Нашая Mariska Veres з Shocking Blue
Сяргей Астравец піша на сваім блогу пра «Вэнэру» у эфіры.
Паэт адной кніжкі, гурт аднога шлягера. Такім менавіта застаўся ў нашай памяці Shocking Blue. А як інакш? Так, да бліжэйшых портаў было па 100‑120 кілямэтраў, здаецца. Маракі прывозілі пад крысом вялікія вінілавыя кружэлкі, мы перапісвалі адзін у аднога. Адныя гурты рабіліся больш знаёмымі і блізкімі нават на адлегласьці, іншыя заставаліся збольшага белымі плямамі на мапе. Як, напрыклад, Shocking Blue.
Праўда, мы мелі здымкі з вокладак кружэлак і калі не маглі знайсьці запісаў, зналі, як выглядаюць, напрыклад хлопцы са Steppe Wolf. Да слова: яны сядзелі на пажарнай машыне. Здымкі прывез Юрка, ягоны бацька служыў у Паўднёвай групоўцы войскаў, так яна, здаецца, называлася. Юрка меў сапраўдны шэдэўр — натуральны Machine Head, які сам набыў у краме, ашчадзіў на абедах школьных толькі. Такой каштоўнай рэчы ў нікога больш не было. Мне надзвычай падабаўся Лорд, а таксама Бонза, які стукацеў у Led Zeppelin, ён, праўда, кепска скончыў. Але мне таксама вельмі‑і‑вельмі даспадобы і некаторыя іншыя.
Аднак тут мова пра жанчын. Здымак Shocking Blue быў у нашай калекцыі, Марішка мне падабалася, што праўда не зашмат. Здымачка яе сярод трох хлопцаў з кружэлкі — замала. Але ў суседняй клясе вучылася дзяўчына, маці якой была хіба з тых дзяцей гішпанскіх рэспубліканцаў, якія прайгралі Франку. Сапраўдная Espana! Маці была даволі бясформнай, амаль шпэтнай, як звычайная хатняя гаспадыня тады, але ў Бланкі, мабыць, фарбы радзімы продкаў выявіліся нібы каштоўная карціна, замаляваная кімсьці, але ачышчаная ад чужой фарбы. «Маўры, габрэі, хрысьціяне»…
У думках я называў дзяўчыну чамусь Пасакай, калі бачыў яе. Ці ведаеце, як перакладаецца? Здаецца, гэта было ня вельмі распаўсюджванае імя. Мову я вучыў даволі нядбайна, мяне больш цікавіла ангельская, а ў выніку жыву ў абладзе зусім іншай, да слова. Аднойчы мы сутыкнуліся з Бланкай выпадкова ў кавярні насупраць кінагмаху «Саўле», адзінай, дзе была музычная скрынка: укідаеш манэтку, націскаеш назву песьні. Мы пасядзелі з кактэйлем, паразмаўлялі пра музыку, успомнілі пра Марішку, якую агульна нагадвала Бланка. Я спытаўся ў яе пра Гішпанію (апроч іншага, мяне вельмі цікавіла тады вайна 1936‑га, палёты «паўднёвага паштовага» Сэнт‑Экса), яна сказала, што наўрад ці калі яе пабачыць. Было відаць, што яна ўсьведамляе сваё пэўнае падабенства да Марішкі.
Цёмны вінаград я люблю больш, можа таму, што вочы Бланкі былі цёмныя‑цёмныя нібы ізабэля. Але ж гэта былі вочы! Паўднёвая ноч, густая і цёплая, што зоркі бачныя на ёй яшчэ больш выразна, чым тлусты шрыфт на паперы.
Больш я ніколі яе ня бачыў. А сёньня, з учорашняга дня, яе вочы мне нагадваюць вочы Марішкі. Фотка Бланкі ў мяне захавалася ў школьным альбоме, яна не пазіравала мне, яна была вельмі натуральнай, мне гэта падабаецца ў людзях дагэтуль, у жанчынах асабліва.
Дык вось: учора я зайшоў дом, якім нядаўна забудавалі прагал паміж канструктывісцкім будынкам запольскага часу і сьціплай камяніцай каралеўскіх гадоў. Вузкай лесьвіцай я ўзьняўся вышэй і знайшоў Shocking Blue, Марішка глядзела мэлянхалічна. Я павагаўся. Спакуса сабраць клясыку, пра якую няможна было нават марыць, можа скончыцца расчараваньнем. Прыкладам: я гляджу па яшчыку канцэрт The Who. My Generation, my generation, My, My, My!.. Пасрэдна, усё вельмі пасрэдна. А яны ж былі ў першых шэрагах нібыта.
З прозай так не бывае, яна не залежыць ад году выданьня: 1968‑ы можа быць папросту знакам якасьці… Я стаўлю Shocking Blue, і ў мяне, дальбог, пачынаюць крылы рэзацца. Такі нечакана сталы ўзровень першага нават альбому і ўсё астатняе ня горшае. Ня толькі Venus, а Shocking you, a Waste of Time ды іншыя.
Хтосьці нейк напісаў (хіба ў «Нашай Ніве»): а ці не зь беларусаў Марішка, прозьвішча надта ж нашае… Мне тады падумалася: хутчэй тады украінкай была б. Яна была напалову мад’яркай, напалову немкай ці галяндкай, забыўся. Назва кружэлкі Atilla зусім невыпадковая. Яна памерла прыблізна год таму, не дажыўшы крыху да пэнсыйнага веку, Марішка Вэрэш або ВЕРЕС, Марыська.
Каментары