Сёньня ў Зэльве зьбіраліся прыхільнікі творчасьці і асобы беларускай паэткі Ларысы Геніюш. Ушанаваньне яе памяці адбываецца штогод.
У гэты дзень традыцыйна замаўляецца імша па Ларысе Геніюш у царкве, якая стаіць як раз насупраць дому, дзе яна жыла ў Зэльве. Нечаканай для многіх прысутных стала казань айца Аляксандра. Ён
назваў непаразуменьнем, што ў школе не вывучаецца творчасьць Ларысы Геніюш, і выказаў спадзяваньні, што гэта зьменіцца і творчасьць паэткі будуць вывучаць у школе. Сам сьвятар цытаваў яе вершы.
Айцец Аляксандар сказаў, што Ларыса Геніюш -- герой нашай краіны, вялікая дачка беларускага народу. Калі людзі выходзілі з храма, яны выказвалі задаваленьне ад пачутага. На могілках, дзе пахаваны побач з Ларысай Геніюш яе муж Янка, сабралася больш за 60 чалавек.
Гарадзенская паэтка Данута Бічэль успамінала пра яе, потым пра паэтку гаварыў літаратар Міхась Скобла. У царкве таксама прысутнічаў намесьнік амбасадара Чэскай Рэспублікі Герман Хромы. Ён пажадаў выступіць ля магілы Геніюш.
Дыплямат сказаў, што ён неафіцыйна прабачаецца за чэхаславацкіх камуністаў за тое, што яны ў 1948 годзе перадалі Ларысу Геніюш, якая жыла ў Празе, савецкім уладам.Ён сказаў, што яна засталася чэхаславацкай грамадзянкай. Ён расказаў пра задуму ўсталяваць памятную дошку на доме ў Празе, дзе калісьці жыла Ларыса Геніюш.
Вячаслаў Сіўчык нагадаў, што грамадзкія арганізацыі мусілі зьвярнуцца да прэзыдэнта Чэхіі з просьбай паспрыяць у рэабілітацыі Ларысы Геніюш, паколькі звароты да беларускіх уладаў вынікаў не далі.
З могілак удзельнікі накіраваліся ў лес побач з Зэльвенскім вадасховішчам, дзе Данута Бічэль прадставіла сваю кнігу ўспамінаў, дзе сярод іншага апавядаецца пра сустрэчы з Ларысай Геніюш. У лесе выступілі таксама барды Вольга Цярэшчанка, Зьміцер Бартосік, Зьміцер Сідаровіч.
-
Максім Знак апублікаваў свае музычныя запісы на стрымінгах
-
Калі ў 1979‑м «Каласы пад сярпом тваім» выйшлі па-руску накладам 100 тысяч асобнікаў, імі гандлявалі мінскія таксісты. Настолькі папулярны быў Караткевіч
-
Прыцкераўская прэмія 2026 года дасталася чылійцу, які стварае міражы. Яго эстэтыка крохкасці перамагла манументальны пафас
Цяпер чытаюць
Максім Знак пра прэс-канферэнцыю ва Украіне: Мы дамовіліся не ўздымаць найбольш балючыя тэмы — катаванняў, санкцый, вайны. Можа, мусілі мы па-іншаму зрабіць
Каментары