Дык хто ж першы ўнёс у Авальную залу бел-чырвона-белы сцяг 25 жніўня 1991-га
Гістарычную справядлівасць аднавіў у допісе на старонцы ў фэйсбуку Сяргей Навумчык, дэпутат Вярхоўнага Савета, які быў не проста сведкам, але і ўдзельнікам падзей.

«Наша Ніва» зрабіла цікавы тэст пра беларускі космас, але паўтарыла міф, што нібыта Кавалёнак першым унёс у Авальную залу бел-чырвона-белы сцяг 25 жніўня 1991. Насамрэч, першай, у першыя хвіліны першага дня сесіі (не 25, а 24 жніўня) сцяг у залу ўнесла Галіна Сямдзянава.
І тут я хачу адразу адзначыць адзін важны момант і прадухіліць магчымую блытаніну, з улікам таго, што нарэшце пачалі з'яўляцца фота і відэаздымкі з тых дзён, раней невядомыя.
Нас было некалькі дэпутатаў, хто ад 363-га пакоя Дома ўрада (пакой Апазіцыі БНФ) нёс сцяг — Зянон Пазьняк, Юрась Беленькі, Барыс Гюнтар, аўтар гэтых радкоў, здаецца, таксама Валянцін Голубеў. Адназначна, Галіна яго не несла (прабачце ўжо за тое, што мы не ў поўнай ступені разумелі прынцыпы гендарнай роўнасці і лічылі, што несці нешта, цяжэйшае за дамскую сумачку, павінны мужчыны). Неслі яго ўдвух ці нават утрох, бо ён быў прымацаваны (гэта памятаю дакладна) да вялікай рыбалоўнай вуды. Перадаў нам яго нехта з плошчы (потым шукаў, але так і не здолеў даведацца хто).
На ўваходзе ў Авальную залу ахова (афіцэры КДБ) пачалі настойліва пераконваць нас, што са сцягам у залу нельга. Але рукамі не чапалі. Сцяг у Авальную залу мы ўсё ж ўнеслі. І потым каля сцэны аддалі яго Галіне, і яна вынесла яго на сцэну прэзідыума і ўсталявала па цэнтры (на фота).
Нават калі б знайшліся кадры кіна- і фотахронікі і высветлілася б, што першым пераступіў мяжу Авальнай залы са сцягам у руках нехта з нас — гэта не мае значэння. Несла да сцэны і ўсталявала сцяг у Авальнай зале Галіна Сямдзянава, і менавіта так, а ніяк інакш, гэта і павінна застацца і застанецца ў гісторыі.
А Кавалёнак унес сцяг на другі дзень, 25 жніўня. І гэта таксама застанецца ў гісторыі — што касманаўт унёс сцяг у парламент у дзень, калі была абвешчана незалежнасць.
-
Sofia, dotter till Volodar Glebovič. Дацкая каралева Сафія ўсё ж наша, менская княжна
-
Хлопец з-пад Талачына стаў агентам Масквы. Жыць яму заставалася тыдзень
-
У Германіі перапахавалі імператара Атона I Вялікага, заснавальніка Святой Рымскай імперыі. Ён прызначыў першага каталіцкага епіскапа Русі, але місію знішчылі язычнікі
Цяпер чытаюць
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
Каментары