Культура11

Прыцкераўская прэмія 2026 года дасталася чылійцу, які стварае міражы. Яго эстэтыка крохкасці перамагла манументальны пафас

Сучасная архітэктура прызвычаіла нас да бетону і шкла з прэтэнзіяй на вечнасць. Аднак самая прэстыжная архітэктурная ўзнагарода сёння дасталася чалавеку, чые будынкі і формамі, і выкарыстанымі матэрыяламі нагадваюць часовы прыстанак качэўніка, напаўрэальныя, эфемерныя міражы.

Надзіманы павільён Guatero на Чылійскім архітэктурным біенале 2023 года. Архітэктура, якая складаецца з паветра. Фота: сайт Прыцкераўскай прэміі

Журы Прыцкераўскай прэміі, якую часта называюць архітэктурным Нобелем, абвясціла лаўрэатам 2026 года чылійскага архітэктара Смільяна Радзіча Кларка.

Радзіч нарадзіўся ў Сант'яга ў 1965 годзе ў сям'і імігрантаў: ягоны дзед прыплыў у Паўднёвую Амерыку з харвацкага вострава Брач, а па матчынай лініі ў яго брытанскія карані. Магчыма, што менавіта гэтая няпэўная этнічная глеба і сфарміравала ягоны ўнікальны светапогляд.

Партрэт лаўрэата Прыцкераўскай прэміі 2026 года Смільяна Радзіча Кларка. Фота: сайт Прыцкераўскай прэміі

Там, дзе іншыя шукаюць манументальнасці, ён бачыць прыгажосць у крохкасці. Там, дзе калегі ўзводзяць цыклапічныя вежы, каб пацешыць уласнае эга, Радзіч стварае аб'екты, здольныя растварыцца ў ландшафце.

Архітэктура як госць

Парадыгма будаўніцтва стагоддзямі грунтавалася на ідэі панавання чалавека над прыродай. Радзіч прапануе прынцыпова іншы падыход, які старшыня журы Алехандра Аравена трапна ахарактарызаваў як вяртанне да нязводных асноў чалавечага існавання.

Будынак у Радзіча не пануе над атачэннем, ён — госць. Госць, які разумее, што прырода, клімат і гістарычны кантэкст былі тут да яго і застануцца пасля.

Найбольш яскрава гэтая філасофія праявілася ў ягоным самым вядомым еўрапейскім праекце — павільёне галерэі Serpentine у Лондане ў 2014 годзе. Радзіч паставіў напаўпразрыстую шкловалаконную абалонку, падобную да гіганцкага кокана або кавалка пергаменту, на велізарныя неапрацаваныя камяні з кар'ера.

Павільён галерэі Serpentine у Лондане (2014). Фота: сайт Прыцкераўскай прэміі
Інтэр'ер павільёна Serpentine. Фота: сайт Прыцкераўскай прэміі

Цікава назіраць, як сутыкаюцца два светы: чылійская імправізацыя і брытанская бюракратыя. Радзіч успамінаў, як у Лондане яму далі ўсяго дзень на тое, каб выбраць дзевяць валуноў у кар'еры.

У Чылі ён мог бы памыліцца, вярнуцца, замяніць камень, адаптаваць праект на хаду, бо там культура самабудаўніцтва дазваляе мяняць уласцівасці матэрыялаў проста на пляцоўцы.

У Еўропе ж інжынеры патрабавалі таўшчыні абалонкі ў сорак міліметраў для бяспекі, што ледзь не знішчыла задуму, бо рабіла канструкцыю не празрыстай, а глухой.

Гэты працэс стаў для яго сутыкненнем з «лімітамі бяспекі», у той час як сапраўднае мастацтва, паводле Радзіча, заўсёды працуе на «лімітах небяспекі» або няўпэўненасці.

Вечаровы від на павільён Serpentine. Аб'ект выглядае нібы міраж або іншапланетны карабель, што прызямліўся ў Кенсінгтонскіх садах. Фота: сайт Прыцкераўскай прэміі
Дэталі канструкцыі павільёна Serpentine. Радзіч наўмысна пакідае адчуванне недаробленасці, часовасці. Фота: сайт Прыцкераўскай прэміі

Пагарда да стылю

Калі вы паспрабуеце вылучыць «стыль Радзіча», вы пацерпіце фіяска. Ён свядома пазбягае паўтарэнняў і адмаўляецца ад праектаў, калі заказчык просіць зрабіць яму «форму, якую ён недзе бачыў».

Замест формы Радзіч прадае атмасферу. І вельмі часта стварае яе разам са сваёй жонкай, скульптарам Марсэлай Карэяй. Мяжа паміж архітэктурай і скульптурай у іх праектах сціраецца настолькі, што немагчыма зразумець, дзе заканчваецца прагматыка архітэктуры і пачынаецца чыстая эстэтыка.

Узяць хоць бы рэстаран Mestizo ў Сант'яга, пабудаваны яшчэ ў 2006 годзе. Радзіч узяў гіганцкія валуны і зрабіў іх апорнымі калонамі для чорнага, геаметрычнага даху.

Заказчык першапачаткова не хацеў, каб рэстаран праглядаўся з дарогі, і архітэктар знайшоў геніяльны выхад: ён інтэграваў у інтэр'ер элементы экстэр'ера. Камяні нібы адзначаюць мяжу з прыродным атачэннем і адначасова працягваюць яго ўнутры рэстарана. Наведвальнік знаходзіцца ў памяшканні, але адчувае сябе як на адкрытай тэрасе, сярод прыроды.

Рэстаран Mestizo ў Сант'яга. Гіганцкія валуны выконваюць ролю апорных калон. Фота: сайт Прыцкераўскай прэміі
Рэстаран Mestizo ў Сант'яга. Гіганцкія валуны выконваюць ролю апорных калон. Фота: сайт Прыцкераўскай прэміі
Інтэр'ер рэстарана Mestizo. Умяшанне архітэктуры ў ландшафт тут мінімальнае, а мяжа паміж памяшканнем і паркам размытая. Фота: сайт Прыцкераўскай прэміі

Не менш парадаксальны і «Дом для паэмы аб прамым куце», узведзены ў лесе Вільчэса. Гэта чорная маналітная структура, схаваная сярод дрэў, якая нагадвае дзіўную доследную станцыю. Замест таго каб рабіць велізарныя вокны да падлогі, як таго патрабуе сучасны гламурны мінімалізм, Радзіч стварыў тоўстыя сцены з накіраванымі ўверх праёмамі. Так ён адрэзаў візуальны шум лесу, пакінуўшы жыхарам толькі неба, святло і гукі лесу і стварыўшы фізічнае адчуванне абароненасці.

Дом для паэмы аб прамым куце ў восеньскім пейзажы Вільчэса. Фота: сайт Прыцкераўскай прэміі
Інтэр'ер Дома для паэмы аб прамым куце. Прастора стварае адчуванне поўнай абароненасці і ізаляцыі ад вонкавай мітусні. Фота: сайт Прыцкераўскай прэміі
Дэталь інтэр'ера Дома для паэмы аб прамым куце. Фота: сайт Прыцкераўскай прэміі

Цырк замест пафасу

Радзіч відавочна іранізуе над пафасам «вялікай архітэктуры». Яго захапляюць часовыя пабудовы: намёты, кіёскі, шатры вандроўных цыркаў. Ён не баіцца працаваць з таннымі, крохкімі або незвычайнымі матэрыяламі.

Калі ў яго з'явілася задача рэканструяваць пашкоджаны землятрусам гістарычны асабняк пачатку XX стагоддзя ў Сант'яга пад культурны цэнтр NAVE, ён не стаў імітаваць даўніну. Радзіч захаваў знешнюю шкарлупіну, вычысціў нутро пад сучасныя прасторы для рэпетыцый, а на даху… разбіў тэрасу, якую накрыў сапраўдным стракатым цыркавым шатром. Гэты жэст — нібы аплявуха акадэмічнай рэстаўрацыі, ён уводзіць атмасферу свята і часовасці туды, дзе павінен быў панаваць афіцыёз.

Тэраса цэнтра NAVE з цыркавым шатром. Іронія і свята на даху гістарычнага будынка. Фота: сайт Прыцкераўскай прэміі
Тэраса цэнтра NAVE з цыркавым шатром. Фота: сайт Прыцкераўскай прэміі
Паўразбураныя сцены мінулага суіснуюць з новым пераасэнсаваннем гістарычнай архітэктуры. Фота: сайт Прыцкераўскай прэміі
Культурны цэнтр NAVE ў Сант'яга. Класічны фасад хавае радыкальнае пераасэнсаванне ўнутранай прасторы. Фота: сайт Прыцкераўскай прэміі

Падобная гульня з нематэрыяльным адбылася і падчас працы над пашырэннем Чылійскага музея дакалумбавага мастацтва. Замест таго каб узводзіць новы аб'ём побач з гістарычным каланіяльным будынкам, архітэктар пайшоў пад зямлю, стварыўшы там новыя галерэі.

А ўнутраны двор ён перакрыў празрыстай пнеўматычнай падушкай. Чалавек не бачыць цяжкага даху, ён бачыць толькі святло, якое мякка рассейваецца над экспанатамі, што стагоддзямі ляжалі ў цемры.

Далей гэтая тэма развілася ў праекце Guatero — гіганцкім надзіманым павільёне для Чылійскага архітэктурнага біенале ў 2023 годзе. Гэта ўжо не зусім будынак, гэта архітэктурнае асяроддзе, якое трымаецца выключна на ціску паветра.

Надзіманы павільён Guatero на Чылійскім архітэктурным біенале 2023 года. Архітэктура, якая складаецца з паветра. Фота: сайт Прыцкераўскай прэміі
Інтэр'ер павільёна Guatero. Тонкая абалонка стварае інтымную прастору проста пасярод гарадской плошчы. Фота: сайт Прыцкераўскай прэміі

Прывіды супраць хмарачосаў

У свеце, дзе архітэктары-зоркі кіруюць карпарацыямі з сотнямі супрацоўнікаў і штампуюць праекты ад Пекіна да Дубая, Смільян Радзіч выглядае амаль пустэльнікам.

Ён свядома трымае штат свайго бюро ў межах пяці-дванаццаці чалавек, каб асабіста ўдзельнічаць у кожным этапе. Ён гадамі збірае малюнкі і эскізы «радыкальнай архітэктуры» 1960‑х гадоў, заснаваўшы для іх спецыяльны Фонд крохкай архітэктуры.

Радзіч адкрыта кпіць са страсці калег да хмарачосаў, называючы іх сімвалам фалічнай улады і жадання «кіраваць горадам».

Свой адзіны праект вежы для пагорка Сан-Крыстобаль у Сант'яга ён назваў «прывідам». Гэта тэнтсегрыці-структура (ад англійскага tensional integrity — напружаная цэласнасць) з шэрай сталі, якая ў пахмурнае надвор'е павінна была проста знікаць з вачэй, не пакідаючы шнараў у небе.

Нават калі яму даводзіцца працаваць з маштабнымі грамадскімі будынкамі, ён робіць іх прыглушанымі. Рэгіянальны тэатр Біябія ў Кансепсьёне, завершаны ў 2018 годзе, абгорнуты ў напаўпразрысты полікарбанат. Удзень ён выглядае як стрыманы аб'ём, што хавае сваю сутнасць, а ўначы ператвараецца ў гіганцкі ліхтар, які мякка асвятляе ўзбярэжжа ракі. Нікакай манументальнасці, толькі гульня святла, ценю і гуку.

Рэгіянальны тэатр Біябія ў Кансепсьёне. Будынак-ліхтар, які адмаўляецца ад манументальнасці на карысць святла. Фота: сайт Прыцкераўскай прэміі
Стрыманая геаметрыя рэгіянальнага тэатра Біябія на фоне рачнога пейзажу. Фота: сайт Прыцкераўскай прэміі
Канструкцыйны лес пад абалонкай рэгіянальнага тэатра Біябія. Фота: сайт Прыцкераўскай прэміі

Рашэнне Прыцкераўскага камітэта ў 2026 годзе нагадвае архітэктарам, што ў часы татальнай палярызацыі, экалагічных крызісаў і сацыяльнай трывогі, нам не патрэбны новыя вавілонскія вежы. Нам патрэбныя прытулкі — часам дзіўныя, часам недасканалыя, але надзеленыя эмацыйнай інтэлектуальнасцю.

У архітэктура Смільяна Радзіча ўсе мы толькі часовыя госці, якім трэба навучыцца жыць на гэтай зямлі ціха і з павагай.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • Filipp
    13.03.2026
    Цікавы артыкул, дзякуй!

Цяпер чытаюць

Выхадцы з «Альфа» КДБ Беларусі займаюць кіраўнічыя пасады ў новым расійскім суперсакрэтным спецпадраздзяленні, прызначаным для забойстваў за мяжою25

Выхадцы з «Альфа» КДБ Беларусі займаюць кіраўнічыя пасады ў новым расійскім суперсакрэтным спецпадраздзяленні, прызначаным для забойстваў за мяжою

Усе навіны →
Усе навіны

«Фортку адкрыць немагчыма, аглухнеш ад крыкаў»: у Гродна зноў вярнуліся чайкі2

Каля ГЦ «Валяр'янава» як свечка згарэў аўтамабіль

Лукашэнка: Я не кажу, што мы заўтра ўдарым «Арэшнікам» па Вільні, Варшаве або Кіеве40

Лукашэнка: Абмяркоўваем з ЗША вызваленне палітвязняў31

Лукашэнка пра Іран: Мы не ўвязваемся, мы не хочам сваёй краіне праблемы13

Green у ГЦ «Скала» ў Мінску зноў працуе

Майстра па дрэве і шматдзетнага бацьку з Бабруйска асудзілі за рэабілітацыю нацызму7

Паветраны шар з трыма жанчынамі ў Польшчы зачапіўся за шматпавярховы дом2

Іранскі рэжым можа быць зрынуты ўжо ў наступны аўторак — эксперт8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Выхадцы з «Альфа» КДБ Беларусі займаюць кіраўнічыя пасады ў новым расійскім суперсакрэтным спецпадраздзяленні, прызначаным для забойстваў за мяжою25

Выхадцы з «Альфа» КДБ Беларусі займаюць кіраўнічыя пасады ў новым расійскім суперсакрэтным спецпадраздзяленні, прызначаным для забойстваў за мяжою

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць