Конкурс сэлфі2222

«Пасля выхаду на пенсію з’яўляецца адно вялікае багацце — час». Гэтыя бабулі трацяць яго не ўпустую

Мы завіталі ў госці да слухачоў Мінскага ўніверсітэта трэцяга ўзросту і паспрабавалі сябе ў ролі настаўнікаў. Тэма нашых заняткаў была не школьная і не ўніверсітэцкая, а жыццёвая — засвойвалі асновы інстаграм-культуры. Як усталяваць дадатак, як зарэгістравацца, як зрабіць сэлфі, апублікаваць здымак, змяніць фота профілю…

Удзельнікі сустрэчы (злева направа): Ірына Джагарава, Мікалай Слюнкоў, Наталля Хлопкава, Наталля Гуранкова і Жанна Яблонская. 

Амаль месяц мінуў ад старту нашага спецыяльнага конкурса з Samsung «Навучы бабулю рабіць сэлфі!» [за найцікавейшы здымак дорым адразу два шыкоўныя смартфоны Samsung Galaxy A8 і Samsung Galaxy A8+]. І ўжо збіраецца прыгожая фотагалерэя з сэлфі бабуль і і дзядуль, якія апублікавалі ў сваіх сацсетках іх унукі. Навучыць рабіць сэлфі, канечне, прасцей, чым навучыць яго потым самастойна публікаваць у свой акаўнт, але мы вырашылі паспрабаваць.

Добрыя мы настаўнікі ці так сабе — праўду нам, канечне ж, ніхто не скажа, але ўдзельнікі сустрэчы моцна дзякавалі за цярплівасць. Калі табе не 20 год, і не 30, а ўжо за 50, вучыцца хочацца, але павольна, усё занатоўваючы і паступова прамацваючы невядомую глебу. У сыноў і дачок, унукаў не заўсёды ёсць час сесці, усё паказаць і патлумачыць, часам і некалькі разоў. А самому разабрацца — гэта заданне не з простых і вымагае пэўнай смеласці.

Наталля Гуранкова дапамагае Генадзю Чыкіткіну разабрацца з інстаграмам.

Наталля Гуранкова — найбольш прасунутая ўдзельніца нашай сустрэчы. Яна ўжо дасведчаная карыстальніца інстаграма, у яе 750 фаловераў і 350 пастоў. Апошнія здымкі — з Вероны, Венецыі, Бергама, куды яна літаральна тыдзень таму ездзіла адпачываць і адкуль прывезла шмат сакавітых кадраў, што актыўна збіраюць лайкі.

«Чым мяне зацікавіў інстаграм? На маю думку, інстаграм адрознівае пэўная неперадузятасць. У тым жа фэйсбуку, калі ўжо ты ў нейкай суполцы, ці ў цябе там сябры, то проста мусіш паставіць ім лайк. І яны мне як бы таксама мусяць паставіць. У інстаграме ж усё спантанна: людзі на цябе глядзяць, падпісваюцца, ты таксама глядзіш, таксама падпісваешся. Плюс мяне зацікавіла фатаграфія, я стала больш здымаць», — тлумачыць Наталля. Яна, дарэчы, кіруе «Дамскім клубам» — гэта тэматычныя пасядзелкі за гарбатай, на якія збіраюцца 14 жанчын. Далучыцца да іх, дарэчы, ужо наўрад ці атрымаецца, бо нядаўна ў клубе вырашылі, што зашмат людзей для такога фармату — атрымліваецца балаган.

Мікалай Слюнкоў і Ірына Джагарава.

Чытайце таксама: Гісторыя япаніста Сяргея і бабулі Клары, якая жыве вышыўкай, верыць у народную медыцыну і робіць сэлфі

Яшчэ адна слухачка — Ірына Джагарава, яна кіруе арт-майстэрняй і апошнім часам асабліва цікавіцца фотамантажом, нават прайшла адмысловыя курсы. Натуральна, і інстаграм ёй цікавы, бо гэта ж таксама пра фота. 

«Разумееце, кожны ўрок, усё тое, што нам даюць, мы ўсё гэта ўбіраем і як бы хочам зрабіць шырэй, лепш, — дзеліцца вытанчаная жанчына. — Можа быць таму, што само жыццё штурхае наперад, што ў гэтым руху і ёсць сэнс жыцця.

Забываеш пра гады, абсалютна не думаеш пра тое, дзе кальнула, дзе стрэльнула, а ідзеш наперад. Табе проста не да гэтага. Скажам, ты сябе дрэнна з раніцы адчуваеш — але не, табе трэба ісці. Ледзь-ледзь устаў, пайшоў, а праз дзве гадзінкі як агурок, ужо пабег. А ў іншай сітуацыі я б проста ляжала. Чытала б, чай піла, але ці ляжала б, ці сядзела. А тут… проста цудоўна! Гады’ — не гады’. Ва ўсякім разе калі казаць пра тых, хто побач. Я бачу, што гэтыя людзі проста неверагодныя! І я бяру іх досвед, жыццёвую пазіцыю».

Іншая ўдзельніца сустрэчы Наталля Хлопкава — актыўная валанцёрка праекта «Кнізе — другое жыццё». Яна ім проста жыве! Дапамагае старым кнігам знайсці добрыя рукі — у сацустановах, дзіцячых дамах і гэтак далей. Дапамагае жанчына з літаратурай і сябрам, падкідвае добрыя выданні. Той жа размоўнік для Наталлі ў вандроўку па Італіі таксама адшукала яна.

Пра перавагі сталага ўзросту шмат гаварыць не выпадае — іх аб’ектыўна менш, што тут казаць. Але каштоўнасць адной рэчы бясспрэчная, і гэта адзначаюць усе.

«Пасля выхаду на пенсію з’яўляецца адно вялікае багацце — час. Час, які можна выкарыстоўваць куды хочаш, на што хочаш. Нехта бярэцца штосьці вырошчваць. У мяне таксама лецішча, кветкі, мне гэта падабалася, але нечага не хапала. А вось калі ў мяне з’явіўся «Дамскі клуб», вось гэтыя дзяўчаты, тады жыццё стала больш поўным, — дзеліцца думкамі Наталля Гуранкова.

— На пенсіянера як правіла вешаецца пэўны ярлык і пэўнае кола абавязкаў: градкі, унукі, закаткі. А ў нас жа патэнцыял! Калі вы, маладыя, цяпер памяняеце меркаванне грамадства пра пенсіянераў, вы сабе праз 20, 30 і больш гадоў забяспечыце іншае стаўленне. Прытым што ў іншых краінах, не ў крыўду нашаму грамадству, іншае стаўленне. У мяне два цудоўныя ўнукі, хлопцы, я з імі выдатна камунікую. Але ж нас нібыта падпіхваюць: вось табе ўнукі, вось табе градкі, вось табе пліта і закаткі. Гэта няправільна. Мы ж гатовыя быць валанцёрамі! Бо вельмі важна адчуваць сябе патрэбным. Хоць, трэба сказаць, і ў нас ужо крыху мяняецца стаўленне ў лепшы бок».

«У мяне часам пытаюцца: «А навошта ты гэтымі кнігамі займаешся? Ідзі ў бібліятэку», — развівае тэму Наталля Хлопкава. — І я адказваю: «Ты не разумееш, які я пазітыў атрымліваю ад камунікацыі з тымі, з кім я гэтым займаюся»».

Пра стасункі з унукамі жанчыны распавядаюць з усмешкай. Адзначаюць, што тыя стараюцца дапамагаць ім вывучаць гаджэты.

«Мой старэйшы ўнук Ягор вельмі мяне падцягвае ў плане карыстання тэлефонам — сядае і ўсё паказвае. Сын больш тлумачыць, а калі гаворыш — ну быццам на розных мовах», — дзеліцца Наталля Гуранкова.

«У мяне дзве дачкі і сын, яго я нарадзіла ў 39 год. Таму ён мне нібыта напалову ўнук. Бо мне тады вельмі хацелася ўнукаў, а было зразумела, што іх я дачакаюся не хутка. Сын ужо ў дзяцінстве пісаў нейкія камп’ютарныя праграмкі, ён праграмістам і стаў. Канечне, ён вельмі заняты. Але калі прыходзіць, то я сядаю з нататнікам, штосьці пытаюся і занатоўваю. Але ж я не заўсёды ведаю, што спытаць. А ён не заўсёды ведае, што мне падказаць», — кажа Наталля Хлопкава.

«А я зразумела, што трэба тыкаць. Тыкнуў — нешта знікла. Тады зноў тыкай. Спачатку я баялася, ну, як усе, мабыць. А цяпер…», — усміхаецца Наталля Гуранкова.

«І яшчэ з гэтай памяццю. Я карцінак назбірала, назбірала, ужо тэлефон і не фатаграфуе больш. Мне дзеці кажуць: «Мама, прыбяры». А мне так шкада!», — прызнаецца Наталля Хлопкава. Яна, акрамя ўсяго іншага, вяжа, робіць рукамі самыя розныя прыгожыя рэчы, таму шмат здымкаў захоўвае як прыклад таго, што калісьці можна зрабіць.

«У нас вось гэтая прага назапашвання засталася з ранейшых часоў. Але цяпер я ўжо нічога не шкадую!», — дадае Наталля Гуранкова.

***

А мы заклікаем вас, шаноўныя чытачы, не заставацца ў баку, наведвацца ў госці да сваіх бабуль ды дзядуль, вучыць іх карыстацца смартфонамі і ўсімі цудамі дасяжных тэхналогій. Ну і публікуйце іх сэлфі, стаўце хэштэгі #nn_A8belarus #SamsungBelarus ды чакайце вынікаў конкурсу. Няхай вам пашанцуе!

Як паўдзельнічаць у конкурсе

Каментары22

COVID-19 — хутчэй за ўсё, лабараторнага паходжання. Сенсацыйны вынік расследавання19

COVID-19 — хутчэй за ўсё, лабараторнага паходжання. Сенсацыйны вынік расследавання

Усе навіны →
Усе навіны

Ігара Кулея звольнілі з пасады кіраўніка рэдакцыі навін «Белсата»21

Як мінімум 56 чалавек загінулі падчас цісканіны на футбольным стадыёне ў Гвінеі

Купаўся ў моры, хадзіў у горы і зарабіў 8 тысяч еўра. Беларус расказаў пра сваю сезонную працу ў Харватыі6

Адзін са спарынг-партнёраў Лукашэнкі пазабаўляўся, даўшы інтэрв'ю нейрасетцы1

У Гомелі асудзілі ўкраінца і двух беларусаў за «агентурную дзейнасць» і «здраду дзяржаве». Летась пра іх паказвалі фільм

У цэнтры Мінска таксіст пратараніў некалькі машын ВІДЭА1

У Мінску каля Камароўкі заўважылі цэлую зграю свойскіх пацукоў. На рынку кажуць, што гэта не іхнія ВІДЭА

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным31

«Мы з вамі не па чутках ведаем, што такое культура ў нашай краіне». Што гаварылася на прадстаўленні новага міністра культуры15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

COVID-19 — хутчэй за ўсё, лабараторнага паходжання. Сенсацыйны вынік расследавання19

COVID-19 — хутчэй за ўсё, лабараторнага паходжання. Сенсацыйны вынік расследавання

Галоўнае
Усе навіны →