Матчы, што прайшлі ў сераду, ніяк не адбіліся на турнірнай інтрызе: у матчы года Брэст падзяліў балы з Барысавам, а «Шахцёр» не змог скарыстацца такім падарункам, зламаўшы зубы аб моцную «Гарадзею». «Віцебск» у рэшце рэшт змог выйграць, але без скандалу ў Мазыры не абышлося: у самым канцы матча галоўны арбітр прызначыў пенальці на карысць «Славіі», але потым яго адмяніў.

Антураж гульні «Дынама-Брэст» — БАТЭ. Фота Аляксея Камялькова.

Антураж гульні «Дынама-Брэст» — БАТЭ. Фота Аляксея Камялькова.

Цяпер крыху пра матчы, што прайшлі ў мінулы ўікэнд. З іх варта адзначыць доўгачаканую вікторыю «Іслачы» і доўга-доўга чаканую перамогу «Нёмана». «Слуцк» праз кур'ёзны гол на апошніх хвілінах згубіў балы ў матчы з «Тарпеда-БелАЗ», а мінскае «Дынама» праз геройствы брамніка «Гомеля» Дзяніса Каўлінава змагло забіць тым усяго аднойчы.

А зараз да падзей наступнага тура.

«Мінск» — «Энергетык-БДУ»

Букмекеры лічаць «Мінск» адназначным фаварытам дэрбі з «Энергетыкам». Хаця «студэнты» не могуць перамагчы з сярэдзіны ліпеня, спісваць з рахункаў іх не варта, тым больш у гульні з не нашмат больш стабільным «Мінскам».

Майская гульня дзвюх мінскіх каманд скончылася буйной нічыёй. Цікава, ці парадуюць яны і на гэты раз вялікай колькасцю галоў?

Прагноз «НН»: нічыя.

«Дняпро» — «Слуцк»

Магілёўцаў і случчакоў падзяляюць пяць таблічных радкоў і дзесяць турнірных балаў, але букмекеры лічаць менавіта «Дняпро» фаварытам гульні.

«Слуцк» хаця і прайграў два апошнія матчы, але супраць больш стабільных мінскага «Дынама» і «Тарпеда-БелАЗ» глядзеўся не нашмат горш. Таму выбар экспертаў даволі дзіўны.

Прагноз «НН»: перамога «Слуцка». Паспрабуем аспрэчыць меркаванне букмекераў.

«Тарпеда-БелАЗ» — «Гомель»

Юрый Пунтус нарэшце быў прадстаўлены ў якасці галоўнага трэнера жодзінскай каманды. За папярэднім матчам сваёй новай каманды ў Слуцку ён назіраў з трыбун, а цяпер зможа кіраваць падначаленымі з трэнерскай пазіцыі.

Што датычыцца «Гомеля», то ў мінулай гульні траўмаваўся лідар каманды Віталь Квашук — яго з поля выносілі на насілках. Украінец, на шчасце ўсіх заўзятараў «бела-зялёных», пазбегнуў сур'ёзнай траўмы, і ўсе чакаюць яго вяртання на поле.

Віталь Квашук на насілках. Фота: ФК «Гомель».

Віталь Квашук на насілках. Фота: ФК «Гомель».

Прагноз «НН»: перамога «Тарпеда». Пасля сыходу Скрыпчанкі ў жодзінцаў усё, здаецца, наладзілася — дзве перамогі ў апошніх матчах. Таму спрагназуем працяг пераможнай серыі.

БАТЭ — «Нёман»

Барысаўцы ў табліцы адстаюць як ад берасцейскага «Дынама», так і ад «Шахцёра». У Брэсце БАТЭ не змагло перамагчы, цяпер застаецца чакаць канфузу канкурэнтаў і самім не губляць балы.

«Нёман», як мы казалі вышэй, змог перарваць сяміматчавую серыю без перамог. Але, здаецца, яна тут жа і пачнецца зноў.

Прагноз «НН»: перамога БАТЭ.

«Славія» — «Гарадзея»

У мінулых анонсах мы ўжо пісалі пра тое, якія часы перажывае мазырскі клуб. Да гэтых бед дадалася і дыскваліфікацыя галоўнага трэнера, які занадта бурна ўспрыняў адмену прызначанага пенальці.

«Гарадзея» выстаяла ў гульні з «Шахцёрам» і, магчыма, пакінула яго без чэмпіёнства. Так гэта ці не, будзе вядома на фінішы чэмпіянату. 

Прагноз «НН»: «Гарадзея» не саступіць. Зноў незразумелы прагноз ад букмекераў, якія, здаецца, не улічваць ані турнірнае становішча, ані вынікі апошніх матчаў.

«Віцебск» — «Іслач»

Матч каманд, якія нарэшце змаглі перамагчы. «Віцебск» змог ускочыць у першую дзясятку, а ў кантэксце «Іслачы» зноў загаварылі пра мэту ў 50 набраных балаў.

Букмекеры ж не асабліва вераць у «ваўкоў», лічачы, што імавернасць іх перамогі крыху меншая за імавернасць перамогі гаспадароў. Што ж, паглядзім.

Прагноз «НН»: тотал, меншы за 2.5.

«Дынама-Мінск» — «Шахцёр»

Мінскае «Дынама» набрала неблагі ход, выйграўшы шэсць з сямі папярэдніх матчаў і трывала замацаваўшыся на чацвёртым радку. Здаецца, і вышэй мінчукам не скокнуць, і няма канкурэнтаў за гэтую пазіцыю.

«Шахцёр», відаць, пасля няўдачы ў Гарадзеі прыедзе звышматываваным. Досвед разгрому «Дынама» ў падначаленых Ташуева маецца, таму нас чакае сапраўдны матч тура.

Прагноз «НН»: перамога «Шахцёра».

У сувязі са зняццем з чэмпіянату мінскага «Тарпеда» ва ўсіх астатніх матчах «аўтазаводцам» будзе прысуджана тэхнічная параза 0:3. На гэты раз пашанцавала брэсцкаму «Дынама». 

ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА

Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах і абавязкова схадзіце на стадыён! Лічыце сябе экспертам у беларускім футболе — зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?