Улада2424

Карэспандэнта «НН» выгналі з ідэальна сумленнага участку ў Мінску. Пасля гэтага яўку накруцілі ўдвая, але ўсё адно перамагла кандыдатка ад апазіцыі Канапацкая

Удзел у беларускіх выбарах у якасці незалежнага назіральніка ці журналіста — псаванне нерваў і сабе, і выбарчай камісіі. Ты ловіш махляра за руку, ён вырываецца… У выніку часцяком у пратаколы трапляюць фантомныя лічбы. Ну не можа ж прыняць удзел у галасаванні 98—99% выбарцаў?! Ды яшчэ і прагаласаваць аднолькава.

Але тэорыя імавернасці працуе ў абодва бакі. Няўжо няма ніводнага ўчастка, дзе выбары праходзяць у поўнай адпаведнасці з законам, а на вынікі можна глядзець без смеху? Я паспрабаваў знайсці такое месца.

На Кастрычніцкай акрузе №97 балатуецца экс-кандыдатка ў прэзідэнты Таццяна Караткевіч. Яе праўладным супернікам лічыцца начальнік станцыі «Мінск-Пасажырскі» Аляксандр Дрожджа.

Караткевіч…
…і Дрожджа.

Кампанія «Гавары праўду» арганізавала бесперапыннае назіранне па большасці ўчасткаў. Вынікі, зразумела, былі несуцяшальныя.

Назіральнікаў пазбаўлялі акрэдытацыі, памяшканне не апячатвалася, колькасць выбарцаў скакала.

Самая парадаксальная школа — №11 на вуліцы Асаналіева. Тут два ўчасткі, №204 і №205. Колькасць выбарцаў на іх амаль аднолькавая — каля 2500 чалавек, але розніца ў рабоце выбарчых камісій прынцыповая.

Здавалася б, роўныя ўчасткі, якія абслугоўваюць суседнія дамы. Не дзіва, што, паводле падлікаў назіральнікаў, колькасць тых, хто прагаласаваў датэрмінова, амаль не адрозніваецца — 158 і 161 адпаведна. Гэта цалкам адпавядае законам сацыялогіі.

Затое камісія налічылі — увага! — 589 і 169 выбарцаў адпаведна. Неймаверная розніца паміж участкамі ў 3,5 разу!

Такім чынам, падчас датэрміновага галасавання на мінскім участку №205 прагаласавалі 6,69%. Для лукашэнкаўска-ярмошынскай выбарчай кампаніі — абсалютная анамалія.

Дзень галасавання праходзіць настолькі ж спакойна. Апісваць яго хаду не мае сэнсу — перашэптванні членаў камісіі, сядзенне ў мабільніках назіральнікаў, дзяжурны візіт прадстаўнікоў АБСЕ. «Усё нармальна?» — «Усё нармальна» — «Ну, мы пайшлі».

За паўтары гадзіны да канца галасавання камісія выправіла дэлегатаў у пакватэрны абыход. Хто ў складзе працэсіі? Два члены камісіі, адна назіральніца (настаўніца гэтай жа школы), адзін журналіст (я) і міліцыянт.

Дэлегацыя абыходзіла ўсе кватэры ў пад’ездзе шматпавярховіка. Маўляў, можа, усё ж хочаце прагаласаваць?

Юрыст Уладзь Лабковіч тлумачыць, што абыходзіць павінны толькі тыя кватэры, ад якіх прыйшлі заяўкі.

Аднак у любым разе агулам набралася толькі восем ахвотных атрымаць бюлетэнь з улікам тых, хто насамрэч прасіў прагаласаваць дома.

Рашэнні прымаліся з улікам меркавання назіральнікаў. Напрыклад, адзін з жыхароў дома папрасіў прагаласаваць па пасведчанні кіроўцы, пашпарта ў яго не было. Нібыта галасаваць у такім разе можна. Але толькі на ўчастку, калі камісія зверыцца са сваімі спісамі. Бо як іначай упэўніцца ў месцы рэгістрацыі чалавека? Па маёй прапанове патэнцыйнаму выбарцу было адмоўлена.

Некаторыя людзі, атрымаўшы бюлетэнь, спяшаліся падзяліцца сваім выбарам. Варта быць справядлівым — прозвішча Караткевіч гучала некалькі разоў, яе суперніка Дрожджу не ўзгадаў ніхто.

Адна з апошніх выбарцаў — старэнькая бабуля — доўга ўзіралася ў бюлетэнь, нарэшце паставіла крыжык, а на развітанне адкланялася: «За Таццяну Караткевіч! Хай будзе хоць адна жанчына. А ўсе астатнія — алкашы!»

У апошні дзень галасавання, па стане на 19:50, паводле падлікаў назіральнікаў, паспелі прагаласаваць 432 чалавекі. З улікам датэрміновага і надомнага волевыяўлення рэальная яўка мусіць скласці каля 25,5%.

Лічба істотна адрозніваецца ад звыклых для беларускіх рэалій.

* * *

Ці зменіцца лічба паводле меркавання камісіі? Чытайце працяг пасля сканчэння падлікаў на сайце «Нашай Нівы».

* * *

Дададзена ў 22.23:

…Да закрыцця ўчастка паспелі прагаласаваць яшчэ некалькі чалавек.

Такім чынам, у дзень галасавання атрымалі бюлетэні 432 чалавекі, датэрмінова прагаласавалі 169 чалавек, 12 чалавек узялі ўдзел у надомным галасаванні. Агулам 613 чалавек.

З улікам таго, што агулам на ўчастку было назапашана 2500 бюлетэняў, невыкарыстанымі мусілі застацца 1887 паперак. Зрэшты, у парушэнне заканадаўства старшыня камісіі адмовілася называць атрыманую лічбу, маўляў, убачыце пасля ў пратаколе.

Пасля пачаўся падлік бюлетэняў са скрыні для датэрміновага галасавання. Убачыць паперкі з адлегласці 3 метры (столькі адмерыла адна з членаў камісіі) складана, але можна суб’ектыўна параўноўваць вышыню стосікаў.

Відавочным пераможцам была… прадстаўніца АГП Ганна Канапацкая. Нагадаю, гэта датэрміновае галасаванне! Стосік Таццяны Караткевіч быў другім па вышыні. Услед, найхутчэй, ішоў Дрожджа. У астатніх — статыстычная памылка.

…А пасля пачалося шоу. Істэрыку зладзіла назіральніца ад «Белай Русі» Святлана Іосіфаўна Берасцевіч. З крыкамі «нельга фатаграфаваць, нельга фатаграфаваць» яна падляцела да мяне — добра, што не стала адбіраць мабільнік.

Паколькі гэта была не першая атака Святланы Берасцевіч, старшыня камісіі прыняла ўніверсальнае рашэнне — выгнаць з участка і мяне, і гэтую Берасцевіч.

Пакуль афармлялі пісьмовае рашэнне — не буду ж я сыходзіць з пустымі рукамі? — пачаўся чарговы этап істэрыкі назіральніцы.

Тут ужо не вытрымаў назіральнік ад «Справядлівага свету», які параіў ёй менш піць… Карацей, выгналі і яго.

На развітанне я падзякаваў Наталлі Тарнаповіч — усё ж да моманту выгнання амаль усё праходзіла на бліскучым узроўні. І папрасіў, каб працэс падліку быў настолькі ж сумленным. Яна запэўніла, што ўсё будзе ў рамках закона.

…Працяг я ведаю толькі са словаў назіральніцы ад Беларускага Хельсінкскага камітэта.

Аказалася, што камісія «павялічыла» колькасць удзельнікаў удвая (!) — з 613 да 1242 чалавек. То бок замест непрыгожай яўкі 25% у пратаколе з'явіліся прадстаўнічыя 51,6%.

Гэтыя неіснуючыя галасы дадаліся як у датэрміновае галасаванне, так і ў дзень выбараў.

Цікава, каму пайшлі гэтыя галасы? Цяжка паверыць, але, здаецца, прапарцыйна ўсім…

Выніковы пратакол участка №205 выглядае наступным чынам:

1. Ганна Канапацкая (Аб'яднаная грамадзянская партыя) — 359 (28,9%)

2. Таццяна Караткевіч (Гавары праўду) — 255 (20,5%)

3. Аляксандр Дрожжа (праўладны кандыдат) — 174 (14%)

4. Канстанцін Монтач (пралукашэнкаўскі камуніст) — 28 (2,3%)

5. Яўген Макараў (апазіцыйны камуніст) — 26 (2,1%)

6. Валерый Клінцоў (партыя атамана Улаховіча) — 13 (1%).

Па шчырасці, перамог варыянт «супраць усіх» — 387 галасоў (31,2%). Аднак у парламент ён прабіцца не зможа.

Каментары24

Цяпер чытаюць

Беларускім гінеколагам раздалі новую метадычку, як размаўляць з цяжарнымі, якія думаюць пра аборт29

Беларускім гінеколагам раздалі новую метадычку, як размаўляць з цяжарнымі, якія думаюць пра аборт

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп прыгразіў Украіне і Расіі пошлінамі 200 працэнтаў5

Шэкспір пісаў п'есы разам са сваім найвядомейшым канкурэнтам. Навукоўцы знайшлі новыя доказы2

Кіраўнік Пентагона загарэўся паставіць у сябе ў кабінеце глобус Эйзенхаўэра. Але па дарозе рэліквію растаўклі10

Праз больш чым 30 гадоў адсутнасці ў Беларусі зноў заўважылі прыкметы жыцця хахулі2

Украіна і Расія абвясцілі рэжым спынення агню ў раёне Алешак з 27 кастрычніка3

Сотні беларусаў аформілі на сябе банкаўскія карткі, каб прадаць іх расійскім махлярам1

Акіян страчвае свае «трапічныя лясы». Прагнозы навукоўцаў невясёлыя

У Мінску гатовыя плаціць шэф-кухару 16,5 тысячы рублёў

Бацьку Меган Маркл абвінавацілі ў сэксуальным гвалце над дзецьмі. Яна не стала маўчаць2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларускім гінеколагам раздалі новую метадычку, як размаўляць з цяжарнымі, якія думаюць пра аборт29

Беларускім гінеколагам раздалі новую метадычку, як размаўляць з цяжарнымі, якія думаюць пра аборт

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць