У эфіры СТБ у сюжэце пра беларускі патрыятызм замазалі «Пагоню», бел-чырвона-белы і ўкраінскі сцягі
Першы досвед здымкаў на дзяржаўным канале для кіраўніка культпляцоўкі «Арт Сядзіба» і крамы «symbal.by» Паўла Белавуса стаў, на жаль, адмоўным. На ток-шоу Ягора Хрусталёва «Што адбываецца?», якое прысвяцілі модзе на патрыятызм, яго запрасілі ў якасці паўнавартаснага ўдзельніка, аднак у выніку ўсе «недобранадзейныя» кадры пры мантажы былі выразаны ці замазаны. Што ж адбылося?

Здымкі перадачы Сталічнага тэлебачання адбыліся 29 чэрвеня, а ў эфір яна выйшла 2 ліпеня, акурат на «Дзень вышыванкі».
«Я пайшоў на гэта шоу перш за ўсё таму, што звычайна там прадугледжваецца фармат дэбатаў. Мне хацелася расказаць пра нашы праекты, скарыстацца магчымасцю і давесці гледачам, што нельга дзяліць журналістаў і пісьменнікаў на сваіх і чужых, ствараць дні вышыванкі правільныя і няправільныя. Трэба працаваць разам. Тое ж самае можна сказаць пра сімвалы: людзі падзяліліся на бел-чырвона-белых і чырвона-зялёных, і гэта няправільна. Бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня» — гэта нашы першыя сімвалы, пад якімі Беларусь атрымала незалежнасць, пад якімі Аляксандр Лукашэнка прымаў прысягу — не трэба пра гэта забывацца», — Павел Белавус не хавае, што расчараваны вынікам свайго дэбюту на дзяржтэлебачанні.
Павел хацеў расказаць у эфіры яшчэ шмат чаго іншага, але мікрафон трапіў яму ў рукі толькі адзін раз. І нават тое, што атрымалася вымавіць, парэзалі. Як і шмат іншых «няправільных» выказванняў ад гасцей-аднадумцаў Белавуса. У кадры ж пра краму Белавуса, акрамя бел-чырвона-белых сцягоў, замазалі украінскі афіцыйны.

Спадар Белавус кажа, што пасля гэтага выпадку наўрад ці прыме запрашэнне прыйсці на падобнае дзяржаўнае шоу ў будучыні: «Сюжэт жа атрымаўся цікавы, тэма была актуальная, але ў выніку самі рэдактары СТВ усё сапсавалі».
Дарэчы, гэта ўжо не першы выпадак замазвання прадукцыі symbal.by у СМІ. Год таму цэнзура «Анлайнера» ў артыкуле пра аўтамабільную аварыю не прапусціла на сайт фотаздымак з бел-чырвона-белым сцягам, якія вісеў на машыне ў рамках акцыі «БЧБ-мабіль».
У дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання СТБ патлумачыць сітуацыю пакуль не здолелі. Спадзяемся атрымаць каментар пазней.
Каментары