Культура4040

У Віцебску плануюць аднавіць раскошны барочны касцёл Святога Антонія

Улады разам з кіраўніцтвам Віцебскай каталіцкай дыяцэзіі разглядаюць пытанне пра аднаўленне ў абласным цэнтры на плошчы ля ратушы касцёла Святога Антонія, паведамляюць vitvesti.by.

Месца, якое прапануюць для адбудовы.

Гісторыя святыні сягае ў XVII стагоддзе, калі на нашы землі прыбылі манахі-бернардзінцы. Першы, яшчэ драўляны, касцёл быў узведзены на сродкі віцебскага ваяводы Яна Антонія Храпавіцкага, аднак ён быў спалены падчас Паўночнай вайны. Аднаўленне сталася магчымым дзякуючы ахвяраванням наступнага ваяводы — Міхаіла Шпака. Затым матэрыяльна падтрымаў будаўніцтва віцебскі падкаморый Казімір Саковіч, але будынак зноў-такі згарэў, бо гарадскія пажары былі досыць распаўсюджаныя ў тыя часы.

Гэта ўсё былі драўляныя пабудовы, а вось фундатарам трывалага каменнага будынка стала Тэкля Агінская, удава віцебскага ваяводы. Архітэктарам абралі італьянца Іосіфа Фантана. Большасць даследчыкаў лічаць, што храм быў асвечаны ў 1768 годзе. У такім выглядзе ён прастаяў амаль два стагоддзі. Унікальнасць аб’екта ў тым, што ён з’яўляўся помнікам двух стыляў. Звонку — структура барока, унутры — рэнесансу.

Хараством касцёла захапляліся вядомыя мастакі Напалеон Орда і Юзаф Пешка, якія адлюстравалі яго для нашчадкаў. Унутраны роспіс у свой час рабілі Юдаль Пэн, Марк Шагал, Саламон Юдовін.

Такім касцёл быў падчас нямецкай акупацыі.

А вось як апісваў свае ўражанні ад храма Святога Антонія нобелеўскі лаўрэат Іван Бунін у аўтабіяграфічным творы «Жыццё Арсеньева»: «Ні Акропаль, ні Баальбек, ні Фівы… ні святая Сафія, ні старыя цэрквы ў рускіх Крамлях і да сёння непараўнальныя для мяне з гатычнымі саборамі. Як скалануў мяне арган, калі я ўпершыню (у юнацкія гады) увайшоў у касцёл, хоць гэта быў усяго толькі касцёл у Віцебску. Мне здалося тады, што няма на зямлі больш дзівосных гукаў…»

Пасля рэвалюцыі бажніцу зачынілі. Пэўны час тут быў музей атэізму. Аднак кіраўніцтва горада прызнавала гістарычную каштоўнасць касцёла. У сваёй пастанове 1940 года прэзідыўм гарвыканкама адзначае, што «будынак былога касцёла з’яўляецца найбуйнейшым помнікам і адзіным у сваім стылі гістарычным помнікам у горадзе».

У час вайны касцёл быў значна пашкоджаны, і хаця навуковая камісія прызнавала, што будынак можа быць з поспехам адноўлены (тут меўся размясціцца Палац фізкультуры), аднак гэтага рабіць не сталі і яго проста знішчылі. Гэта быў 1961 год.

У час перабудовы і пазней грамадскасць горада неаднойчы выказвалася за аднаўленне святыні, рабіліся праекты. Былі варыянты наогул яе развярнуць, каб больш камфортна было ўсім удзельнікам руху. 

Праблема размяшчэння новабудоўлі ў тым, што даўнія падмуркі выступаюць на праезджую частку ў раёне моста праз Віцьбу да Канцэртнай залы «Віцебск». Вядома, на сённяшні час вуліцу Леніна проста немагчыма звузіць, улічваючы транспартны паток, які, натуральна, зусім не такі, якім быў у 1700-я. Больш за тое, павінна застацца частка тратуара: каля трох метраў для камфорту гараджан. Таму будынак плануецца ссунуць углыб пры захаванні яго габарытаў. Разглядаецца і перанос фантана «Зліццё трох рэк» на іншы бераг Віцьбы.

Аднаўленне храма (а ён унесены ў генеральны план Віцебска на рэканструкцыю) дазволіць вярнуць гістарычнаму цэнтру закончанасць і дасканаласць, зробіць яго больш прывабным для турыстаў. Першы крок зроблены. Верыцца, што неўзабаве будуць і іншыя, і дыямент старадаўняга Віцебска зноў перажыве адраджэнне.

Каментары40

Цяпер чытаюць

Беларусы на першым месцы ў рэгіёне па смяротнасці ад хвароб сэрца і сасудаў12

Беларусы на першым месцы ў рэгіёне па смяротнасці ад хвароб сэрца і сасудаў

Усе навіны →
Усе навіны

У Францыі шасцярых грузінаў асудзілі за любоў да рускай класікі2

У Гомелі пенсіянер паўстагоддзя захоўваў рэвальвер узору 1895 года. На яго данёс сын5

«Лепш выкінуць, чым аддаць?» Фермер паказаў, як выкідае клубніцы, і выклікаў абурэнне17

«Я 400 даляраў аддала, каб іх патруціць, а людзі гадуюць!» Кім людзі замяняюць катоў і сабак праз алергію

«Кітаянка» абяцала навучыць жыхара Добруша добра зарабляць. Але зарабіла толькі сама

«Саўдэпаўскі адпачынак па кошце пяці зорак у Турцыі». Беларуска выклікала дыскусію, раскрытыкаваўшы санаторый на Нарачы12

У Шумілінскім раёне да школы прыйшло медзведзяня ВІДЭА1

Офіс Ціханоўскай: Паводзіны Харысавай нельга апраўдаць ціскам34

Трамп заявіў, што пагадненне ЗША з Іранам плануецца падпісаць у нядзелю1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларусы на першым месцы ў рэгіёне па смяротнасці ад хвароб сэрца і сасудаў12

Беларусы на першым месцы ў рэгіёне па смяротнасці ад хвароб сэрца і сасудаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць