Грамадства

Золатава расказала пра Людмілу Чэкіну ў калоніі

Галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава напісала пост пра свой партал. Пяць гадоў таму рэдакцыя была разгромленая, затрыманыя паўтара дзясятка чалавек. Марыну Золатаву і гендырэктара Людмілу Чэкіну асудзілі на 12 гадоў.

Людміла Чэкіна

«Як я спадзявалася, што мне не давядзецца пісаць гэты тэкст. Людміла Чэкіна, нашая цудоўная Міла, ужо 5 гадоў за кратамі. 1826 дзён. Гэта цяжка, балюча і несправядліва. За гэты час Людміла страціла бацьку і нават не змагла з ім развітацца, яе сын паспеў скончыць універсітэт, адслужыць у арміі і вярнуцца дадому.

Роўна 5 гадоў таму адбылася, на мой погляд, жахлівая ў маштабах краіны падзея: быў разгромлены партал Tut.by. Жахлівая — бо адразу больш за тры мільёны беларусаў (менавіта столькі ўнікальных карыстальнікаў было ў нас у той час) пазбавіліся сваёй крыніцы інфармацыі. Сілавікі ўварваліся ў офісы ТАА «Тут бай Медыя» ў Мінску і абласных цэнтрах, з ператрусамі прыйшлі ў кватэры дзясяткаў супрацоўнікаў кампаніі. 18 мая 2021 года былі затрыманыя 15 чалавек. Доступ да партала быў заблакаваны.

У СІЗА доўгія месяцы правялі 11 чалавек, а ўдава заснавальніка партала Юрыя Зісера — Юлія Чарняўская — 8 месяцаў знаходзілася пад хатнім арыштам.

Мы з генеральным дырэктарам ТАА «Тут бай Медыя» Людмілай Чэкінай затрымаліся за кратамі даўжэй за ўсіх. Нас абедзвюх прысудзілі да 12 гадоў пазбаўлення волі. Я ўжо 5 месяцаў на волі, а Людміла ўсё яшчэ там.

Мы рэдка сустракаліся з Людмілай за гэтыя пяць гадоў. Кожнае такое спатканне было нібы святам. Ці то выпадковая сустрэча па дарозе на прагулку, ці паездка на азнаямленне са справай, у суд або сустрэча на фабрыцы ў калоніі. Міла заўсёды выпраменьвае бадзёрасць і аптымізм. Не ведаю, якой цаной ёй гэта даецца.

Запомнілася адна падзея з удзелам Людмілы ў калоніі. Па нядзелях у клубе ў нас было абмеркаванне фільмаў. У той раз абмяркоўвалі выдатнае кіно — «Мікеланджэла. Бясконцасць» (так-так, мы там глядзелі не толькі пра вайну). Наш атрад, на жаль, фільм не паглядзеў — напярэдадні мы былі на бульбе, затое трапілі на абмеркаванне.

Калонія. Клуб. Дзіўныя жанчыны ў форменных касцюмах ахоўнага колеру, наўрад ці яны чулі нешта падобнае раней. Людміла за кафедрай захоплена распавядае пра Мікеланджэла, пра мастацтва Адраджэння, цытуе свайго любімага Іосіфа Бродскага. Усе слухаюць. Я ўсміхаюся. Наша Міла.

Усе два гады і тры месяцы ў СІЗА Людміла прасядзела ў адной камеры. Кажуць, яна ледзь не кожнай там пісала апеляцыі. Яе спачування і падтрымкі хапала на ўсіх. На ўсіх — незалежна ад артыкула, сацыяльнага статусу, колеру біркі. Надзвычай рэдкая якасць. І цярпенне.

У СІЗА яна пачала маляваць, вучыла на памяць вершы, якіх і раней ведала нямала. Вельмі шмат чытала. А яшчэ праводзіла трэніроўкі ў маленькіх валадарскіх дворыках і заняткі па ёзе ў камеры.

У калоніі ёй няпроста. Па-першае, статус «асобы, датычнай да тэрарыстычнай дзейнасці», не дазваляе атрымліваць грашовыя пераводы. То-бок жыць трэба на адзін заробак — рублёў 20, максімум 50. Па-другое, Людмілу зрабілі «злосніцай».

А гэта значыць, што ў яе не тры тэлефонныя званкі на месяц, а адзін. Ёсць праблемы са здароўем. Часта трэба пераносіць цяжкасці, а ў яе заўсёды былі праблемы са спінай. На пачатку сакавіка Мілу адправілі на пяць сутак у ШІЗА.

Я ведаю, яна трымаецца, не скардзіцца — яна ж не любіць скардзіцца. Але я таксама ведаю, як гэта цяжка. І я вельмі спадзяюся, што гэты кашмар для Мілы вось-вось скончыцца. І яна зможа нарэшце абняць свайго сына», — напісала Марына Золатава.

Каментары

Цяпер чытаюць

Наладжваецца бізнэс па афармленні расіянамі беларускіх ВНЖ на фіктыўных падставах. Усё дзеля куплі аўто на беларускіх нумарах

Наладжваецца бізнэс па афармленні расіянамі беларускіх ВНЖ на фіктыўных падставах. Усё дзеля куплі аўто на беларускіх нумарах

Усе навіны →
Усе навіны

У Польшчы прадаюць фотаздымак Ціханоўскай з яе аўтографам5

Тэлевышкі ў Беларусі: украінскі эксперт растлумачыў, чаму маякі на іх складаней заглушыць, чым GPS5

Беларуска на «Міс Сусвет» здзівіла сваім уборам22

Фірмовую краму магілёўскага мясакамбіната ў Мінску ўрачыста адкрывалі з удзелам ганаровай варты, святара і Карпянкова ФОТАФАКТ13

Беларусаў шакаваў рост цэнаў на скумбрыю, яйкі і сала. Вось што людзі кажуць11

Зяленскі зноў заявіў пра сістэмныя абмежаванні хуткасці Starshield над Украінай — да 161 км/г8

У Рыме ідзе «дождж» з памёту: людзі ходзяць з парасонамі ВІДЭА7

У выніку выбуху ў Санкт-Пецярбургу мог загінуць галоўны штурман 6‑й арміі ВПС і СПА5

Пакаралі літоўскіх памежнікаў, якія стаялі на шухеры пры перакідванні цыгарэт праз мяжу5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Наладжваецца бізнэс па афармленні расіянамі беларускіх ВНЖ на фіктыўных падставах. Усё дзеля куплі аўто на беларускіх нумарах

Наладжваецца бізнэс па афармленні расіянамі беларускіх ВНЖ на фіктыўных падставах. Усё дзеля куплі аўто на беларускіх нумарах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць