Толькі на двух пунктах пропуску на мяжы паміж Украінай і Расіяй АБСЕ налічыла больш за 30 000 чалавек ва ўніформе ваеннага ўзору, якія перасякалі гэтую мяжу. Пра гэта заявіў прадстаўнік ЗША ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе Даніэл Бер (Daniel B. Baer), піша ўкраінская служба Радыё Свабода.
Выступаючы з нагоды працы Назіральнай місіі АБСЕ ў пунктах пропуску «Гукава» і «Данецк» (Растоўская вобласць Расіі), ён заклікаў падумаць, што дзеецца на іншых пунктах пропуску на непадкантрольнай Кіеву частцы расійска-ўкраінскай мяжы, дзе назіральнікаў АБСЕ няма.

Амбасадар ЗША ў АБСЕ падкрэсліў, што гэтая місія, нягледзячы на ўсе перашкоды, якія ёй аказвае Расея, абмяжоўваючы яе мандат і аб'ём дзейнасці, усё ж такі змагла задакументаваць дэстабілізуючую і дэструктыўную дзейнасць Расіі на ўсходзе Украіны.
У прыватнасці, сказаў ён, Расея ўжо тры месяцы наогул не адказвае на запыт АБСЕ з просьбай дазволіць назіральнікам выходзіць за межы гэтых пунктаў пропуску і абыходзіць іх перыметр звонку.
Абмежаванні, якія накладвае Расія на дзейнасць назіральнікаў, у прыватнасці, перашкаджаюць менавіта выяўленню асоб у ваеннай форме, калі тыя перасякаюць мяжу ў транспартных сродках ці калі дрэннае надвор'е, падкрэсліў Бер.
«Мы ўсе ведаем, што калі Расея спрабуе выдаць гэтых людзей за цывільных, гэта відавочная спроба схаваць праўду: яны едуць ва Украіну, каб ваяваць», — сказаў пасол.
Паводле яго слоў, ёсць дадзеныя, што гэтыя асобы атрымліваюць зброю, калі прыбываюць на тэрыторыі ва Украіне, якія ўтрымліваюцца сепаратыстамі.
Ён дадаў, што місія таксама па меншай меры ў 27 выпадках паведамляла аб вяртанні ў Расію катафалкаў з пазнакай «груз 200», што з'яўляецца пазначэннем для загінулых вайскоўцаў.
«Гэта сорам, гэта пляма на сумленні Крамля з-за таго, што ён не толькі адпраўляе расійскіх сыноў гінуць у бессэнсоўнай вайне, пачатай без неабходнасці, але і ганьбіць іх памяць тым, што адмаўляе прынясення іх у ахвяру», — сказаў Бер.
Цяпер чытаюць
Галіна Дзербыш казала пракурору: «Як памру, буду да ўсіх вас ноччу прыходзіць». І жыццё ўжо дагнала яе суддзю і сведак. Гісторыя пенсіянеркі, якой далі 20 гадоў калоніі
Каментары