Гісторыя44

Верны пудзель Магілёў

— Магілёў, давай, скокні да мяне! — выцягнуўшы рукі праз рашотку, крычаў Стэнлі Іпкіс, герой Джыма Керы ў фільме «Маска», свайму разумнаму і вернаму джэк-расэл-тэр’еру. — Ну, давай, Магілёў!.. У заходнім свеце гэта мянушка зусім звычайная. І як у кожнай мянушкі, у гэтай ёсць гісторыя, расказвае гісторык Аляксей Бацюкоў.

Герцаг Энгіенскі Луі Антуан быў апошнім прадстаўніком роду Кандэ з малодшага адгалінавання Бурбонаў. Адразу пасля ўзяцця Бастыліі герцаг эмігруе і будзе ваяваць на баку контррэвалюцыйных сіл. Неаднаразова адзначаны за асабістую мужнасць, ён выходзіць на сціплую пенсію. Бярэ шлюб з пляменніцай колішняга французскага кардынала Рагана, у сядзібе якога і будзе жыць — у бадэнскім гарадку Этэнхайм, каля самай мяжы з Францыяй.

Менавіта тады ў сям’і герцага з’яўляецца верны сябар — пудзель Mohiloff, падарунак шведскага караля. Чаму шведскі кароль даў менавіта такое імя пудзелю, здагадацца лёгка. Гэта была даніна павагі легендарным продкам, заваяванні якіх дасягалі самых глухіх краёў Еўропы, і іх геаграфічныя арыенціры як трафеі клаліся ў супольную памяць нашчадкаў вікінгаў. Пудзелі ў той час былі папулярнай пародай. На французскі манер сабачку сталі зваць Маілё.

Герцаг Энгіенскі з верным Магілёвам надзіва шмат падарожнічаў па прыфранцузскіх землях як для чалавека, які адмовіўся ад амбіцый і дажывае век на пенсію ад англійскага ўрада. Да таго ж, таемныя агенты даносілі пра сакрэтныя сустрэчы герцага з невядомымі, загадкавыя ад’езды з дому на 10—12 дзён… І французы знайшлі гэтаму тлумачэнне. Высілкамі легендарнага інтрыгана Шарля Талейрана герцагу прыпісалі ролю таго самага Бурбона, якога раялісты меркавалі паставіць на чале Францыі, забіўшы Напалеона.

Талейран пры гэтым цудоўна ведаў, што насамрэч герцаг Энгіенскі ездзіў да каханкі. Адсюль і налёт загадкавасці, з якою ён пакідаў мілую кампанію жонкі і яе дзядзькі.

Напалеон тады яшчэ меў рэпутацыю рамантычнага выратавальніка рэвалюцыі. Але ён востра ўспрымаў сваю другаснасць у параўнанні з прынцам па крыві. І паўсюль бачыў здрады. Чуткі пра ўдзел герцага ў змове правакуюць Напалеона на жорсткае рашэнне. У Бадэн адпраўляецца атрад з 300 французскіх драгунаў, якія арыштоўваюць герцага Энгіенскага і вывозяць у Францыю. Пазней Напалеон у адказ на папрокі расійскага імператара Аляксандра І будзе зласліва пярэчыць.

«Я хачу вас пераканаць, — перадасць праз Талейрана Напалеон, — што калі б вы, шаноўны сябар, ведалі, што дзесьці за расійскай мяжой знаходзяцца забойцы вашага бацькі, і перасеклі б мяжу, каб арыштаваць іх, дык я б вам не пярэчыў». Гэта быў каласальны ўдар па сумленні расійскага імператара, які ў свой час з захапленнем прыняў уладу з рук забойцаў уласнага бацькі — дагэтуль набліжаных прыдворных.

Арыштаванаму герцагу Энгіенскаму прапанавалі ўзяць у доўгае падарожжа да Парыжа двух сяброў, але хто мог быць даражэйшы, чым верны пудзель Магілёў?

Усяго некалькі дзён падарожжа, хуткі суд — без адваката і суддзяў. Ваенны трыбунал. Герцаг асуджаны на смерць. Тыя з удзельнікаў, што хоць крыху захавалі розум, галосяць: паглядзіце — у Парыж са змоўшчыкамі ездзіў сустракацца зусім іншы чалавек. Герцаг Энгіенскі напісаў Напалеону ліст: «Пачытайце. Нарэшце, проста не спяшайцеся!».

Але адразу пасля суда, ноччу, Антуана Энгіенскага, Бурбона, вывелі пад сцены Венсэнскага замка на расстрэл. Побач, перад падрыхтаванай магілай, сядзеў верны пудзель Магілёў. Салдатам было нязручна цэліць у цемры, то герцага папрасілі трымаць у руцэ запалены ліхтар. «Дзякуй Богу, — сказаў пры канцы жыцця герцаг, — я паміраю як воін». І сам скамандаваў салдатам: «Плі!»

Некалькі дзён потым сабачка прасядзеў каля магілы апошняга з роду Кандэ. Яго нарэшце забярэ да сябе камендант замка. Неўзабаве ў пудзеля пачнецца ўласнае літаратурнае жыццё. Раялісты будуць пісаць шчымлівыя апавяданні пра трагічную ноч у Венсэнскім лесе. Сярод персанажаў будзе выдзяляцца гэты маленькі мопс — так-так, паступова парода сабакі памяняецца, і ўжо нельга здзіўляцца папулярным антыкварным францускім цацкам ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя — фарфоравым статуэткам мопса Маілё.

Іншыя будуць чытаць гэтыя апавяданні сваім дзецям перад сном, а дзеткі будуць прасіць: «Прачытай, тата, яшчэ раз пра Рэйн». «Ну, добра», — скажа тата і ў пакойчыку прагучыць:

«Маленькі мопс, якому не хапала дыхання, бег за карэтай свайго захопленага гаспадара да самага Рэйна. Гэта быў Маілёф, маленькі гадаванец герцага Энгіенскага. Калі салдаты заўважылі сабачку, яны проста кінулі яго ў раку. Але, нягледзячы на кволае цельца і кароткія лапкі, сабака змагаўся з плынню і дасягнуў нарэшце французскага берага. Верны мопс бег за карэтай, пакуль салдаты нарэшце не злітасцівіліся і не дазволілі яму далучыцца да свайго гаспадара».

Забойства Луі Антуана Энгіенскага жорстка ўдарыць па самім Напалеоне. Колішні выратавальнік рэвалюцыі ў вачах многіх стане ўвасабленнем сляпой і бязлітаснай дыктатуры. Лічыцца, што гэты неабачлівы расстрэл паскорыць фарміраванне Трэцяй антыфранцузскай кааліцыі з яе Аўстэрліцам. А тады была Чацвёртая, і Бярэзіна, і Ватэрлоа.

Каментары4

Цяпер чытаюць

Што вядома пра новага шпіёна беларускага ГРУ?5

Што вядома пра новага шпіёна беларускага ГРУ?

Усе навіны →
Усе навіны

Эклеры, баявое НЛП і дух «Вагнера». Што хаваецца за плотам спецназаўскай часці 321411

Гасцей кавярні просяць выходзіць, калі яны бяруць каву з сабой. А так можна?2

Туалет тыпу дзірка ў падлозе і шалёны холад у зале: беларусы абмяркоўваюць, чаму з дрэс-кодам у тэатры будзе складана10

Наўседа: Калі ў бліжэйшыя некалькі тыдняў не будзе шароў, не будзе нелегальных мігрантаў, магчыма, пачнем дыялог з Беларуссю22

У Расіі аштрафавалі расіяніна за пагрозы беларускаму сілавіку праз СМС1

Ціханоўская: 2 красавіка рэжым адзначае самае цынічнае свята11

Беларуска Аляксандра Борціч, якая здымаецца ў Расіі, змяніла акцёрскую прафесію5

Беларускамоўнага інжынера родам з Хойнікаў асудзілі — хутчэй за ўсё, па справе Гаюна3

Як беларусам адкрыць «шэнген»: ці можна паспець да лета-20265

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра новага шпіёна беларускага ГРУ?5

Што вядома пра новага шпіёна беларускага ГРУ?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць