Зісер агучыў варыянт будучыні Беларусі: «Русіфікацыя, ІТ-гігант, асіміляцыя замежнікаў»
Мы застанемся жыць у русыфікаванай краіне. Нацыянальная ідэнтычнасьць — гэта не пра беларускі этнас, а пра беларускую дзяржаву. З тымі, хто ня можа прыстасавацца да лічбавай эканомікі, нічога не паробіш. На Belarus Future Uncoference, якую правёў Цэнтар новых ідэй, заснавальнік парталу Tut.by Юры Зісер падзяліўся сваім бачаньнем будучыні. Прыводзім асноўныя тэзісы зь ягонага выступу. Піша Радыё Свабода.
1. Нацыянальная ідэя — гэта не пра мінулае, а пра будучыню
З нацыянальнай ідэяй у нас усё дрэнна. Ніхто ня ведае, што гэта такое. Яе можна толькі адчуць, чытаючы творы пісьменьнікаў, філёзафаў, мысьляроў.
Нацыянальную ідэю нельга насадзіць, ці спусьціць зьверху. У кніжках пра беларускую нацыянальную ідэю, напісаныя дзяржаўнымі прафэсарамі — там проста вада, там нічога няма.
Вось якая нацыянальная ідэя Польшчы, Бэльгіі, Францыі? На самой справе можна жыць без нацыянальнай ідэі, ці маючы яе на ўвазе падсьвядома.
Нацыянальная ідэя ня можа быць скіраванай на мінулае. Яна ня можа быць рэканструкцыяй чагосьці мінулага, яна скіраваная на будучыню.
Мой асабісты пункт гледжаньня, што нацыянальная ідэя — гэта незалежнасьць і стварэньне грамадзянскай супольнасьці.
Самаарганізаванасьць людзей шматпавярховіка, калі яны зрабілі паркоўку для ровараў, паставілі камні, каб машыны не паркаваліся на тратуары, зрабілі дзіцячы садок у сваім пад’езьдзе — усё гэта грамадзянскія ініцыятывы. Я думаю, калі мы самі робім тое, што падаецца добрым і правільным, гэта і ёсьць грамадзянская супольнасьць і нацыянальная ідэя.
2. Калі мы будзем размаўляць па-расейску, гэта ня зьменіць нацыянальнай ідэнтычнасьці. Мы тыя, кім самі сябе лічым
Праблема русыфікацыі ў нас была і, баюся, што будзе заўсёды. Хачу адзначыць, што палова нацый сьвету карыстаюцца мовамі захопнікаў. Паўночная і Паўднёвая Амэрыка. І што, Штаты нельга назваць незалежнай дзяржавай? Ці Канаду? Ці Аўстрыю?
Нават калі так здарыцца, што мы будзем размаўляць толькі па-расейску, гэта ня зьменіць нацыянальнай ідэнтычнасьці. Яна сядзіць у нас. Нам падабаецца гэтая краіна, гэтая прырода, гэтае месца. Мова важная, але яна не асноўная. Навукоўцы за апошняе дзесяцігодзьдзе прыйшлі да высновы, што самае галоўнае ў этнасе — самасьвядомасьць. Вось кім ты сябе лічыш, той ты і ёсьць. А мова, краіна — гэта другаснае. Нічога нам не пагражае.
3. Прамысловымі гігантамі мы ня будзем. Хутчэй станем айцішнымі гігантамі
Наша крэмневая даліна будзе адставаць на 30 года ад амэрыканскай і на 20 ад ізраільскай. У Ізраілі летась прадалі стартапаў на 15 мільярдаў даляраў. А ў нас дай бог, каб на 15 мільёнаў. Адставаньне застанецца. Але нам галоўнае, што мы будзем расьці і зоймем, я спадзяюся, дастойнае месца ў сьвеце.
І не абавязкова кагосьці капіяваць. Чаму мы ня можам быць самімі сабой. Чаму мы ня можам жыць на паслугах і на вытворчасьць дарагіх брэндавых тавараў? Прамысловымі гігантамі мы ніколі ня будзем. Хутчэй мы станем айцішнымі гігантамі. Для гэтага ёсьць усе перадумовы. Мы ў цэнтры Эўропы, на скрыжаваньні, і адукацыя ў агульных рысах не такая кепскае.
4. Студэнтаў трэба вучыць вучыцца
У мой час людзі вучыліся на будаўнічым факультэце і яны ведалі, што ім хутчэй за ўсё цягам працоўнага стажу не давядзецца больш нічога вывучаць. Бо гэтыя рэчы мала зьмяняюцца. Але мы бачым, як за апошнія 20 год і будаўніцтве пайшлі зьмены, зьявіліся новыя матэрыялы, новыя магчымасьці.
Усё гэта вымагае бесьперапыннай адукацыі. У нас жа навучаньне арыентаванае на мэханічнае запамінаньне пэўнага аб’ему ведаў. Але зараз трэба вывучаць ня веды, трэба вучыцца вучыцца. Рэальныя задачы трэба ставіць перад студэнтамі. Лепш за ўсё чалавек вучыцца, вырашаючы задачы рэальнага сьвету.
5. Для працы праграміста дастаткова ведаць тры арыфмэтычныя дзеяньні
Ці ўсе здольныя да ІТ-спэцыяльнасьцьяў? Для многіх задач дастаткова кадаваньня. Больш за тое, не патрабуецца вышэйшай адукацыя. Трэба ведаць тры дзеяньні, нават не чатыры. Дзяленьне ў праграмаваньні выкарыстоўваецца вельмі рэдка.
Для больш складаных задач існуюць людзі, якія скончылі факультэты дастасоўнай матэматыкі ці інфарматыку.
6. Людзей на заводах нельга перавучыць і зьмяніць. Іх проста шкада
Мне шкада старэйшае пакаленьне, якое дагэтуль працуе на заводах і баіцца новага. Гэта цяжкі выпадак. Але як казаў акадэмік Ландау, перамога новай фізычнай тэорыі дасягаецца ня шляхам перакананьня прыхільнікаў старой тэорыі, а шляхам іх выміраньня.
7. Выкладчык ня можа мець меншы даход, чым студэнт
Выкладчык дагэтуль атрымлівае заробак менш за большасьць студэнтаў. Ва Украіне ці Грузіі школьны настаўнік атрымлівае заробак у некалькі разоў вышэй за сярэдні. Калі ты маеш ступень кандыдата навук або доктара ва Ўкраіне, ты атрымліваеш вялікі заробак і пэнсію. У нас дзеля грошай абараняць дысэртацыю няма сэнсу, бо гэта капейкі. Тут наc яшчэ чакае прарыў.
8. Нацыянальнасьць — гэта дзяржава. Няма кітайскай пагрозы для Беларусі, замежнікі будуць асыміляваныя ў нас
Нацыянальнасьць — гэта дзяржава. У Савецкім Саюзе пад нацыянальнасьцю мелі на ўвазе этнічную прыналежнасьць. Многія нашыя людзі дагэтуль так думаюць.
Я ня бачу катастрофы ў нашэсьці кітайцаў ці тых, хто будзе да нас прыяжджаць на працу. Яны ўсе будуць асымілявацца і станавіцца грамадзянамі. Паглядзіце на ЗША — хіба дрэнная краіна? А там шмат этнасаў намяшана. У Нямеччыне нічога жахлівага ня здарылася. І ў нас нічога ня здарыцца.
9. Самая вялікая пагроза для краіны — страх выказацца
Калі выразіць самую вялікую пагрозу для Беларусі ў некалькіх словах? Страх выказаць сябе.
Каментары