Як Брэстчына з «ахвяры індустрыялізацыі» ператварылася ў прамысловага лідара краіны
Адзіным рэгіёнам Беларусі, у якім за першыя два месяцы 2026‑га года вырас аб’ём прамысловай вытворчасці, стала Брэстчына. Момант сімвалічны і гістарычны. Гэта — адзіная вобласць у Беларусі, дзе няма валаўтваральных экс-савецкіх прадпрыемстваў. У яе прамысловасці дамінуе прыватны бізнэс, які ўзгадаваў сам сябе. І сёння, на фоне абвалу расійскага рынку і праблем у сусветнай эканоміцы, ён чарговым разам паказвае, у тым ліку і ўладам краіны, хто па-сапраўднаму канкурэнтаздольны ў беларускай эканоміцы, піша «Plan В».

«Гіганцкі» мінус
Гіганты без Расіі ў маштабах краіны «мінусанулі» за два месяцы ўжо на 3,7%. Брэстчына без гігантаў «плюсанула» на 3,8%, яшчэ больш па валавой вытворчасці наблізіўшыся да Гомельскай вобласці і Мінска. І гэта не адначасовы і выпадковы плюс.
Па выніках таксама складанага 2025 года Брэсцкая вобласць стала адной з трох абласцей (пасля Гродзенскай і перад Мінскай), дзе прамвытворчасць, нягледзячы на агульны мінус па краіне, вырасла. У ёй канкрэтна — на 0,9% да 2024‑га года.
Па выніках студзеня бягучага года Брэстчына была ўжо адным з двух рэгіёнаў, якія растуць у прамысловасці (пасля Гродзенскай вобласці). Плюс быў зусім нядрэнны — 5,5%. І вось па выніках студзеня-лютага, калі ці то Армуз, ці то рэканструкцыя, ці то яшчэ нешта прыбіла «Гродна Азот» у суседзяў, Брэсцкая вобласць — адзіная з прамысловым ростам у краіне.
«Ахвяра індустрыялізацыі»
А яшчэ ў 1990‑я Брэстчыну называлі па-за вочы «ахвярай індустрыялізацыі». Першая ў гісторыі Беларусі праграма індустрыялізацыі, якая адбылася ў 1930‑х гадах, не закранула яе ад слова «зусім». Не прайшлася па ёй з той прычыны, што тэрытарыяльна ў той час яна ўваходзіла ў склад Польшчы. Варшава не дадумалася да такіх праграм і не ўмешвалася ў натуральны ход рэчаў, пры якім прыватны бізнэс рабіў стаўку на мясцовыя сыравінныя рэсурсы — перапрацоўку лесу ў Пінску і выпуск кансерваў у Баранавічах.
Дзіўна, але і наступныя хвалі індустрыялізацыі ў БССР (уключаючы самую маштабную ў 1960— 1970‑я гады), увогуле абышлі Брэсцкую вобласць бокам. Мінску яны далі МАЗ і МТЗ. Гомельшчыне — Мазырскі НПЗ і БМЗ. Міншчыне — «Беларуськалій» і БелАЗ. Магілёўшчыне — «Хімвалакно» і «Белшыну». Віцебшчыне дастаўся «Нафтан», а Гродзеншчыне — «Гродна Азот».
У савецкі час у Брэсцкай вобласці мелі нейкую вагу пабудаваныя там электратэхнічны завод і «Цветатрон». Але толькі ў савецкі. Пасля распаду Саюза без ваенных заказаў Мінабароны СССР яны за лічаныя месяцы ператварыліся ў карлікаў.
Таму ў гады незалежнасці пры фармаванні планаў па росце прамысловага вала і асабліва іх выкананні на губернатараў Брэстчыны ўрад і іх калегі глядзелі паблажліва. Як на «ахвяр індустрыялізацыі». Так было за Сідорскім і Мясніковічам. У меншай, можа быць, ступені, але таксама было — за Кабяковым і Румасам. «Сядзіце вы там са сваімі фермерамі і з іх агуркамі і клубніцамі».
Фермераў, дарэчы, на Брэстчыне больш, чым у іншых рэгіёнах.
Поле зазелянела
Паблажлівасць у кабінетах Саўміна памяншалася па меры таго, як пачыналі даваць аддачу брэсцкія greenfield-праекты. Заводзікі і фабрыкі, якія на свае страх і рызыку ў 1990-я, 2000‑я і 2010‑я паадкрывалі інжынеры, прарабы, заўгасы, якія страцілі працу на мясцовых напаўгігантах. Яны будавалі іх у разліку толькі на свае сілы і магчымасці.
А ў выніку пабудавалі тое, што стварае дынаміку ў любой эканоміцы свету, — унікальныя вытворчасці. Стварылі рэгіянальных, а дзе-нідзе і сусветных лідараў.
Гэта — з нуля з’явілася ў краіне без выхаду да мора «Санта Брэмар». Гэта — «Савушкаў прадукт». Не новы, але першым у краіне перабудаваны і пераведзены на рынкавыя рэйкі за кошт прыватнага капіталу, і таму стаў №1 на рынку. Гэта — рэгіянальныя лідары па вырошчванні шампіньёнаў з афіліраванымі магутнасцямі па вытворчасці грыбніцы пад іх «Боншэ» і «БТВ-Агра». А яшчэ — міжнародны бізнэс па выпуску машын, абсталявання і матэрыялаў для дарожнай разметкі «СТіМ» з заводамі ў Беларусі, Расіі, Казахстане, Польшчы і Германіі.
Гэта — адзіная айчынная кампанія, якая выпускае сродкі абароны раслін «Франдэса». І цацачны монстр «ПП Палессе», які не пабаяўся кінуць выклік нават кітайцам і купіў ды адкрыў заводы ў Еўропе, Расіі, Турцыі і Узбекістане.
Гэта — тэхналагічны гігант «Е100», трэці на рынку паліўных карт Еўрасаюза (куды ў выніку і перабраўся канчаткова пасля 2022 года).
Гэта — брэсцкі швейны хаб і такі ж хаб, але мэблевы ў Баранавічах з усюдыіснай «Лагунай».
Прамысловых лідараў рэгіёна раней скуплялі канцэрны сусветнага ўзроўню — швейцарская Sika, Caparol, суседзі-палякі. Зараз купляюць расіяне.
Грошы, атрыманыя ад гэтых здзелак, брэсцкі бізнэс укладваў і ўкладае ў нерухомасць, гатэлі, медцэнтры.
Каментары
Дарэчы, казаць, што слынны швейны хаб утварыўся ў Берасьці на пустым месцы таксама не зусім слушна -- адпаведныя вялікія прадпрыемствы і інфраструктура (нп., ПТВ) былі ў горадзе ў позднесавецкія часы. Ну і каб збудаваць усё гэтае хараство быў створаны манструозны Будтрэст №8, два заводы буйнапанэльнага домабудаваньня і камбінат будаўнічых матэрыялаў (ня кажучы пра адпаведныя ведамасныя будаўнічыя прадпрыемствы -- чыгуначны завод ЖБК ды Берасьцесельбуд). Свае горадаўтваральныя прамысловыя прадпрыемствы былі і ў кожным раённым горадзе, а Пінск, Баранавічы і Кобрын з рацыі сваіх прамысловых магутнасьцяў мелі статус гарадоў цэнтральнага падпарадкаваньня.
Таму, па шчырасьці, я б не называў Берасьце ахвярай індустрыялізацыі -- хутчэй ахвярай дэіндустрыялізацыі першых гадоў незалежнасьці -- але гэта здарылася з усім Усходнім блёкам (акрамя, бадай, Славеніі, якая адмовілася ад рэформаў -- ці дэформаў, як каму падабаецца -- па лекалах МВФ) .
З хвалі ідустрыялізацыі найноўшых часоў варта згадаць шматпакутны акумулятарны завод -- прадмет беспрэцэдэнтных сацыяльных пратэстаў, якія моцна радыкалізавалі Берасьце напярэдадні 2020 году.
Барановичи - чистейшее индустриальное гетто. Пинск - в меньшей мере но хватало.
Весь индустриальный кластер под мелиорацию тоже выпал из поля зрения.
Крупнейший завод ЭД в Европе на свой час тоже.
Да, промки было меньше, но это вопрос того что в БССР в целом был минский энергетический кластер, и был гомельский, который строился под ЧАЭС.