Пластычны хірург: «Беларусы просяць паўтарыць банальныя ідэалы прыгажосці — Кім Кардаш’ян і Брэда Піта»
Якія аперацыі зараз найбольш запатрабаваны ў Беларусі, чаму памер мае значэнне, а бодзіпазітыў прайграе жаданню падабацца — у нашай гутарцы з пластычным хірургам Алегам Стасевічам.
Алег Стасевіч — пластычны хірург з 20-гадовым стажам. У месяц ён робіць дзясяткі аперацый. Скончыў лячэбна-прафілактычны факультэт Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. Што адметна, група, дзе вучыўся будучы хірург, захацела, каб навучанне вялося на беларускай мове, і адміністрацыя, як і большасць выкладчыкаў, пайшлі ім насустрач. Гэта інтэрв’ю таксама адбылося на чыстай мове. Пасля інстытута наш суразмоўца засвоіў шмат тэарэтычных і практычных курсаў тут і за мяжой. Працаваў у Цэнтры пластычнай і рэканструкцыйнай мікрахірургіі, у «Нардзіне», з 2011 года — у медыцынскай установе «Канфідэнс».
«Наша Ніва»: Спадар Алег, на якім ўзроўні зараз знаходзіцца айчынная пластычная хірургія? Ці не адстаём мы ад сусветных магчымасцяў?
Алег Стасевіч: З пункту гледжання медыцыны, пластычная хірургія — маладая галіна, пра якую асобна загаварылі пасля Другой Сусветнай вайны: параненых, пакалечаных людзей трэба было не проста лячыць, але і неяк аднаўляць іх знешнасць, каб яны маглі паўнавартасна жыць далей. У цеперашні час толькі-толькі пачалі сыходзіць з жыцця людзі, якія лічацца стваральнікамі сучаснай пластычнай хірургіі: так, летась памёр бразільскі доктар Іва Пітангі, які ў 1950-я стварыў тэхналогіі, якімі мы карыстаемся і зараз.
Канечне, у савецкія часы развіццё гэтай медыцынскай галіны крыху стрымлівалася, бо яна не адносілася да асноўных патрэб народа. Лічылася, што, напрыклад, анколагі захоўваюць жыццё, і гэтага было дастаткова. Як будзе выглядаць пацыент пасля такой аперацыі, хвалявала мала. Нягледзячы на ўсё гэта, сёння беларусы валодаюць усім, што ёсць у тых краінах, дзе пластычная хірургія пачала распрацоўвацца раней. Комплекс, што мы нейкія недаразвітыя, тут цалкам адсутнічае.
«НН»: Але калі казаць не пра рэканструкцыйныя аперацыі, а менавіта пра эстэтычныя — гэта, у асноўным, прывілеі багатых?
АС: Я б не сказаў так, бо на рынку прадстаўлены абсалютна розныя кошты і сэрвісы. Тут як з прадуктамі харчавання: можна набыць звычайны хлеб, а можна пайсці ў прыватную пякарню і купіць эксклюзіўны, які будзе спечаны адмыслова для вас. Акрамя таго, у людзей розная матывацыя: нехта адкладае грошы, каб набыць новае аўто, а нехта збірае на прыгожы нос.
«НН»: Што найчасцей не падабаецца беларусам у сваёй знешнасці?
АС: У большасці краін, якія лічацца цывілізаванымі, у першую чаргу людзі звяртаюцца па амаладжальныя працэдуры. Прычым далёка не ўсе імкнуцца выглядаць маладзейшымі за свой век, ёсць тыя, хто проста хоча знешне наблізіцца да свайго ўзросту, бо зараз з люстэрка на яго глядзіць нехта куды старэйшы. На жаль, якасць жыцця, яго інтэнсіўнасць, экалагічныя і эканамічныя складнікі не дадаюць нашай знешнасці балаў.
У топе зваротаў таксама змяненне формы і аб’ёмаў грудзей, контуру носа і ліпасакцыя. На 10-15 зваротаў ад жанчын прыпадае 1 мужчынскі. Пры гэтым колькасць апошніх на працягу гадоў не павялічваецца. Мяркую, гэта звязана з панаваннем традыцыйных поглядаў у беларускім грамадстве.
«НН»: А які памер грудзей зараз самы папулярны?
АС: С, ці трэці. Але я, канечне, арыентуюся не толькі на жаданні пацыентак. Імкненне да гармоніі — гэта галоўнае правіла пластычнага хірурга. Калі я бачу, што ў чалавека ўсе часткі цела і без маёй дапамогі выглядаюць прапарцыйна, я магу адмовіць у аперацыі — хай звяртаецца да іншых спецыялістаў, калі хоча.
З мужчынскім органам тая ж сітуацыя, тым больш што аперацыя на чэлесе куды больш складаная, чым аўгментацыя грудзей імплантамі. Быў у практыцы выпадак: прыйшоў да мяне мужчына і сказаў, што хоча павялічыць свае геніталіі. А там усё нармальна абсалютна па ўсім крытэрыям. Я спытаў, кім ён працуе. Высветлілася, што мужчына ездзіць на будоўлю ў Санкт-Пецярбург. Тады я параіў яму завітаць у Эрмітаж і прыгледзецца да антычных статуй: да тых прапорцый, што лічацца стандартамі прыгажосці ў мастацтве. На мае довады мужчына адказаў наступнае: «Зараз ужо іншыя стандарты». Людзі «натхняюцца» тэматычнымі, эратычнымі сайтамі і імкнуцца ўвасобіць гэта ва ўласнае інтымнае жыццё. Сёння нас ужо хвалюе не толькі, як выглядае твар, але і тое, што ніжэй пояса. Калі хочаце ведаць, таму патэнцыйнаму кліенту я параіў не спяшацца.
«НН»: Існуе меркаванне, што нярэдка да хірургаў ідуць асобы, якім проста лянотна заняцца сваім тварам ці целам…
АС: Ёсць такое, калі імкнуцца пайсці прасцейшым шляхам. Бывае, патэнцыяльны пацыент патрабуе: хачу змяніць вось гэта. Але я ж бачу, што існуе шмат іншых спосабаў паўплываць на сітуацыю: можна наведаць доктара-касметолага, а можна банальна выспацца. Людзі вельмі здзіўляюцца, калі пластычныя хірургі адмаўляюць ім у аперацыі: яны ж уладары свайго цела, патрабуюць — рабі! На тое, каб растлумачыць ім сваю пазіцыю, бывае, выдаткоўваецца шмат часу.
«НН»: Вось раней існавала мода на пульхныя губы, а зараз што ў трэндзе пластыкі?
АС: Пышныя губы і цяпер у модзе. Тое ж самае з ягадзіцамі. Але ў цэлым модна выглядаць здаровым і маладым.
«НН»: Ці прыходзяць да вас з канкрэтнымі фотаздымкамі, маўляў, хачу быць падобным на вось гэтага індывіда?
АС: Так, і гэта спрашчае задачу хірургаў, бо, калі кажуць «зрабіце мне прыгожа», губляешся: у кожнага ж сваё меркаванне на гэты конт.
Часам, да мяне прыходзяць з даволі банальнымі фотаздымкамі, на якіх змешчаны ідэалы прыгажосці, растыражаваныя сусветнымі СМІ: Скарлет Ёхансан, Кім Кардаш’ян, Мэрылін Манро, Брэд Піт… Але здараецца, просяць арыентавацца на нейкіх расійскіх зорак, імёны якіх я магу зусім не ведаць, прыходзіцца гугліць.
«НН»: Вас не хвалюе, што ў сувязі з рухам «бодзіпазітыў» (успрыманне цела такім, якое яно ёсць), які зараз набірае папулярнасць, у будучыні ў вас паменшыцца колькасць кліентаў?
АС: Людзі ўсё адно будуць рабіць аперацыі, як яны працягваюць выкарыстоўваць макіяж ці мыць валасы. Можна ж хадзіць з бруднай галавой, нічога асабліва страшнага не здарыцца, але мы гэтага не робім. Усе нашы паводзіны, звязаныя са знешнасцю, прадыктаваны інстынктамі: усе жывыя істоты імкнуцца памнажацца, таму нам так важна падабацца іншым. Як бы мы ні спрабавалі засяродзіцца толькі на сабе, мы ўсё роўна будзем старацца прывабіць партнёра, хай і неўсвядомлена, бо жывём ў свеце навязаных стэрэатыпаў і меркаванняў.
«НН»: А ваша цела спазнала нейкія аперацыі?
АС: Я толькі выдаляў папіломы лазерам, больш нічога.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары