё, і на працу, і на сям’ю?

На сям’ю можа і не хапала. А на курсы тыя ж «МованаНова»… прылятаў з ночы, паспіць пару гадзінаў і ўжо туды ляціць. Ён шмат чаго ведаў і мог распавесці. Таму калі прыязджалі знаёмыя, ці знаёмыя знаёмых, ён абавязкова экскурсіі ладзіў – па Варнянах, Гервятах і г.д.

У кожнага ж свой шлях. І калі чалавек правільна яго адчувае, то ідзе па гэтым шляху. Відаць, гэта Алесева пакліканне было. У яго гэта атрымлівалася, нейкая сіла была, каб людзей згуртаваць ды заахвоціць. Я вось не пайду перад аўдыторыяй выступаць, бо не магу, а ён – мог. Бог даў сілу ды харызму.

— На мытні Алесь даўно ўжо працаваў?

Першапачаткова ён працаваў настаўнікам геаграфіі. Але там нешта ў школе не склалася, таму адпрацаваў усяго пару гадоў. Але з людзьмі, якіх ён вучыў, мы дагэтуль стасункі падтрымліваем, камунікуем сем’ямі.

А я пазнаёмілася з Алесем калі ён ужо на мытні працаваў. Ён думаў, што 20 гадоў сваіх дапрацуе і ўжо звольніцца нарэшце. Гэта ж праца нечалавечая, а ў дадатак адказнасць. Алесь соднямі працаваў, яму і сэрца пасля балела… Ён жа яшчэ і чалавек адказны. У выніку – каля году не дапрацаваў, пасадзілі.

Я чаму так упэўненая, руку магу даць на адрэз, што ён не ўдзельнічаў ні ў якіх цёмных справах на мытні? Бо я яго ведаю, і адказнасць яго – не пустыя словы. Казала яму часам, ну стаіць чарга на пераходзе, але і табе трэба паспаць схадзіць. А ён кажа, маўляў, не магу, пакуль людзі стаяць. Прыходзіў з працы «учарнеўшы», як маці казала… Нават не еў, спаць адразу валіўся.

Ён з тых, хто заўжды будзе рабіць па сумленні

— А беларуская мова пры знаёмстве з будучым мужам не адвабіла?

У яго была вельмі прыгожая мова, таму і не адвабіла. Ведаеце, бывае трасянка – гэта б адштурхнула. Любую ж мову можна спаганіць, а ў яго мова вельмі чыстая і прыгожая была. Я добра па-расейску размаўляла, то ён бо падумаў, што я гарадская, ледзь не з Масквы (смяецца). Мы наагул у більярдзе пазнаёміліся.

Не бывае такога, каб сышліся аднолькавыя.Людзі розныя сыходзяцца, галоўнае, каб глядзелі ў адным кірунку. Нават цікавей, калі ў кожнага нешта сваё. Абы ўзаемапавага і паразуменне было.

Я ведала заўжды, што магу быць у ім упэўненая, бо ён правільны, ён вернік – гэта ж таксама вельмі важна. Ён з тых, хто заўжды будзе рабіць па сумленні.

— А Вы лёгка на мову перайшлі?

У мяне схільнасць да моваў, таму і па-беларуску мне лёгка даецца размаўляць. А ён адразу патрабаваў, ад моманту знаёмства, каб толькі па-беларуску… (смяецца). Ён можа б і не сустракаўся, каб я па-беларуску з ім не пачала размаўляць. Алесь цвёрды быў, а я прымала ягоную пазіцыю. Бо калі ён сваю лінію, а я сваю – ну якая ж гэта сям’я?

Я хачу, каб Алесь быў шчаслівы, таму адпускала яго, куды ён хацеў. Мне не цяжка было з дзецьмі пасядзець. Водная вандроўка? Ну, едзь. Але я не магу, бо я з трыма дзецьмі (тры дачкі – тры, сем і дзевяць год – аўт.). Калі я не магла быць побач – я яго заўсёды адпускала. Але разам па Беларусі мы таксама паездзілі, безумоўна. Ну куды ён дзенецца ад трох дзяцей?..

— Сустрэчы дазваляюць вам зараз?

Калі выйшаў першы артыкул Дубаўца пра Алеся, далі сустрэчу на Валадарцы. Можа гэта і не звязана, не ведаю, але запомніла. Праз шэсць месяцаў пасля арышту тады ў першы раз пабачыліся. Алесь спачатку ў Амерыканцы сядзеў (СІЗА КДБ – аўт.), але калі там зразумелі, што з яго нічога не вытрасеш, перавялі на Валадарку.

Паўгода прыкладна ўжо няма ніякіх следчых дзеянняў з ім – сядзіць і ўсё. А ёсць людзі, якія праходзілі па той самай справе, якіх выпусцілі пад падпіску. А ў нас дзяцей трое… Ну куды ён ад іх падзенецца, калі яны хочуць, каб ён быў у хаце? Хай бы ўжо ў хаце сядзеў пад падпіскай, дык не… Агулам там па справе ці 40 ці 60 чалавек праходзіць. Зразумела, што не ўсе з іх за кратамі зараз. А Алесь – за кратамі.

— Для Алеся гэта ўсё было моцным ударам, як лічыце?

Ён ведае, што ўсё па волі Божай, таму пачуваецца добра, духам не падае. Першы ліст ён наагул вясёлы напісаў, яшчэ з СІЗА КДБ, маўляў, нарэшце выдалася нагода вам ліст напісаць: мы ж раней з ім не ліставаліся ніколі. Не верылася нат’, што адтуль піша.

Затрымкі бываюць з лістамі. Напрыклад нядаўна з Менску ліст ад роднай сястры яму ішоў 8 дзён. Там жа лісты чытаюць усе, то, мажліва, нехта пайшоў у адпачынак. Ён лістуецца шмат, бо багата хто яму піша. Пісаў нават, што хоча пачытаць нарэшце, бо шмат часу ідзе на ліставанне.

Маці 81 год, можа і не дачакацца сына…

— А чым яшчэ займаецца, казаў?

Кніжкі чытае, шпацыр на гадзіну ў дзень, у нарды гуляе. Кажа, файная гульня, як вернецца то дзяцей навучыць. Літаратуру перадаем яму, з адзення нейкія рэчы элементарныя… Складана з абмежаваннямі ў перадачы прадуктаў або лекаў. Мы часам нават даўмецца не можам: чаму? Абсурду шмат…Гэта ж абсурд, калі чалавек мае сядзець у склепе, калі ягоная віна нават не даказаная.

— А як блізкія ўспрымаюць, суседзі?

Малодшая дачка, уявіце, тры з паловай гады, штодзень мяне пытае: «Калі прыедзе тата?». Мы ўжо з Алесем разумеем, нічога не паробіш, трэба чакаць. Маці плача ўвесь час, ёй 81 год, таму не ведае, ці дачакаецца сына. У мінулым годзе я з Сафіяй у лякарні ляжала, а дваіх дзяцей пакінула на маці – уявіце сабе, улічваючы яе ўзрост. Таму з дзецьмі і маці – гэта самае складанае.

Суседзі нармальна ставяцца, падтрымліваюць. А хто нешта там думае – то хай думае. Я ж ведаю праўду. Тыя, хто ведае Алеся, разумеюць, што ён дакладна ні за што там знаходзіцца. Ён моцны, харызматычны, лідар, патрыёт сваёй краіны, любіць сваіх блізкіх. Зрэшты, блізкія – гэта я, таму ім менш можна надаваць увагі (смяецца). Бо сваёй працы і грамадскім справам ён аддаваўся цалкам.

Каментары5

Браты-блізняты прыйшлі працаваць у міліцыю. Адзін з іх пераплыў раку і ўцёк з Беларусі, каб не займацца палітычнымі справамі. Пагутарылі з ім1

Браты-блізняты прыйшлі працаваць у міліцыю. Адзін з іх пераплыў раку і ўцёк з Беларусі, каб не займацца палітычнымі справамі. Пагутарылі з ім

Усе навіны →
Усе навіны

Белчыгунка абвясціла зніжкі да 40%. Але трэба купіць квіток у апошні момант

Як аўтакаміс падманвае пры продажы машыны са Штатаў2

Жанчына крала адзенне ў мінскім ГЦ і прадавала ў іншай краіне2

На рэйсах Гродна — Мінск замест маршрутак з'явіліся вялікія аўтобусы3

У школе ў Пецярбургу павесілі фатаграфіі ўдзельнікаў Рускага добраахвотніцкага корпусу з надпісам «героі Расіі»10

Расія зноў стварае абменны фонд: грамадзяніна ЗША асудзілі на 15 гадоў за «збор даных для сістэмы генетычнага скрынінгу»

Лукашэнка на дабрачынным дзіцячым свяце сказаў дзецям: «Надо!»12

У Новай Баравой загарэўся рэстаран5

У Мінску пабудуюць дамы з відам на БТ3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Браты-блізняты прыйшлі працаваць у міліцыю. Адзін з іх пераплыў раку і ўцёк з Беларусі, каб не займацца палітычнымі справамі. Пагутарылі з ім1

Браты-блізняты прыйшлі працаваць у міліцыю. Адзін з іх пераплыў раку і ўцёк з Беларусі, каб не займацца палітычнымі справамі. Пагутарылі з ім

Галоўнае
Усе навіны →