На экстраным пасяджэнні Рады бяспекі ААН дзеянні Расіі ў Сірыі назвалі варварствам
На экстраным пасяджэнні Рады бяспекі ААН ЗША, Францыя і Вялікабрытанія рэзка асудзілі расійскія дзеянні ў Сірыі.
Пастаянны прадстаўнік ЗША пры ААН Саманта Паўэр на экстраным пасяджэнні Рады Бяспекі ААН у нядзелю, 25 верасня, назвала дзеянні Расіі на тэрыторыі Сірыі варварствам, а не барацьбой з тэрарызмам, паведамляе агенцтва Reuters.
«Замест аднаўлення міру Расія і сірыйскі прэзідэнт Башар Асад вядуць вайну. Цалкам відавочна, што аднабаковае спыненне агню не працуе», — цытуе Deutsche Welle.
У адказ пастаянны прадстаўнік РФ пры ААН Віталь Чуркін заявіў, што Расія «не збіраецца нікому нічога даказваць у аднабаковым парадку.» «Можна казаць пра рэанімацыі перамір'я выключна на калектыўнай аснове», — сказаў ён. Паводле яго, у цяперашняй сітуацыі, якая склалася ў Сірыі, Масква чакае доказаў «шчырага жадання» аддзяліць апазіцыянераў, якія супрацоўнічаюць з амерыканскай кааліцыяй, ад тэрарыстычнай групоўкі «Фронт-ан-Нусра».
Пасля гэтага расійскі бок прапануе «дабіць» тэрарыстаў, а апазіцыянераў «зрабіць часткай палітычнага працэсу» прыводзіць яго словы агенцтва «Інтэрфакс». Пры гэтым Чуркін дадаў, што мір у Сірыі — гэта «амаль немагчымая задача».
У той жа час спецпрадстаўнік ААН па Сірыі Стафан дэ Містура выказаў упэўненасць, што сітуацыю ў Сірыі ўсё яшчэ можна змяніць да лепшага.
«Менавіта дзеянні Расіі падаўжаюць канфлікт і пакуты»
Па словах пастаяннага прадстаўніка Вялікабрытаніі пры ААН Мэцью Райкрафта, спробы Злучаных Штатаў і РФ ўсталяваць рэжым перамір'я ў Сірыі «ўжо вельмі, вельмі блізкія да канца свайго жыццёвага цыклу» у сувязі з чым Рада бяспекі ААН мае быць «гатовай выканаць свае абавязкі» і знайсці спосаб неадкладна спыніць гвалт.
На пасяджэнні Райкрафт падкрэсліў, што ў Алепа, які цяпер падвяргаеца бамбардзіроўкам і абстрэлам, шматкроць парушаюцца прынцыпы міжнароднага права. «Менавіта дзеянні Расіі падаўжаюць канфлікт і пакуты», — заявіў ён.
Французскі прадстаўнік Франсуа Дэлатр таксама падкрэсліў, што ў абложаным горадзе адбываюцца ваенныя злачынствы, якія не павінны застацца беспакаранымі. Расія не можа гарантаваць партнёрам перамір'я і ў той жа час падтрымліваць рэжым, які бамбіць Алепа, сказаў ён.
«Расія рызыкуе стаць саўдзельніцай ваенных злачынстваў»
Раней у той жа дзень кіраўнік МЗС Францыі заявіў, што калі Расія і Іран не спыняць стратэгію, якая вядзе ў тупік, то стануць саўдзельнікамі ваенных злачынстваў, якія адбываюцца ў Алепа.
Экстраннае пасяджэнне Рады бяспекі ААН было склікана па ініцыятыве Францыі, Вялікабрытаніі і ЗША ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі ў Алепа.
У выніку удараў па Алепа два мільёны чалавек засталіся без водазабеспячэння.
Як сцвярджаюць прадстаўнікі апазіцыйнай арганізацыі «Сірыйская назіральная рада па правах чалавека» (SOHR), якая базуецца ў Лондане, у выніку авіяўдараў па Алепа за перыяд з 19 верасня загінулі ўжо больш за 200 мірных жыхароў.
Каментары