Як слуцкі слесар упершыню ў жыцці трапіў у тэатр. І нават не заснуў!
Калі ў жыхароў буйных гарадоў ёсць выбар, аддаваць свой час на прагляд спектакляў ці не, то ў месцах, дзе тэатраў няма, лёс усё вырашае сам.
«Ніна» захацела выправіць гэтую несправядлівасць і ўпершыню запрасіла ў тэатр героя аднаго з нашых нядаўніх артыкулаў — слесара Міхаіла Гардзейчыка са Слуцка. Спадзяёмся, гэта стане традыцыяй.
Летам Міхаіл нечакана праславіўся сваім душэўным інстаграмам, дзе ён дзеліцца замалёўкамі са свайго жыцця без фільтраў і купюр. Вось ён капае бульбу, вось гатуе варэнне, вось коле дровы, а вось збірае ссабойку: макарону, сала, хлеб ды памідоры са сваёй градкі. Такіх простых, шчырых профіляў беларусам, якія ўжо наглядзеліся на ідэальных і прычасаных мікраблогераў, відаць, не хапала, таму Міхаіл досыць хутка ператварыўся ў тысячніка, а яго хэштэг #укусна скарыў сэрцы многіх.
Калі мы прапанавалі Міхаілу наведаць разам тэатр, ён не паверыў і палічыў гэта за жарт. Але вось мы ўжо дамаўляемся, што хлопец прыедзе ў сталіцу, як толькі пачнецца восеньскі адпачынак. Маршрутка Слуцк-Мінск едзе паўтары гадзіны, таму адпрошвацца з працы, каб паспець на пачатак спектакля, неяк няёмка, дый на наступны дзень рана прачынацца. Звычайна Міхаіл на нагах з усходам сонца.
Каб прадэманстраваць яму больш поўную тэатральную карціну, вырашаем запрасіць і на класічную, і на эксперыментальную пастаноўкі.
«А есці тут можна?»
І вось пятніца. Купалаўскі тэатр. «Местачковае кабарэ».
Міхаіл прыязджае на цэнтральны вакзал крыху загадзя. Надвор’е яшчэ добрае, але ён абачліва прыхапіў з дома куртку на вечар. Праўда, кожны раз просіць патрымаць яе, калі спыняецца, каб сфатаграфаваць гандлёвы цэнтр, вуліцу ці самому папазіраваць каля клумбы — увесь гэты кантэнт робіцца з клопатам пра падпісантаў у інстаграме.
Фатограф сваім уважлівым вокам фіксуе, што ў кавярнях на Карла Маркса сядзіць мала людзей і кажа, што ў Слуцку сітуацыя падобная: «Грошай у людзей на забавы нейкія не хапае. У нас вось набудуць гэты кубак з кавай — і ходзяць потым з ім цэлы дзень, вусны пакрыху мочаць».
Міхаіл расказвае, што і сам не зарабляе больш за 400 рублёў, але калі жывеш адзін і дадаткова трымаеш гаспадарку, на самае неабходнае хапае. Узімку хлопец падпрацоўвае у кацельнай — тады сума можа дабягаць да 500 рублёў.
Ён стараецца размаўляць на чыстай рускай мове, але некаторыя слоўцы кшталту «ўкусна», «інцярэсна» у гаворцы ўсё ж праскокваюць. «У вас тут шмат людзей размаўляе на беларускай мове, у Слуцку я такога не заўважаў», — адзначае мужчына пасля таго, як да яго звяртаецца пасажырка ў аўтобусе.
Мы набліжаемся да Купалаўскага, першапачатковы будынак якога быў узведзены яшчэ ў XIX стагоддзі. Міхаіл, праўда, вырашае, што гэта царква. Вось у гэтай самай «царкве» нам і трэба будзе назіраць за акцёрамі, што паспрабуюць перанесці гледачоў у 30-я гады мінулага стагоддзя.
Прэм’ера «Кабарэ» ад Мікалая Пінігіна адбылася яшчэ ў 2012 годзе, некаторыя бачылі пастаноўку некалькі разоў, але і цяпер у зале хапае людзей. Міхаіл адразу звяртае ўвагу на тых, хто сядзіць на балконах і пытаецца: «А гэта хто там, музыкі?» Калі даведваецца, што адтуль за пастаноўкай таксама будуць сачыць гледачы, выказвае здагадку, што зверху, відаць, глядзець цікавей.
Бацькі Міхаіла, як ён сам расказвае, у маладосці былі ў тэатры, нават некалькі разоў: спецыяльна прыязджалі дзеля гэтага ў сталіцу. Ім вельмі спадабалася, але далей зацягнулі абставіны (праца, хатнія абавязкі, дзеці), і на тое, каб выбірацца ў іншы горад на такі праменад, не было часу.
Гучыць апошні, трэці званок. «Ого, прама як у школе!», — рэагуе Міхаіл.
Ён расказвае, што з сябрамі заўсёды пасмейваўся з тых, хто ходзіць на выставы ці ў тэатр, бо, акрамя як паспаць, там няма чаго рабіць.
І калі на сцэне з першай прамовай з’яўляецца канферансье ў выкананні эксцэнтрычнага Аляксандра Казелы, Міхаіл пачынае пазяхаць. Але хутка сітуацыю выпраўляюць жвавая полька і цыганскія спевы — наш герой ажывае і пачынае пасміхацца. Асабліва моцна яго смех гучыць падчас гісторый-анекдотаў, якія злучаюць музычныя часткі спектакля: жарты пра хітрую сутнасць габрэяў набіраюць у яго самыя высокія балы.
У антракце Міхаіл спрабуе прыкінуць, колькі маглі каштаваць усе гэтыя багатыя касцюмы, дэкарацыі ды жывы аркестр і наколькі яго могуць акупіць паказы за 8-20 рублёў па суботах і нядзелях.
Случчанін вельмі здзіўляецца, што спектаклі ідуць не толькі ў выхадныя, але і па буднях: «І што, людзі пасля працы наведваюць тэатр? Няма ў вас іншых спраў, відаць. У нас бы так ніхто не хадзіў».
Падчас перапынку нехта спускаецца ў прыбіральню, нехта ідзе да люстэрка, а іншыя — у буфет. Паспрабаваць сябе ў класічнай кіношнай сцэне «тэатр-антракт-каньяк» Міхаіл адмаўляецца, бо алкаголь ужывае толькі на вялікія святы. А вось падсілкавацца ён, можа, і хацеў бы, але чарга ў буфет і без нас збіраецца вялікая. «Дык а ў зале можна будзе даесці, калі што?», — цікавіцца Міхаіл. Калі я тлумачу, што яно, можа, і не забаронена, але лічыцца дрэнным тонам, бачна, што ён незадаволены.
Другая дзея глядзіцца яшчэ больш дынамічна. Пад фінальны хор усіх артыстаў нашы гледачы, як заўсёды, падымаюцца і апладзіруюць. Традыцыю пераймае і слуцкі госць.
«Ну, як вам?», — пытаюся я пасля на выхадзе. «Ну, бачыце, спаць мне не хацелася. Усё зроблена з розумам, прыгожа. Дзяўчыны вельмі прыгожыя, адзенне іх — таксама. Нам хацелі паказаць жыццё XX стагоддзя, і ў іх гэта атрымалася», — бачна, што Міхаілу цяжка пакуль выказаць нейкае падрабязнае меркаванне, але відавочна, што яркая абгортка зачапіла яго больш, чым сам матэрыял. Гэта ён пацвярджае і крыху пазней, калі, купіўшы на Карла Маркса піражок з бульбай і «колу», параўноўвае пастаноўку з «прыгожымі замежнымі серыяламі пра каханне».
Мы развітваемся з хлопцам да нядзелі, калі яму давядзецца паглядзець на альтэрнатыўны тэатр — прэм’ерную пастаноўку «Дом №5» Свабоднага тэатра.
«Прастытутку, што пакрыўдзіла інваліда, хацелася разарваць!»
Свабодны тэатр як брэнд з’явіўся ў Беларусі ў 2005 годзе, і яго стваральнікі Мікалай Халезін і Наталля Каляда адразу ўзялі жорсткі курс на сваю апазіцыйнасць існуючаму мастацтву, а можна сказаць, і дзяржаве. У сваіх пастаноўках яны аднымі з першых пачалі распрацоўваць дакументальны кірунак і адкрыта размаўляць пра палітыку, сэкс, беззаконне міліцыі, правы чалавека, інваліднасць. «Паглядзець» на іх пастаноўкі час ад часу прыходзіў нават АМАП. Асабліва цяжкай сітуацыя была напярэдадні выбараў 2010 года.
Ведаючы, што не ўсім непадрыхтаваным гледачам адразу заходзяць рэзкаватыя спектаклі Свабоднага з мацюкамі, я перажывала, што, мабыць, зарана адпраўляю на такі эксперымент Міхаіла, але назад шляху не было.
Яшчэ па дарозе да хаткі, дзе грае Свабодны тэатр, у Міхаіла пачаліся прыгоды. Замест свята раварыстаў на Маркса і святочна апранутых дам на выхадзе з маршруткі яго сустракалі ўдзельнікі п’янай бойкі. Тая самая гісторыя, але ўжо з іншымі персанажамі, напаткала нас і на Пушкінскай, дзе ў адным з дворыкаў мы чакалі пачатак «Дома №5», а міліцыя ў гэты час збірала па дварах п’яных буянаў.
Перад Міхаілам паўстаў іншы, спальны і не турыстычны Мінск: «Я думаў, толькі ў Слуцку засталіся такія непафарбаваныя дамы і савецкія дзіцячыя пляцоўкі, а яно і ў сталіцы масава!».
Зусім у шоку Міхаіл быў, калі ўбачыў месца, дзе акцёры Свабоднага сёння дэманструюць сваё мастацтва: гаспадарчая прыбудова ні ішла ні ў якае параўнанне з тым, што ён бачыў у пятніцу, не клеілася з уяўленнем пра тэатр як пра нешта высокае і прыгожае.
Унутры — адзін пакойчык, некалькі шэрагаў лавак, крэслы і дадатковыя падушкі на падлозе. На імправізаванай сцэне — інвалідны вазок. Усё гэта выклікала ў Міхаіла шмат пытанняў, і як сапраўдны блогер ён пачаў фіксаваць атмасферу на камеру: «Інакш сябры не павераць, якія тэатры ёсць». Хутка яго было не спыніць.
Пра пастаноўку «Дом №5» мы пісалі раней — яна прысвечаная тэме інваліднасці. Удзел у ёй бяруць як звычайныя акцёры Свабоднага, так і людзі з інваліднасцю.
Пасля таго, як заканчваецца асноўная сюжэтная лінія, акцёры выклікаюць усіх патанчыць разам з імі: Міхаіл у чарговы раз здзіўляецца і з задавальненнем падтрымлівае гэтую гульню са сціраннем яшчэ адных межаў.
«Слухайце! Ну, гэты спектакль мне куды больш спадабаўся, — дзеліцца пасля случчанін. — Тут і пра смерць ёсць (а сваякоў усе гублялі, і я бабулю з дзедам пахаваў). І пра каханне. Пра тое, што трэба любіць чалавека, а не яго багацце, чаго ў нас цяпер мала. І няважна, інвалід ён ці не. У нас у Слуцку я таксама час ад часу бачу людзей з інваліднасцю на вуліцах. Але выходзяць яны з дому вельмі рэдка. Карацей, тут неяк больш пра жыццё, пра рэальнасць, а калі песні, скокі, казкі, як у пятніцу, — такое я і па тэлевізары магу паглядзець кожны дзень».
Міхала ніколькі не засмуціла вялікая колькасць мацюкоў у пастаноўцы, і ён нават не пасаромеўся б запрасіць на такое бацькоў: «Навокал ўсе мацюкаюцца, што тут такога — гэта натуральна!» Адзіная, хто выклікаў у яго негатыў, — гэта гераіня-прастытутка. У спектаклі яе паслугамі вырашыў скарыстацца хлопец з інваліднасцю: прасіў зніжку як для ветэранаў — яна адмовіла. Міхаіл лічыць, што крыўдзіць такіх людзей ніяк нельга.
Маршрутка да Слуцка адпраўлялася з вакзала, яму карцела расказаць пра свае прыгоды бацькам. Раніцай Міхаіл пойдзе ў грыбы, але на развітанне абяцае, што цяпер будзе завітваць у Мінск часцей. Не толькі каб наведаць брата і пашпацыраваць па Нямізе, але і каб ізноў сустрэцца з тэатрам.
-
У Гомельскім драматычным тэатры — кадравыя чысткі. Зноў праз «палітыку»
-
«Будзе смешна і балюча»: «Купалаўцы» прэзентуюць заўтра новы спектакль. У галоўных ролях — Манаеў, Белахвосцік, Гарцуева
-
«Рашэнне прыйшло звонку». Што адбываецца ў віцебскім тэатры, дзе ў спектаклі прагучала «Жыве Фландрыя!» і пачалася чарада звальненняў?
Каментары