Відэа зноў не дапамагло. Мінгарсуд пакінуў у сіле рэзанансны прысуд журналісту «Белсата»
Мінгарсуд пакінуў у сіле рашэнне аб арышце аператара тэлеканала «Белсат» Аляксандра Баразенкі на 15 сутак па артыкуле «дробнае хуліганства». Суддзя Ігар Любавіцкі разглядаў касацыйную скаргу журналіста на рашэнне суда Маскоўскага раёна ў адсутнасць Баразенкі, які знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна. Такім чынам, на волю ён выйдзе 9 красавіка.
У судзе па хадайніцтве адваката зноў прадэманстравалі відэа затрымання Баразенкі, якое ён зняў сам. На відэа чуваць, што насуперак сведчанням супрацоўнікаў АМАП у першым працэсе і іх пратаколам, Баразенка не лаецца матам, ня выкрыквае лозунгаў і прадстаўляецца журналістам.
Суддзя Любавіцкі паглядзеў відэа на ноўтбуку і пайшоў у дарадчы пакой. А праз 10 хвілін вярнуўся і пастанавіў пакінуць рашэнне Маскоўскага суда без зменаў.
Нагадаем, Аляксандра Баразенку адправілі на 15 сутак арышту 27 сакавіка, пасля затрымання на Дні Волі. Рашэнне вынесла суддзя Маскоўскага раёна Таццяна Матыль на падставе паказанняў супрацоўнікаў АМАП. Так Міхаіл Варывончык сказаў, што Аляксандр Баразенка выкрыкваў нецэнзурную лаянку і не назваўся журналістам. Іншы амапавец Арцём Міхалевіч сказаў, што Баразенка выказваў «незадаволенасць» супраць дэкрэта № 3. Міліцыянты таксама казалі, што Баразенка размахваў рукамі, нягледзячы на тое, што ў яго ў руках была камера са штатывам.
Каментары