Гісторыя11

Як фіны сабралі адну з найбольшых у свеце калекцый старадаўніх карт 

«The Mapmakers' World: A Cultural History of the European World».

Часам шлях да адказаў цікавейшы за самі адказы.

Гэтай гісторыі магло б і не быць, каб не кніга «The Mapmaker’s World» Мар’ё Нурмінен (John Nurminen Foundation, 2015). Гэта раскошны альбом, прысвечаны культурнай гісторыі еўрапейскай карты свету.

У кнізе больш за 200 поўнакаляровых выяў: карты і глобусы (яркія, якасныя, з падрабязнасцямі), а таксама гравюры, жывапісныя палотны і іх фрагменты, на якіх паказаны тыя, хто ствараў гэтыя карты, месцы, дзе яны ствараліся, абставіны. Выявы паходзяць з розных музеяў і сховішчаў, і гэта дае падставу парадавацца за наш час.

«Старыя карты — гэта вакно ў гісторыю», — цытуюць ва ўводзінах Абрахама Артэліуса. — Ідэя, што геаграфічныя выявы могуць даць цікавыя культурна-гістарычныя звесткі пра час, у які была створана карта, зусім не новая, але гэта і робіць яе яшчэ цікавейшай».

Што цікава адзначыць нам, дык тое, што кніга перакладзена з фінскай мовы і выдадзена ў Брытаніі пры ўдзеле Брытанскай бібліятэкі. Але надрукавана ў Фінляндыі. У нас звычайна ўсё наадварот.

Але і гэтага альбома магло і не быць, калі б не англамоўнае перавыданне кнігі 1889 года «Facsimile-Atlas to the early history of cartography with reproductions of the most important maps printed in the XV and XVI centuries» і англамоўная копія нарысу 1897 года «Periplus: An Essay on the Early History of Charts and Sailing-directions» А.Э. Нардэншэльда (пераклад з шведскай).

У першым аўтар прывёў рэпрадукцыі каля сотні карт 15-16 стагоддзяў і даў нарыс гісторыі друкаванай карты свету. Другое выданне прысвечана таму, што было да карт: перыплам и парталанам, то бок планам узбярэжжа. Тут злоўлена самая сутнасць картаграфавання ў яе практычным значэнні для цывілізацыі: карта — гэта інструмент для падарожжа.

Лоўка было ў 19 стагоддзі брацца за гісторыю картаграфіі: датуль тэмай ніхто не займаўся, усе даследаванні тычыліся геаграфіі. Гэтымі ж дзвюма кніжкамі аўтар зняў вяршкі з тэмы, паклаў у падмурак два нарожныя камяні, ад якіх стала магчымым будаваць.

І самае абуральнае, што зрабіў гэта аўтар паміж справамі.

#карцінкізгісторыяй

Такім чынам, гісторыя, як заўсёды, пачынаецца з Чалавека. Адольф Эрык Нардэншэльд (1832, Фінляндыя — 1901, Швецыя) паходзіў са шведскага роду, што зусім не перашкодзіла яму стаць нацыянальным героем і для Фінляндыі: у Хельсінках ён нарадзіўся, абараняў доктарскую і — змагаўся за незалежнасць Вялікага Княства Фінляндскага ад Расійскай імперыі.

Захаваліся звесткі, нібы ў 1857 годзе падчас урачыстага абеду з нагоды абароны дысертацый (Нардэншэльд акурат быў абараніў доктарскую) малады даследчык узняў тост за незалежнасць Фінляндыі і збліжэнне з Швецыяй. Расійскія чыноўнікі, канечне ж, тут жа адабралі ў яго свежапрызначаную стыпендыю на вывучэнне Камчаткі, пазбавілі ўніверсітэцкіх пасад і вымусілі з’ехаць.

Гэта быў, без сумневаў, бясстрашны чалавек. Шукаў шлях на Паўночны полюс, падарожнічаў на Грэнландыю і Шпіцберген. У пачатку мая 1873 года Нардэншэльд з камандай першым пераадолеў Усходні ледзяны шчыт на выспе Nordaustlandet (другі па памеры ледавік Еўропы). Прычым туды і назад. Агулам было пройдзена 560 км за 25 дзён.

У 1878—1880-м Нардэншэльд кіраваў першай у гісторыі экспедыцыяй праз Паўночны марскі шлях, якая скончылася поспехам: стартавалі ад Karlskrona (Швецыя), абагнулі Еўразію з усходу і паўднёвым шляхам вярнуліся ў Стакгольм. Фінансавалі праект папалам шведскія інстытуцыі і расійскі камерсант Аляксандр Серабракоў. Дарэчы, з сабой даследчыкі бралі мастака-гравёра па дрэве.

Геолаг, мінеролаг і палярны даследчык, у нейкі момант свайго жыцця Нардэншэльд захапіўся геаграфічнымі картамі і ў выніку сабраў сваю Калекцыю.

У 1997 годзе калекцыя А.Э. Нардэншэльда была ўнесена ў міжнародны рэестр дакументальнай спадчыны «Памяць свету» ЮНЭСКА як адна з найбольш поўных у сваім родзе. У ёй 3870 назваў картаграфічных і геаграфічных выданняў, некалькі рукапісаў і каля 24 000 карт, і сёння яна захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Фінляндыі.

За калекцыю і згаданыя вышэй кнігі барона Нардэншэльда называюць заснавальнікам гісторыі картаграфіі.

#JohnNurminenFoundation

Бэкграўнд трошкі праясняе, чаму менавіта фіны выдаюць альбом «The Mapmaker’s World» пад патранажам Брытанскай бібліятэкі. Засталося высветліць ролю John Nurminen Foundation: just business альбо ўсё ж такі гэта любоў.

Сямейная кампанія John Nurminen Oy лічыць сваю гісторыю ад 1886 года: ад крамкі на ўзбярэжжы, што прадавала ў тым ліку драўніну і побытавую хімію. З часам Нурмінены пабудавалі карабель, сталі займацца перавозкамі, а цяпер іх кампанія — адзін з вядучых дыстрыбутараў навігацыйных карт і марской электронікі, а таксама буйны транспартны аператар.

У 1992 годзе ўнук Джона Нурмінена-малодшага, Юха Нурмінен, заснаваў Фундацыю Джона Нурмінена для спрыяння фінскаму мараплаўству і захавання культурнай спадчыны, інспіраванай морам. Ён зацікавіўся картамі, стаў калекцыянаваць іх. Уплыў А.Э. Нардэншэльда быў не апошняй прычынай.

«The Mapmaker’s World» — яго супольны праект з жонкай, Мар’ё Нурмінен. Пад сцягам Нардэншэльда даследчыкі наведалі безліч еўрапейскіх музеяў і, можна быць упэўненымі, антыкварных крам.

Сёння калекцыя Фундацыі — найбольшая прыватная калекцыя марскіх карт у Фінляндыі, у ёй каля 1000 рэдкіх карт, атласаў, глобусаў і кніг. Скарбы не схаваныя ў куфры і не знаходзяцца пастаянна на рэстаўрацыі: экспазіцыю ў Хельсінкі можна наведаць.

Каля 20 год таму Нурмінены заняліся таксама праблемамі экалогіі ў Балтыцы. «Мы ахоўваем Балтыйскае мора і яго скарбы для наступных пакаленняў», — так сёння фармулюе John Nurminen Foundation сваю місію.

#SeaGift

А цяпер — пра мора ў падарунак.

Нягледзячы на паспяховасць бацькоўскай кампаніі, культурная і экалагічная ўстанова John Nurminen Foundation заклікае рабіць ахвяраванні на сваю дзейнасць.

Фінам прапаноўваюць у Дзень нараджэння або іншае свята папрасіць у сваіх гасцей абысціся без падарункаў, а лепш зрабіць унёсак на праекты па ачыстцы Балтыйскага мора. Ахвяраванне ў 10 еўра ачышчае мора ад 50 кг шкодных сіне-зялёных водарасцяў. Па жаданні, арганізатары фундацыі выдадуць сертыфікат на суму ахвяравання.

Вось так дзівосна часам пераплятаюцца дабрачыннасць, клопат пра экалогію, калекцыянаванне і эканамічны поспех.

Каментары1

Дзяўчына робіць беларускамоўныя каверы на папулярныя песні. Выбар некаторых артыстаў здзіўляе1

Дзяўчына робіць беларускамоўныя каверы на папулярныя песні. Выбар некаторых артыстаў здзіўляе

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску ад удару токам загінуў 16-гадовы падлетак1

«Гэта больш не зона свабоды і праўды». Сяргей Падсасонны пакідае «Белсат»73

Гэта цікава: ці адрозніваецца вада ў кране ад вады ў трубах ацяплення?3

Рэспекты ад дактароў і спецыфіка ў войску. Прынцыпова беларускамоўны юнак расказаў, як ён адслужыў9

Якім будзе надвор’е на наступным тыдні1

Стала вядома, колькі бонусных выплат атрымаў у 2024 годзе генеральны дырэктар «Беларуськалія»3

Да 4-5 сутак у чарзе. На выездзе з Беларусі ў Еўропу безліч аўто8

У Астравецкім раёне ў смяротнае ДТЗ трапіла аўто, у якім ехалі адразу пяцёра дзяцей. Загінула жанчына

Педагог адмовіўся выконваць незаконны загад кіраўніцтва — яго за гэта яшчэ і пакаралі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзяўчына робіць беларускамоўныя каверы на папулярныя песні. Выбар некаторых артыстаў здзіўляе1

Дзяўчына робіць беларускамоўныя каверы на папулярныя песні. Выбар некаторых артыстаў здзіўляе

Галоўнае
Усе навіны →