Здарэнні11

Беларускі экіпаж на ралі «Дакар‑2009» пацярпеў аварыю

Пілот Сяргей Шкель дастаўлены ў шпіталь.

Экіпаж беларускай каманды FlexGroup пацярпеў аварыю падчас праходжання маршруту чарговага этапа ралі‑рэйда «Дакар‑2009».

Як паведамляе прэс‑служба пасольства Беларусі ў Аргенціне, 13 студзеня каманда FlexGroup (пілот — Сяргей Шкель, штурман — Аляксандр Тараненка) брала ўдзел у дзевятым этапе ралі‑марафона «Дакар‑2009», які праходзіў па тэрыторыі Чылі на кругавым адрэзку Кап’япа — Кап’япа.

Гэты маршрут пралягаў праз цяжкапраходныя пяскі пустыні Атакама. Падчас пераадолення адной з дзюн аўтамабіль беларускай каманды перакуліўся. Машына моцна пацярпела. Беларускі экіпаж скарыстаўся экстраннай кнопкай выкліку дапамогі. Экіпаж быў дастаўлены верталётам у лагер, дзе камандзе аказалі першую медыцынскую дапамогу.

Паводле інфармацыі пасольства, штурман А.Тараненка пасля агляду ўрачоў быў выпісаны з паходнага шпіталя. Пілот С.Шкель транспартаваны самалётам у адзін са шпіталяў горада Сант’яга з траўмай пазваночніка (канчатковы дыягназ урачы не ўдакладнілі).

***

Як паведаміў БелаПАН прэс‑сакратар беларускай каманды Даніла Далматаў, на гэты момант С.Шкель знаходзіцца ў шпіталі «Мутуаль» у Сант’яга. Прэс‑сакратару ўдалося звязацца з пілотам, які расказаў аб акалічнасцях здарэння: «Дзесьці на 20‑м кіламетры чацвёртая дзюна апынулася вельмі «вострай». Мы ўздымаліся ўверх, і праз імгненне аўтамабіль цераз «нос» пачаў перакульвацца ўніз. Мы ўпалі. Скарысталіся кнопкай. Нас забралі на верталёце ў медпункт у бівак да месца старту. З Сашам усё ў парадку, мне зрабілі рэнтген‑здымак. Чакаю вынікаў. Што з аўтамабілем, не ведаю, механікі адправіліся да месца аварыі. Дабрацца на грузавіку туды немагчыма, мабыць, будуць спрабаваць яго завесці».

Паводле слоў Д.Далматава, сувязь была вельмі кепскай. «Па размове было зразумела, што Сяргей Шкель вельмі расстроены, але голас бадзёры. Цікавіўся вынікамі расійскіх экіпажаў, расказаў, што на першых трох дзюнах бачыў шмат перакуленых аўтамабіляў, у тым ліку і з расійскім сцягам», — паведаміў прэс‑сакратар.

Паводле яго слоў, консульскім аддзелам пасольства Беларусі ў Аргенціне ўстаноўлены непасрэдны кантакт з урачамі. Пасольства будзе працягваць адсочваць сітуацыю з пілотам і аказваць камандзе неабходную дапамогу.

Тым часам арганізатары ралі‑марафона «Дакар‑2009» працягваюць адчуваць цяжкасці з маршрутам. Ужо некалькі спецучасткаў было скарочана, а сёння прынята рашэнне адмяніць 11‑ы этап ралі, які быў запланаваны на 14 студзеня. Падчас яго ўдзельнікі павінны былі пераадолець 445 кіламетраў ад Кап’япа (Чылі) да Фіамбалы (Аргенціна). Прычынай адмены стаў кепскі прагноз надвор’я.

Ралі‑рэйд «Дакар‑2009» упершыню праходзіць па тэрыторыі Паўднёвай Амерыкі. Маршрут разбіты на 14 этапаў. Дзевяць з іх праходзяць на тэрыторыі Аргенціны, два — у прыгранічных раёнах Аргенціны і Чылі, тры — у Чылі. Фінішуе гонка 17 студзеня ў Буэнас‑Айрэсе. За два тыдні гоншчыкі пераадолеюць шлях даўжынёй 9 тыс. 578 кіламетраў. Беларуская каманда ўдзельнічала ў гэтай гонцы ўпершыню. Тэхнічную падтрымку беларускаму экіпажу аказвалі вадзіцель‑механік Дзмітрый Запарошчанка, механікі Уладзімір Мотуз і Аляксандр Нікончык на грузавіку Mercedes Actros.

БелаПАН

Каментары1

Цяпер чытаюць

За забойства чалавека ў ІЧУ Барысава арыштавалі двух зэкаў-рэцыдывістаў і 26‑гадовага міліцыянера Кляшчонка4

За забойства чалавека ў ІЧУ Барысава арыштавалі двух зэкаў-рэцыдывістаў і 26‑гадовага міліцыянера Кляшчонка

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп усё ж атрымаў сваю прэмію міру11

Завадчанін Ігар, які вяртаўся дадому бухім, упершыню ў жыцці едзе за мяжу. А яшчэ ён халасты8

У Крамлі заявілі, што мірны план ЗША надалей будзе правіць Джарэд Кушнер7

Спявачка Доліна заявіла, што ўсё ж верне паўтара мільёна даляраў пакупніцы сваёй кватэры8

Гістарычную капліцу аднаўляюць у Стоўбцах. Якой яна будзе, «залежыць ад фінансавання»1

Мацкевіч: Абараняйце сваіх лідараў32

Хто тая жанчына, якая перакладае Лукашэнку з арабскай мовы ў ягоным турнэ?6

Вынікі лёсавання чэмпіянату свету па футболе

Пашпарт прыкрыцця, сувязь з КДБ і нават замуж за гэбіста: новыя факты пра расійскую біятланістку, якая выступала за Беларусь6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

За забойства чалавека ў ІЧУ Барысава арыштавалі двух зэкаў-рэцыдывістаў і 26‑гадовага міліцыянера Кляшчонка4

За забойства чалавека ў ІЧУ Барысава арыштавалі двух зэкаў-рэцыдывістаў і 26‑гадовага міліцыянера Кляшчонка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць