Улада101101

Міжнародная рэакцыя на блакаванне «Хартыі-97» стрыманая

Ад вечара 24 студзеня ў Беларусі рашэннем Міністэрства інфармацыі абмежаваны доступ да партала «Хартыя-97». Журналісты пратэстуюць, Расія прадказальна прамаўчала, але аналагічна павялі сябе і краіны Захаду.

Рашэнне было патлумачана артыкулам 38 закона «Аб сродках масавай інфармацыі». Якія варыянты забароненай інфармацыі ён прадугледжвае? Прэтэнзіі міністэрства маглі ўзнікнуць да інфармацыі аб дзейнасці незарэгістраваных арганізацый, прапаганды наркотыкаў, экстрэмісцкай інфармацыі, парнаграфіі, ці інфармацыі, якая можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі.

Галоўная рэдактарка «Хартыі» Наталля Радзіна і адзін з заснавальнікаў партала палітык Андрэй Саннікаў называюць блакаванне ўдарам па свабодзе слова. У шматлікіх інтэрв’ю для замежных СМІ яны гаварылі, што будуць заклікаць да ўвядзення супраць Беларусі санкцый. Аднак пакуль што рэакцыя міжнароднай супольнасці на блакаванне «Хартыі-97» дастаткова стрыманая.

Прэс-сакратар кіраўніка МЗС Літвы Раса Якілайцене сказала: «Гэта не першы раз і не першы партал, які блакуецца. Гэта не здзіўляе, аднак хвалюе. Свабода слова з'яўляецца адной з асноўных дэмакратычных свабод; яна ўмацоўвае, а не аслабляе дзяржаву і грамадства».

Віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай народнай партыі Паўлу Ранжэл пасля наведвання Мінска сказаў: «Я шкадую аб тым, што сітуацыя ў дачыненні да рэгістрацыі палітычных партый і грамадскіх арганізацый не палепшылася, што асабліва тычыцца БХД. Я таксама вельмі занепакоены ціскам на незалежныя сродкі масавай інфармацыі, у прыватнасці, на навінавы сайт «Хартыя-97».

Шмат увагі тэме «Хартыі» аддаюць праваабаронцы. З адмысловымі заявамі выступілі праваабаронцы-вясноўцы, «Рэпарцёры без межаў».

Прадстаўнік АБСЕ ў пытаннях свабоды СМІ Гарлем Дэзір таксама не пакінуў тэму без увагі: «Паўторнае блакаванне доступу да сайтаў у Беларусі за апошнія некалькі месяцаў выклікае трывогу. Такія дзеянні наносяць шкоду ажыццяўленню асноўных правоў чалавека на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, а таксама на свабоду СМІ».

Варта адзначыць, што пра блакаванне папулярнага сайта пішуць вядучыя сусветныя СМІ, як Washington Post, New York Times, Associated Press, CNN, BBC, Libération, France Press. Інфармацыя з’яўлялася нават у такіх экзатычных краінах, як Малайзія.

30 студзеня Мінск наведваў еўракамісар па пытаннях пашырэння і добрасуседства Ёханэс Хан. Прынамсі публічна тэму блакавання «Хартыі» ён не ўздымаў.

Не было пакуль ніякіх заяў аб сітуацыі ад прадстаўнікоў Польшчы, Германіі, Вялікабрытаніі і іншых краін.

Пра міжнародную рэакцыю на закрыццё папулярнага сайта мы паразмаўлялі з палітычным аналітыкам Аляксандрам Класкоўскім.

«Бачна, што самі людзі, датычныя да «Хартыі», спрабуюць прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці. Чуваць гучныя заявы ад Наталлі Радзінай, Андрэя Саннікава. Для іх гэта звыклыя апеляцыі.

Але можна сказаць, што Еўропа стала іншай у сваіх падыходах да беларускага рэжыму. Мы бачым візіт Ёханэса Хана, які сустракаўся з апазіцыяй, падымаў пытанні правоў чалавека на сустрэчы з Лукашэнкам. Тым не менш, танальнасць Еўропы стрыманая. Выбраная болей прагматычная лінія ў дачыненнях з беларускім кіраўніцтвам. Той жа Хан казаў, што Еўропе важная стабільнасць у рэгіёне. На гэтай глебе Брусэль і Мінск знаходзяць супольную мову.

Я не выключаю, што асобныя еўрапейскія палітыкі будуць артыкуляваць гэтую праблему. Натуральна, праваабаронцы будуць, бо нядобра ў Еўропе блакаваць інтэрнэт.

Сёння не тая сітуацыя, каб у Еўропе на сур’ёзным узроўні задумаліся пра вяртанне санкцый праз інцыдэнт з «Хартыяй». Небяспечная сама тэндэнцыя. Думаю, акуратна ў кулуарах тыя ж еўрапейскія палітыкі ўсё ж будуць прагаворваць тэму, каб беларускія ўлады не перагіналі палку. І пэўнае ўздзеянне гэта можа мець эфект. У беларускіх уладных колах таксама разумеюць, што блакаванне не дужа эфектыўнае, ёсць шмат шляхоў яе абыходжання. Нашто ўладзе страчваць нейкія пункты паразумення ў адносінах з Захадам? Цягам мінулага года мы бачылі, што ў пэўных пытаннях улады адкручвалі назад, як было з «Белым легіёнам». Не выключаю, што могуць задумацца і не працягваць гэтую кепскую тэндэнцыю.

Што тычыцца ЗША, то яны мысляць глабальнымі катэгорыямі. Амерыка мае сёння дастаткова прагматычную адміністрацыю, Трамп не выглядае на адэпта прасоўвання дэмакратыі і правоў чалавека. У ЗША няма ілюзій адносна беларускага рэжыму, але ім выгадна нармалізаваць адносіны з Мінскам, каб Беларусь не была 100%-м сатэлітам Масквы. Калі ўлічваць маштаб такога супрацьстаяння, то блакаванне аднаго асобнага сайта ў Вашынгтоне нельга разгледзець нават пад мікраскопам», — лічыць Аляксандр Класкоўскі.

Каментары101

Цяпер чытаюць

Эканаміст Львоўскі: Павышаць пенсійны ўзрост ёсць куды. Можна жанчынам павысіць28

Эканаміст Львоўскі: Павышаць пенсійны ўзрост ёсць куды. Можна жанчынам павысіць

Усе навіны →
Усе навіны

У Францыі пасля 20 гадоў забыцця выставілі працу Марка Шагала

У Беларусі знайшлі самую шматдзетную сям'ю лебедзяў1

Цела Святланы Курс будзе крэміравана24

Трамп заявіў, што збіраецца балатавацца на трэці тэрмін15

У кабінет гінеколага гомельскай паліклінікі падчас агляду жанчыны зайшоў мужчына-інжынер — але вымову зрабілі не яму28

Пры ўдары па турбазе ў акупаванай частцы Запарожжа загінулі 8 чалавек1

Янка Брыль: як шчасліва пражыць нешчаслівую эпоху3

Дроны атакавалі Цюмень больш чым за 2000 км ад мяжы Украіны2

У Батумі трапіў у аварыю мікрааўтобус з беларусамі. Два чалавекі загінулі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Эканаміст Львоўскі: Павышаць пенсійны ўзрост ёсць куды. Можна жанчынам павысіць28

Эканаміст Львоўскі: Павышаць пенсійны ўзрост ёсць куды. Можна жанчынам павысіць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць