Усе мы па-ранейшаму таварышы, Саюз палякаў на Беларусі не выключэньне, піша на сваім блогу Сяргей Астравец.
Круглую дату Саюзу палякаў адзначылі па розныя бакі барыкадаў.
І там і там паны нібыта, але адныя пад крылом у роднай савецкай улады, а другія ў яе пад падазрэньнем. Дый з панамі пажадана сьціплей, начальства гэтага не разумее. Вось жа чыноўнік, які выконваў даручэньне па віншаваньні членаў польскай арганізацыі, апынуўшыся на сцэне, бадзёра як з трыбуны выгукнуў у залю: «Паважаныя таварышы!» А як яшчэ? Гаспадамі назваць іх? Нонсэнс. «Паважаныя паны!» зьвярнуцца, таксама недарэчна атрымаецца, згадзіцеся. Карацей, таварышы палякі і кропка.
У нас, як вядома, з панамі ўсю дарогу змагаліся і вельмі пасьпяхова. Па тыпу: польскія паны прыгняталі вякамі, а мы, беларусы, заўжды былі клясава чыстымі, нават цнатлівымі — парабкамі, прыгоннымі, сялянамі, дворнікамі, грузчыкамі, чорнарабочымі, далакопамі і грабарамі. Народ — працоўная сіла, карацей. Ніякага падазронага паходжаньня, толькі часам камусьці собіла нарадзіцца ад бацюшкі з матушкай, мастаку Х., напрыклад. Але й, дзякаваць Богу, памерці ён пасьпеў да нашай дарагой Вялікай равалюцы, так што зь яго й попыту няма. А вось зь пісьменьнікам З., аднак, гэта не прайшло…
У Народнай Польшчы, як памятаем, усім захацелася заставацца панамі па‑ранейшаму, альбо, наадварот, нечакана стаць імі (Хто быў нічым, той стаў усім!). Нават пралетарам і былым парабкам. Савецкаму кіраўніцтву гэта не падабалася, але цярпела. Вяртаньне да нармальнага жыцьця адбылося зьлева ад калючага дроту без землятрусаў у форме звароту: паны ўчора, паны сёньня. Гэтае салодкае слова «пан» дазваляла адчуць прысмак напаўзабароненай свабоды на вуснах нават пад сярпом з молатам. І ў няменшай ступені пад беларускім глобусам.
Адмова, грэбаваньне, нежаданьне слова «таварыш», здрада на карысьць ня нашага «пана» — гэта для ўнутранага ўжытку. «У нас няма гаспадоў, у нас усе таварышы!» — выгукнуў аднойчы ў гарадзенскім судзе сівы патрыёт у адказ на пытаньне з боку адваката. Усе таварышы ў нас! І гэта ў галаве чыноўніка зацэментавана, бо для гасьцей з‑за мяжы ў яго існуе слова «гаспада», ён жа не які‑небудзь заімшэлы марксіст, не, ён сёньня ўвогуле беспартыйны. Папросту, свае — гэта свае, родныя, таварышы, словам, палякі не выключэньне.
Я агледзеўся: а й праўда, хіба не таварышы? Мужчын побач мала цікавіла сьвяточная мітусьня на сцэне, яны прыехалі з раёну і абмяркоўвалі абед для актывістаў, нейкія свае справы. Яны не выглядалі на вясковых настаўнікаў, хаця й на трактарыстаў таксама — не. Бадай на брыгадзіраў альбо на галоўнага агранома, на заатэхніка. Сапраўды, нічога панскага, дальбог. І размаўлялі як усім зручна — на агульнай мове, ніякіх там «цо» альбо «кеды». Карацей, нагэтулькі свае, што не адрозьніш.
А прамоўца тым часам гаварыў то на польскі лад, то на расейскі. Асьвяжыў крыху даволі невыразны свой выступ цытатай зь беларускага галавы, штось пра тое, што нашыя палякі тут жывуць і выяжджаць ня маюць намеру…
Далей выказаўся ён велягурыста, але цьмяна ці блытана. І вынікала са сказанага літаральна, што задача моманту — сьцерці адрозьненьні ў культурным узроўні ня толькі паміж палякамі, што пражываюць у розных кутках Беларусі, але таксама сьцерці розьніцу «іншых нацыянальных культур». І што ён меў на ўвазе? Што ўсіх нас у паноў запісаць, незалежна паляк ці не, ці, наадварот, назад у таварышы пагалоўна?
Каментары