«Мне захацелася дапамагчы. Чамусьці з парушэннем закона…» — за хабар $500 судзяць экс-дырэктара беларускамоўнай гімназіі Бандарэнку
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска пачаўся працэс па справе Юрыя Бандарэнкі, ужо былога дырэктара мінскай гімназіі №4. Абвінавачваюць Бандарэнку ў хабарніцтве.
Дарэчы, былы дырэктар знаходзіцца на волі. Пад вартай ён правёў тры тыдні — ад дня затрымання, 18 жніўня, да 9 верасня.
Вяла пасяджэнне суддзя Скуратовіч.
68-гадоваму Бандарэнку пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Яго абвінавачваюць у тым, што ён «вырашыў пытанне» і дапамог залічыць хлопчыка ў 5 клас гімназіі. За гэта атрымаў 500 даляраў.
Бандарэнка сваю віну прызнаў цалкам.
«Сутнасць закона аб карупцыі вы ведалі? Што хабар нельга браць?», — спытаў у яго пракурор.
«Я ведаў гэта», — кіўнуў Бандарэнка.
Пракурор папрасіў экс-дырэктара расказаць падрабязней пра сёлетняе паступленне ў гімназію.
«З 1 па 25 чэрвеня ва ўсіх гімназіях Мінска для выпускнікоў 4 класа і тых, хто жадае пачаць вучобу ў 5 класе ў гімназіі, праводзяцца тры іспыты. Затым падлічваюць агульны бал — адзнакі па іспытах плюс адзнакі за год па тых жа прадметах. Пасля камісія на чале з дырэктарам вырашае, якім будзе прахадны бал у гімназію, — расказаў Юрый Бандарэнка. — У нас прахадны бал быў 47. Максімум мы маглі залічыць сёлета 94 чалавекі, а прэтэндавалі трохі больш за сотню. Конкурс быў прыкладна 1,1. Дабіралі з іншых школ мы толькі 8 чалавек.
У нас прахадны бал адзін з самых маленькіх, гімназія беларускамоўная, конкурсу звычайна няма — сёлета ўпершыню такое адбылося».
Хлопчык, бацькі якога далі хабар Бандарэнку, здаваў іспыты ў гімназіі №20. Цярлецкі, бацька хлопца, прыйшоў да Бандарэнкі на афіцыйны прыём, калі ўсе дакументы аб тым, хто залічаны ў гімназію, ужо аддалі ў упраўленне адукацыі. Усе 94 чалавекі ўжо былі залічаныя.
«Я сказаў, што месцаў няма. Цярлецкі стаў распытваць, ці ёсць магчымасць трапіць у гімназію, калі месца раптам з'явіцца. А такія выпадкі сапраўды бываюць, я распавёў яму, што такую магчымасць нельга выключаць, — сказаў Бандарэнка. — Іншыя патэнцыйныя прэтэндэнты на патэнцыйнае месца былі… Плюс у яго сына быў невысокі бал — 48 пры прахадным 47. Але ж бал дазваляў паступіць… І мне захацелася яму дапамагчы. Чаму — не магу сёння патлумачыць. І не проста дапамагчы, а чамусьці з парушэннем закона…»
Пракурор пацікавіўся, ці не ішла гутарка пра грошы.
«Ішла. Ініцыятыва сыходзіла ад мяне. Не ведаю, што мяне падштурхнула», — сказаў Бандарэнка.
«Я штосьці не разумею. Вам захацелася дапамагчы, і што вы агучылі?» — спытала суддзя.
«Суму ў 500», — паціснуў плячыма Бандарэнка.
Праўда, паразважаўшы, ён заявіў, што на першай сустрэчы з Цярлецкім пра грошы яны ўсё ж не гаварылі. Але, прызнаў Бандарэнка, папрасіць суму ў бацькі патэнцыйнага гімназіста ён вырашыў ужо тады.
«Ну… Можа я казаў, што гэта будзе не за «дзякуй», — расказаў Бандарэнка.
На другой сустрэчы Бандарэнка з Цярлецкім дамаўляліся аб суме.
«Мы пісалі запіскі. Я напісаў «Пяць нуль нуль», 500. Ён напісаў сваю суму, не памятаю, ці то 300, ці то 200. Я сказаў, што бал у хлопчыка невялікі, таму я не згодны. Сказаў Цярлецкаму — думайце», — узгадваў Бандарэнка.
Праўда, месца вольнага пакуль не было.
«Я спадзяваўся, што месца з'явіцца. А не — дык я грошы б і не браў», — сказаў Бандарэнка.
«А які заробак у вас быў?» — пацікавіўся пракурор.
«Каля 8 мільёнаў», — адказаў Бандарэнка.
Па яго словах, гісторыя з Цярлецкім — першы раз у яго жыцці, калі ён хацеў узяць хабар.
«Не ведаю, што мяне штурханула на гэта», — паўтараў былы дырэктар.
Пасля Цярлецкі пазваніў дырэктару і сказаў, што згодзен на суму ў 500 даляраў. Бандарэнка папрасіў яго прывесці сына. Паглядзеў, што хлопчык разумны, вучыцца будзе нармальна. Бандарэнку стала спакайней.
А затым бацькі аднаго з вучняў вырашылі забраць сына з гімназіі. Праз два тыдні пасля гэтага Цярлецкі прыехаў з дакументамі свайго сына.
«Цярлецкі зайшоў у мой кабінет, падсеў бліжэй да мяне, адлічыў суму, паклаў на стол. Я ўзяў і паклаў іх у сваю барсетку. Падпісаў заяву аб паступленні хлопчыка ў гімназію, пайшлі да сакратара па даведку. Цярлецкі выйшаў, я вярнуўся ў кабінет — і тут з’явіліся супрацоўнікі камітэта дзяржбяспекі», — расказаў Бандарэнка.
Правялі вобшук, дырэктар трапіў пад варту.
Пракурор пацікавіўся, ці зрабіў Бандарэнка нейкія высновы з гэтай гісторыі.
«Высновы зрабіў… Я і па сёння не магу прыйсці ў нармальны стан. Я праляжаў у бальніцы… Я каюся і прызнаю сваю віну. Не ведаю, што са мной адбылося», — ізноў паўтарыў Бандарэнка. — Я столькі згубіў… Я верай і праўдай служыў дзецям. Па майму зборніку кантрольных і самастойных работ вучыцца ўся Беларусь. І вось такое здарылася ў жыцці… Я жудасна сябе адчуваю. Напэўна, за нейкія грахі я пакараны».
Пасяджэнне працягнецца 14 лістапада.
Юрый (Георгій) Бандарэнка мае педагагічны стаж 45 гадоў: ён пачынаў настаўнікам фізікі, быў дырэктарам школы ў ГДР, дзе вучыліся дзеці савецкіх вайскоўцаў, пасля ўзначальваў ўпраўленне адукацыі Першамайскага раёна Мінска.
З 1997 года Бандарэнка працаваў дырэктарам гімназіі №4.
Ён быў затрыманы 18 жніўня на сваім працоўным месцы.
«Затрымалі яго ўдзень, непасрэдна ў гімназіі. Перакрыты быў цэлы паверх, туды нікога не пускалі. У кабінеце дырэктара правялі вобшук, у панятыя ўзялі двух сакратароў і завуча, — расказвала «Нашай Ніве» крыніца, якая працуе ў навучальнай установе. — Кажуць, што гэта былі супрацоўнікі КДБ, бо хтосьці бачыў надпіс на пячатцы… Але гэта могуць быць і чуткі. Дакладна пакуль невядома. Увогуле, з калектывам гімназіі асабліва ніхто не размаўляў. За што затрымліваюць Бандарэнку, не паведамлялі. Вобшук праводзілі пяцёра ў цывільным. Вядома, што яны забіралі паперы з кабінета Бандарэнкі, прычым толькі тыя, дзе было штосьці напісана яго ўласнай рукою — надрукаванага не бралі».
Цяпер гімназію ўзначальвае новы дырэктар.
Каментары