Афіша1111

У Вільні ідзе маштабная выстава пра Радзівілаў

Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка. Мініяцюрны партрэт канца XVІ — пачатку XVII ст. у знакамітым даспеху са стужкай ордэна Труны Гасподняй Іерусалімскай. Фота valdovurumai.lt

Наўрад ці гістарычная спадчына якой-небудзь іншай арыстакратычнай сям’і ўвасабляе ў сябе гісторыю цэлай дзяржавы ў той меры, як для Вялікага Княства Літоўскага такой з’яўляецца мінуўшчына Радзівілаў. Упэўніцца ў гэтым можна ў Палацы вялікіх князёў літоўскіх у Вільні на выставе «Радзівілы: гісторыя і спадчына князёў».

Больш за 400 гадоў таму беларускі Нясвіж пачаў пераўтварацца ў ідэальны горад, як тое ўяўлялі эліты той эпохі. Душою гэтага маштабнага праекту быў першы нясвіжскі ардынат князь Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка. Менавіта яму належыць і ідэя стварэння вакол Нясвіжскага замка мемарыяльнага цэнтра сям'і. Такі своеасаблівы «музей» роду, які на працягу стагоддзяў быў самым цесным чынам знітаваны з дзяржаўнымі падзеямі ВКЛ. Вялікая бібліятэка, сямейны архіў і значная частка дзяржаўных актаў ВКЛ, асабістыя паперы і артэфакты прадстаўнікоў роду, партрэтная галерэя, арсенал з унікальнымі гарматамі, нумізматычны кабінет, выдатная калекцыя мастацтва…

Партрэт маладога Януша Радзівіла падчас яго навучання ў Галандыі. Давід Баі, Лейдэн, 1632 г. Фота valdovurumai.lt

На жаль, падзеі канца XVIII — першай паловы ХХ ст. не пашкадавалі гэтых збораў, якія апынуліся ў розных кутках свету. Але хто не марыў калісьці зноў убачыць іх разам у адным месцы? Ці хаця б частку іх? Дзякуючы чыннасці Нацыянальнага музея Палаца вялікіх князёў літоўскіх і асабіста князя Мацея Радзівіла мы цяпер маем такую сапраўды ўнікальную магчымасць!

Арнаментаваны посах пілігрыма Мікалая Крыштафа Радзівіла. Італія, 1582 г. Фота valdovurumai.lt

Нездарма ў цэнтры выставы постаць Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі і экспанаты, звязаны з яго знакамітай пілігрымкай на Святую зямлю. Але ўсяго і не пералічыць. Арыгіналы прывілеяў імператараў Святой Рымскай імперыі аб наданні княскага тытулу некалькім галінам роду, цэлы пакой арыгінальных партрэтаў «у вянку», што рэпрэзентуюць генеалогію сям’і на працягу стагоддзяў, выдатныя творы мастацтва, якія паўставалі па ініцыятыве розных пакаленняў Радзівілаў, зброя, посуд, медалі, кнігі, абразы, габелены, гравюры… Нават пахавальны саркафаг. Нават тэлескоп, які падараваў князь Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька Віленскаму ўніверсітэту ў 1753 г. Сотні выдатных рэчаў, якія ахопліваюць гісторыю Радзівілаў з XVI да пачатку ХІХ ст.: узлёты і падзенні, навука і падарожжы, слава і смерць самых розных прадстаўнікоў роду.

Геаграфія ўдзельнікаў выставы — ад Літвы і Украіны да Францыі і Ізраіля. Сярод іх і дзяржаўныя інстытуцыі, і прыватныя зборы, у тым ліку і з асабістай калекцыі князя Мацея Радзівіла. Нашу краіну на выставе прадстаўляюць экспанаты з Нацыянальнага мастацкага музея і Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

Наведаць выставу, прысвечаную знакамітаму роду, які стаў важнай часткай мінулага для народаў Літвы, Беларусі, Польшчы і Украіны, можна яшчэ паспець падчас калядаў да 12 студзеня ў Палацы вялікіх князёў літоўскіх у Вільні. Каштуе ўваходны квіток 4 еўра (2 еўра для школьнікаў, студэнтаў і пенсіянераў).

Грамата Фердынанда І Габсбурга аб пацвярджэнні надання Мікалаю Радзівілу Чорнаму і Мікалаю Радзівілу Рудаму тытулаў князёў Святой Рымскай імперыі. 1547 г. Фота valdovurumai.lt

Каментары11

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Юрась Зянковіч расказаў пра сваё вызваленне і шлях у ЗША6

Юрась Зянковіч расказаў пра сваё вызваленне і шлях у ЗША

Усе навіны →
Усе навіны

У Полацкім раёне міліцыянеры спынялі п'янага трактарыста стрэламі па колах

Зянковіч пра Верамейчыка: Ужывалі фізічны гвалт, каб прымусіць яго сказаць на БТ тое, што хочуць пачуць12

У Мінску гатовыя плаціць 2000 рублёў у месяц за паяданне піцы1

Прэм'ер Канады — Трампу: Канада не прадаецца1

Што вядома пра былога каліноўца Васіля Грачыху, які трапіў у рукі беларускага КДБ?4

Сёння ў Ватыкане пачынаецца канклаў кардыналаў. Будзе абраны новы Папа

Культура «бум-бум» захоплівае Захад. Замест сціпласці — вульгарнасць і паказное багацце6

Індыя нанесла ўдар абмежаванага маштабу па некалькіх цэлях у Пакістане6

Polityka пра зніклыя грошы КР: Агулам былі знятыя 118 тысяч еўра11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Юрась Зянковіч расказаў пра сваё вызваленне і шлях у ЗША6

Юрась Зянковіч расказаў пра сваё вызваленне і шлях у ЗША

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць