Меркаванні33

Гэтае салодкае слова...

Лібералізацыя ў дзеянні нагадвае несмяротныя творы Салтыкова-Шчадрына. Піша Віталь Тарас.

Лібералізацыя ў дзеянні нагадвае несмяротныя творы Салтыкова-Шчадрына. Піша Віталь Тарас.

Апошнім разам падобнае ўзбагачэнне палітычнай лексікі адбылося акурат чвэрць стагоддзя таму ў СССР. Тады замест рэформаў абвяшчалася перабудова, замест свабоды — галоснасць, замест дэмакратыі — дэмакратызацыя. Чым адрозніваецца дэмакратызацыя ад сапраўднай дэмакратыі, народ, праўда, зразумеў даволі хутка. Нездарма пасля разгону мірнага шэсця ў Курапаты міліцэйскія дубінкі людзі пачалі называць «дэмакратызатарамі». А што азначае ў сённяшняй Беларусі «лібералізацыя»?

Ад генералісімуса да лібералісімуса

Перш чым спрабаваць расшыфраваць сэнс гэтага «каляднага паслання» ўладаў народу, варта ўспомніць, што азначае тэрмін «лібералізм» і што за ім стаіць. Паходзіць ён ад лацінскага слова «liber» (вольны). У Расію слова «ліберальны» прыйшло з захаду ў XVIII стагоддзі і спачатку азначала «вальнадумны». Пазней яно набыло негатыўнае адценне.

Сатырык Салтыкоў-Шчадрын прысвяціў нямала ядавітых радкоў расійскім «лібералам».
Дастаткова ўспомніць «Мудрага печкура». Герой апавядання выступіў перад шчупаком з палымянай ліберальнай прамовай і быў імгненна ім праглынуты. Проста таму, што драпежная рыбіна разявіла сківіцы ад здзіўлення, і печкура плынню ўцягнула ўнутр.

Іншы расійскі сатырык — Уладзімір Вайновіч — у сваім рамане «Масква 2042» вывеў персанаж пад імем Геніялісімус. Гэта маршал КДБ Букашоў, якога за заслугі перад айчынай уганаравалі найвышэйшым званнем «Геніялісімуса» і запусцілі на арбіту ў космас, адкуль ён кіраваў з дапамогай указаў Маскарэпай. Так, паводле аўтара, называецца будучая дзяржава.

Пры канцы 1990-х у прэсе з’явілася іранічная мянушка Лібералісімус (яўна падказаная раманам Вайновіча). Так будуць называць, напрыклад, Жырыноўскага, лідэра першай з дазволеных Крамлём партыяў — ЛДПР. Пазней некаторыя апазіцыйныя публіцысты пачнуць ужываць слова «лібералісімус» і ў дачыненні да кіраўніка РБ. Але мянушка гэтая ў Беларусі не прыжылася. І не толькі таму, што, адрозна ад прыдуманага Геніялісімуса, ад якога, паводле раману, рэальна нічога не залежала, наш кіраўнік сапраўды кіруе ўсім жыццём дзяржавы, нават у дробязях.

Жарты на тэму лібералізму выглядаюць нясмешна, бо ў нас, яшчэ ў большай ступені, чым у Расіі, на дзяржаўным узроўні падтрымліваецца культ Генералісімуса — Іосіфа Сталіна.

Дарэчы, вынікі тэлепраекту Першага каналу «Імя Расіі», паводле якіх Сталін заняў трэцяе месца ў галасаванні, не такія бяскрыўдныя, як можа падацца. Калі ўважліва прыгледзецца, дык пераможца галасавання Аляксандр Неўскі ёсць свайго роду двайніком Сталіна. У масавай свядомасці князь Аляксандр Неўскі — гэта герой аднайменнага фільму Сяргея Эйзенштэйна. Фільм, як вядома, быў зроблены напярэдадні вайны на заказ генсека. Савецкі рэжысёр, фактычна, вывеў яго ў абліччы кінагероя. Гэта Сталін ў ідэальным варыянце — увасоблены ў непахісным ваяры з мячом у руцэ і біблейскім прароцтвам на вуснах: «Хто з мячом да нас прыйдзе, той ад мяча і загіне!» Галоўнае зло герой кінакарціны бачыць не ў татарскай Ардзе, якой вымушаны плаціць даніну, а на Захадзе, адкуль ідуць на праваслаўную Русь ненавісныя крыжаносцы-каталікі.

А паміж сярэднявечным князем і Сталіным зацясаўся Сталыпін, якога памятаюць у народзе дзякуючы «сталыпінскім гальштукам» (ён увёў у Расіі інстытут паскораных ваенна-палявых судоў, якія канчаліся шыбеніцай).

Ці быў Каліноўскі лібералам?

Можна доўга разважаць над гісторыяй ліберальнай ідэі ды крушэннем лібералізму ў Расіі 1990-х. Але ж

у гісторыі Беларусі ўвогуле не было і няма рэальных прататыпаў дзеячаў ліберальнай ідэі.
Славутае liberum veto — права любога шляхціча заблакаваць любое рашэнне Сойму, не мае дачынення да лібералізму, хутчэй — да анархіі.

Цяжка знайсці ліберальных герояў і ў нашай літаратуры. Даводзілася, праўда, сустракацца з меркаваннем, што Кастусь Каліноўскі быў ліберальным дзеячам, паколькі змагаўся за свабоду — у тым ліку за свабоду беларускага слова. Але свабода друку ёсць усяго толькі адным з складнікаў заходняга лібералізму, які не толькі абвясціў правы чалавека на свабоду і свабоднае прадпрымальніцтва. Ён мае карані ў ідэалах гуманізму. Дарэчы, лібералы напачатку не прымалі дэмакратыі. Яны лічылі, што сам чалавек лепей за ўсіх ведае, што для яго добра. І ніякія выбары ў прадстаўнічыя інстытуцыі яму не патрэбныя. Толькі пазней лібералы сталі выступаць за свабодныя выбары як усвядомленую неабходнасць.

Лідэра нацыянальна-вызвольнага руху Каліноўскага можна назваць дэмакратам, але ж ніяк не гуманістам і не лібералам.
Час, калі ў Расіі панавалі зусім не лібералы, а такія асобы, як Мураўёў-вешальнік (папярэднік Сталыпіна?) гуманізму не спрыяў.

Сярод заснавальнікаў БНР пераважалі прыхільнікі сацыялістычнай ідэі, вельмі далёкай ад ліберальнай. Адзінае выключэнне — старшыня Белнацкаму Раман Скірмунт. Гісторыкі яго называюць то кансерватарам, то лібералам (што, насамрэч, ёсць двума бакамі аднаго медаля). Але ж смерць яго ў кастрычніку 1939 году ў сваім маёнтку ад рук сялян наўрад ці сведчыць пра поспех лібералізму ў Беларусі, ды і ва ўсёй перадваеннай Еўропе.

Цяпер Еўропа зусім не тая. У большасці краінаў ЕС ва ўладзе знаходзяцца калі не лібералы і не кансерватары, дык сацыялісты, якія часта з поспехам блакуюцца з сваімі ідэйнымі спаборнікамі. Асабліва, калі ўзнікае пагроза прыходу да ўлады крайне правых, ксенафобскіх партыяў, як гэта здарылася нядаўна, напрыклад, у Аўстрыі і Швейцарыі.

Лінгвістычны аналіз

Ці ёсць абвяшчэнне лібералізацыі з высокай трыбуны крокам насустрач сучаснай Еўропе, яе дэмакратычным і ліберальным каштоўнасцям?

Варта звярнуць увагу на само лексічнае значэнне слова.

Не лібералізм ці ліберальная ідэя, а — лібералізацыя. Да гэтага ў савецкай гісторыі былі «электрыфікацыя», «індустрыялізацыя», «калектывізацыя», «хімізацыя», нарэшце «дэмакратызацыя».
Была і «лібералізацыя» — пры Хрушчову. Тады з сталінскіх лагераў выпусцілі мільёны палітзэкаў. Аднак пазней у Беларусі лібералізацыя вылілася ў паўсюднае закрыццё цэркваў і касцёлаў і ў выгнанне беларускай мовы з большасці школаў ды афіцыйных установаў.

Так што цяперашняя лібералізацыя цалкам упісваецца ў савецкі семантычны шэраг разнастайных «-цыяў», ніводная з якіх нічога не давала звычайным людзям — ні кілбасы, ні свабоды. Новыя лозунгі абвяшчаліся ўладамі заўсёды выключна для таго, каб зацямніць, схаваць сэнс таго, што адбываецца на самай справе: замест рабскай працы — «індустрыялізацыя», замест прыгоннага права і голаду — «калектывізацыя», замест праўды пра сталінскія злачынствы — «лібералізацыя».

Падчас сустрэчы кіраўніка дзяржавы з кіраўнікамі дзяржаўных СМІ, на якой шмат гаварылася пра лібералізацыю, адзін з тэленачальнікаў згадаў пра «адно акно». Меўся на ўвазе прэзідэнцкі ўказ, паводле якога ўсе дакументы пры вырашэнні справаў можна было здаваць і атрымліваць праз адно акно, дзеля зручнасці і хуткасці. На справе гэта, канечне, вылілася ў яшчэ даўжэйшыя чэргі ва ўстановах. Кіраўнік дзяржавы не ведаў, відаць, што бюракратызм, нягледзячы на яго ўказ, па-ранейшаму працвітае. Таму ён даручыў праверыць агучаныя факты і, калі пацвердзяцца, сурова спагнаць з вінаватых. Гэта і ёсць лібералізацыя ў дзеянні. Хоць і нагадвае несмяротныя творы Салтыкова-Шчадрына.

Гэта не значыць, што не варта радавацца вызваленню палітзняволеных, вяртанню некаторых незалежных газет у шапікі, або рэгістрацыі Руху за Свабоду. Можна не толькі радавацца, але ж і паспрабаваць выкарыстаць новыя магчымасці ў практыцы, пакуль дзяржава зноў не памяняе правілы гульні. Толькі варта памятаць, што гэта менавіта гульня, гульня словаў.

Мы ведаем з нядаўняй гісторыі, што

«галоснасць» і «дэмакратызацыя» маюць тэндэнцыю ператварацца ў нешта большае.
Толькі гэтага трэба не чакаць ад улады, а дамагацца самім.

Каментары3

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная16

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп вымушана спыняе рэйды супраць імігрантаў у сельскай гаспадарцы і гатэльным бізнэсе3

Навукоўцы знайшлі просты спосаб паспрыяць росту раслін — музыка, але не кожная20

Ryanair будзе штрафаваць пасажыраў, якія парушаюць парадак1

У Гомелі 7 гадоў таму пабудавалі прыбіральню ледзь не за мільён даляраў. Як у ёй цяпер?4

У Дубаі загарэўся 67-павярховы хмарачос3

Што можа чакаць тых, каго будуць судзіць па справе «Беларускага Гаюна»?

Лукашэнка парэкамендаваў беларусам не налягаць на бульбу13

Ізраільцянам прыходзяць шпіёнскія паведамленні ад карэспандэнткі АНТ10

Усплёскі заказаў піцы каля Пентагона маглі сведчыць пра будучую атаку на Іран9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная16

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць