Улада3333

Мілінкевіч: «Гэта апошні шанец, каб Беларусь пачала перамены мірным шляхам»

Лідэр Руху «За свабоду» у інтэрвію «Gazeta Wyborcza» разважае пра Эўрасаюз, дачыненьні з Расеяй, стан беларускай апазыцыі.

Калі запытаць беларусаў, ці яны хочуць далучыцца да Расеі, то пазытыўна выкажацца толькі 2‑3% анкетаваных. Гэта вялікі посьпех, кажа Аляксандар Мілінкевіч.

GW: Эўрасаюз спыніў на паўгоду візавыя санкцыі ў дачыненьні да прадстаўнікоў беларускага ўраду. Аляксандар Лукашэнка й ягоныя чыноўнікі цяпер могуць езьдзіць у Эўропу. Ці гэта добры крок?

А. Мілінкевіч: Гэта адзіная магчымая стратэгія ўмацаваньня незалежнасьці Беларусі. Калі мы хочам супрацоўніцтва Эўрасаюзу зь Беларусьсю, то павінны адбывацца сустрэчы на найвышэйшым узроўні. Падчас апошняга візыту ў Брусэль прадстаўнікі беларускай апазыцыі прасілі ўнесьці ў сьпіс патрабаваньняў да рэжыму пункт аб свабодзе СМІ, напрыклад, дазвол на выхад апазыцыйнай прэсы. У Брусэлі гэтага не зрабілі. Але мы цешымся з таго, што ёсьць. Гэта своеасаблівае выпрабаваньне. А стаўка, як у вядомым польскім кінасэрыяле, большая за жыцьцё.

GW: Што зьяўляецца гэтай стаўкай?

А. Мілінкевіч: Гэтай стаўкай зьяўляецца незалежнасьць Беларусі. Таксама палітычныя адносіны з Расеяй. Наша эканоміка цягам дзесяцігодзьдзяў разьвіваецца толькі дзякуючы таннай расейскай энэргасыравіне. Паступова яна даражэе, а ўрад ня мае сродкаў, каб за яе плаціць. У сувязі з гэтым Расея ратуе нас крэдытамі. Беларуская запазычанасьць Расеі складае мільярды даляраў.

Калі Масква запатрабуе выплаты запазычанасьці, трэба будзе аддаць усю нацыянальную маёмасьць. А чым больш Масква будзе прысутная на Беларусі ў эканамічным сэнсе, тым хутчэй будзе павялічвацца палітычная інтэграцыя, покуль урэшце Масква вырашыць далучыць Беларусь да Расеі. На маю думку, нельга дапусьціць рэалізацыі гэтага сцэнару.

GW: Як вы думаеце, звычайнаму беларусу адпавядае эўрапейскі стыль жыцьця й эўрапейскія каштоўнасьці?

А. Мілінкевіч: Зь незалежнага сацыялягічнага апытаньня вынікае, што каля 34% беларускага насельніцтва ня толькі жадае збліжэньня з Эўропай, але й станоўча выказваецца за ўваход Беларусі ў склад Эўразьвязу. Гэта пераважна маладыя людзі з вышэйшай адукацыяй і прадпрымальнікі.

Аднак без незалежных СМІ будзе даволі цяжка пераадолець постсавецкі стэрэатып.

Афіцыйныя СМІ паведамляюць, што Захад — гэта вораг, а NATO — злачынца, адказны за ваенныя канфлікты ва ўсім сьвеце. Нягледзячы на прапаганду, палова беларусаў хоча супрацы з Эўропай. Другая палова апытаных беларусаў выказваецца за супрацу з Расеяй, але гэта зразумела, паколькі яны разьлічваюць на далейшае карыстаньне танным расейкім газам і нафтай.

Але калі запытаць беларусаў, ці жадаюць яны інтэгравацца з Расеяй, пазытыўна выказваецца толькі 2‑3% апытаных.
Гэта вялікі посьпех, паколькі яшчэ зусім нядаўна за інтэграцыю з Расеяй была амаль палова беларусаў. Таму, нават пад уладай Лукашэнкі пачуцьцё сувэрэнітэту ў народзе ўзмоцнілася. Беларусы хочуць жыць ва ўласнай краіне.

GW: У Беларусі Вас моцна крытыкуюць за падтрымку ідэі адмены эўрапейскіх санкцыяў у дачыненьні да Лукашэнкі.

А. Мілінкевіч: Сапраўды, тое, што чытаю пра сябе ў інтэрнэце, пераходзіць людзкія паняцьці. Ня ўсе апазыцыянэры мяне разумеюць. Шмат хто лічыць мяне здрайцам. Але я прытрымліваюся сваіх поглядаў. Я надалей лічу, што Эўразьвяз павінен спрабаваць размаўляць з рэжымам, можа Лукашэнка чаго‑небудзь навучыцца. Трэба спрабаваць. Пакуль не спрабуем, не даведаемся, якім чынам гэта дзейнічае.

GW: Беларуская апазыцыя падзеленая й раздробленая. Лукашэнка можа ствараць спрэчкі паміж вамі, а Захад атрымлівае супярэчлівую інфармацыю ад розных лідэраў апазыцыі. Што з гэтым зрабіць?

А. Мілінкевіч: Гэта не зусім так. Падчас апошніх парлямэнцкіх выбараў мы стварылі супольны сьпіс апазыцыйных кандыдатаў. Тры гады таму я быў адзіным супольным кандыдатам ад апазыцыі ў прэзыдэнцкіх выбарах.

Калі трэба, мы ўмеем аб’яднацца.
Моцная апазыцыйная кааліцыя павінна стварыцца вакол такіх каштоўнасьцяў, на якіх базуе аб’яднаная Эўропа: маральнасьць, хрысьціянскія каштоўнасьці, правы чалавека, дэмакратыя. На такіх прынцыпах гатовыя аб’яднацца ня толькі партыі правага кірунку, але й сацыял‑дэмакратычныя партыі, напрыклад партыя Станіслава Шушкевіча. Мы павінны аб’ядноўвацца не вакол нейкай ідэалёгіі, але вакол мадэлі разьвіцьця.

GW: Вы не баіцеся таго, што Лукашэнка ізноў пачуе, што апазыцыя набрала сілы й зноўку пачне рэпрэсіі?

А. Мілінкевіч: На сёньняшні дзень у Беларусі няма палітзьняволеных, але ў любы момант могуць пачацца арышты. Аднак, калі Лукашэнка хоча атрымаць ад Эўропы эканамічныя прэфэрэнцыі, то ён павінен пайсьці на саступкі, напрыклад, у пытаньні доступу да незалежных СМІ, альбо большай свабоды дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў. Я ведаю, што ўлада гэтага баіцца, але палітыка патрабуе кампрамісаў.

Гэта апошні шанец, каб Беларусь прайшла працэс пераменаў мірным шляхам.

GW: Чаму Лукашэнка ня даў згоды на тое, каб у парлямэнт увайшоў хаця б адзін апазыцыйны кандыдат?

А. Мілінкевіч: Пасьля таго, як улетку ён выпусьціў палітзьняволеных, ён не атрымаў ад Захаду канкрэтнага сыгналу. Я казаў, што ўжо тады трэба было адмяніць прынамсі частку санкцыяў. А так ён падумаў, што яго хочуць ашукаць.

Размаўляў Марцін Вайцяхоўскі, Gazeta Wyborcza, пераклад на беларускую Польскае радыё для замежжа

Каментары33

Цяпер чытаюць

«З вадой ляцела каменне. Усе падлогі затапіла». Як выглядае кватэра на Жукоўскага, у якой вадой выбіла вокны ВІДЭА4

«З вадой ляцела каменне. Усе падлогі затапіла». Як выглядае кватэра на Жукоўскага, у якой вадой выбіла вокны ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Мінчанка Ангеліна, якая прасіла ў Лукашэнкі кватэру за тройню, атрымала жыллё35

Трамп спадзяецца на пагадненне паміж Зяленскім і Пуціным яшчэ да суровай зімы2

На прыпынкавых павільёнах у Мінску дададуць новыя агароджы

Украінца, які ўчыніў разню ў каталіцкім кляштары ў Польшчы, змясцілі ў псіхіятрычную бальніцу

Біл Гейтс перасцярог, што ШІ можа знішчыць мільярд людзей10

У Гродне адкрылі мурал адначасова да Дня машынабудаўніка і Года беларускай жанчыны ФОТАФАКТ10

БелАЗ зноў пачаў прадаваць фірмовыя мужчынскія боты2

У Крэўскім замку знайшлі падмуркі замкавага моста1

Буданаў: Украіна гатовая да спынення агню, а Расія знаходзіць прычыны, каб гэтага не адбылося4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«З вадой ляцела каменне. Усе падлогі затапіла». Як выглядае кватэра на Жукоўскага, у якой вадой выбіла вокны ВІДЭА4

«З вадой ляцела каменне. Усе падлогі затапіла». Як выглядае кватэра на Жукоўскага, у якой вадой выбіла вокны ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць