Меркаванні1717

«Ён хацеў хадзіць у царкву, але жонка не дазволіла: няхай лепш п’е, чым будзе баптыстам»

Піша Кастусь Шыталь.

Ілюстрацыйнае фота Надзеі Бужан.

Выйшаў з пад'езда свайго дома ў Параф'янаве а 9-й раніцы. Іду па па шашы на Докшыцы, гляджу на прыцярушаныя снегам галіны ёлак каля дарогі. За мястэчкам бачу на полі лісіцу. Яна стаяла, убачыла мяне — і рванулася ўцякаць.

У Мінску са сваёй кватэры я выходзіў з большай радасцю, чым тут. Там — сябры, сяброўкі, знаёмыя, цікавыя суразмоўцы. Аднак праз некаторы час губляецца сэнс быцця ў Мінску. Пастаяннае атрыманне гасціннасці, ўвагі, новых ведаў і ўражванняў надакучвае. І мяне цягне ў сумную правінцыю, дзе я магу нешта і аддаць - родным, землякам, мясцоваму грамадству. І вось я ўстаў раніцай і цягнуся па шашы, спадзеючыся злавіць спадарожную машыну.

Кіламетр за вёскай Свіркі, за тры кіламетры ад Параф'янава, спыняецца машына да Докшыц.

З Докшыц на Глыбокае выязджаю хутка — першая машына спыняецца каля старой запраўкі. У Глыбокае я еду, бо дужа прасіў карэспандэнт тэлевізіі, каб прыехаў запісацца. Тэлефаную і кажу: «Спыніў машыну, чалавек едзе на вуліцу Радзівілаўскую, на аўтастанцыі буду каля дзясятай сорак».

«Вы гаворыце па-беларуску… Цяпер мала хто гаворыць па-беларуску… Большасць на трасянцы, мяшанай мове, рускай і беларускай, не разбярэшся», — кажа мне кіроўца.

На аўтастанцыі заходжу ў буфет, купляю чабурэк. «Вы чыста па-беларуску гаворыце…» — кажа мне магазіншчыца. Атрымліваю чабурэк, кажу «дзякуй» — магазіншчыца ўсміхаецца мне.

З 10:30 да 14:20 выехаць аўтобусам у Докшыцы немагчыма. Мясцовыя транспартнікі ўпарта возяць у святочныя дні па раскладзе працоўнага дня. Пад Віцебскам, Мінскам на святы прыгарадныя аўтобусы ходзяць па раскладзе нядзелі. Цягнікі на Беларускай Чыгунцы — таксама. Але аўтапаркі ў Докшыцах і Глыбокім і мясцовыя райвыканкамы не даюць магчымасці людзям на свята адведаць сваякоў у далёкіх вёсках — «эканамічна немэтазгодна».

Іду на развязку на ўскраіне горада. Праз дваццаць дзве хвіліны спыняецца машына да Докшыц. Побач з кіроўцам - прыгожая маладая жанчына са светлымі валасамі і акуратна нафарбаванымі вуснамі. Паварочваецца да мяне:

— Вас случайно не Костя зовут?

— Я.

— Я вас по интернету знаю. Вы много на белорусском языке пишете…

Калі б людзі, якія прыхільна ставяцца да беларускай мовы, пачалі размаўляць па-беларуску — па-беларуску гаварыла б палова насельніцтва. А другая палова перайшла б на беларускую, гледзячы на іх.

* * *

У Докшыцах іду на госці да бацькі. Ён сёння святкуе Каляды. Пасля строгага, па праваслаўных канонах, посту, на стале з'явілася і каўбаса, і галубцы. Размаўляем, потым паказваю яму на ноўтбуку перадачы пра Глыбокае з маім удзелам.

— Гэта ж як трэба было гэтыя храмы пабудаваць! І такія высокія, і прыгожа зробленыя, і ўсё без тэхнікі… Цяпер так не зробяць, - кажа бацька.

Ад бацькі іду ў баптысцкую царкву. Алёна, прыхаджанка царквы, запрасіла мяне паглядзець калядную сцэнку, якую паставілі дзеці і дарослыя з царквы. Сцэнка атрымалася выдатная — наколькі выдатнай яна можа быць у маленькай правінцыйнай царкве, якая ахвярна ўклала шмат часу і сілаў на рэпетыцыі, дэкарацыі, касцюмы.

Сцэнку можна было б смела паставіць і ў доме культуры, і ў школе. Але хто пусціць баптыстаў у школу або клуб у «праваслаўнай» дзяржаве, дзе праваслаўныя настаўнікі і работнікі культуры даюць права выступаць сваёй канфесіі, а іншыя канфесіі не жадаюць бачыць…

Алёна расказвае пра нядаўнюю смерць аднаго чалавека ў Докшыцах. Памёр рана, піў гарэлку. «Ён хацеў быў хадзіць у царкву, але жонка не дазволіла: казала, няхай лепш п’е, чым будзе баптыстам».

Цёмныя, няшчасныя людзі!

На аўтастанцыі купляю квіток на аўтобус да Крулеўшчыны. Аўтобус, які мае статус хуткаснага і на які прадаюць квіткі па падвышаным кошце, ідзе дваццаць кіламетраў за трыццаць пяць хвілін. Вечарам, ужо ўпоцемках, іду па роднай вуліцы ў дом, дзе я выгадаваўся, дзе жыве маці. Вуліца слізкая і няроўная, справа ідуць дзве чыгуначныя лініі, гараць чырвоным уваходныя святлафоры. Вось тут, каля пяцьсот пяцьдзясят шостага кіламетра ад станцыі Балагое, другога пікета, я і выгадаваўся.

Заходжу ў хату. Дастаю і кладу на стол сушы з супермаркета «Санта», што нядаўна адкрыўся у Докшыцах — вырашыў пачаставаць маці японскімі прысмакамі. Дастаю з заплечніка невялікі падарунак — каляндар «Зорны час» з фотаздымкамі Віктара Малышчыца ды апошні нумар «Нашай гісторыі». Выпілі па кубку зялёнай гарбаты. Маці кажа, што раніцай прачытала сваім праваслаўным сяброўкам каляднае віншаванне, якое я апублікаваў у «Аднакласніках», і яны яго надта ўпадабалі.

Зайшоў у спальню. Прысеў і паглядзеў у акно, праз якое ўсё дзяцінства глядзеў на навакольны свет. Цёмна. Некалькі яблынь на агародзе. Чыгунка. З коміну качагаркі ў чыгуначным лясніцтве ідзе дым. З гэтага акна я некалі глядзеў на цягнікі, лічыў вагоны, запісваў нумары цеплавозаў. Адсюль пайшла мая цікаўнасць да навакольнага свету. А цяпер гэты выгляд здаўся мне нейкім сумным.

Развітваюся з маці, выходжу з хаты. Пераходжу чыгунку, іду па насыпе колішняга выцяжнога пуці. Пад нагамі леташняя трава і парэшткі свежага снегу. Чырвоным свецяць уваходныя светлафоры, сінім — манеўровыя каля пераезду. Далей — чырвоныя карлікавыя светлафоры. Нібы калядная гірлянда гэты россып агнёў вялікай чыгуначнай станцыі. У твар вее вільготны вецер, пад нагамі мокра, і нейкі сум на душы.

Прыходжу на вакзал, і прашу ў касе квіток на сёння, на цягнік нумар шэсцьсот сорак адзін, адзін плацкартны, да Параф’янава.

07.01.2020, Параф'янава — Глыбокае — Докшыцы — Крулеўшчына — Параф'янава.

Каментары17

Цяпер чытаюць

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?9

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?

Усе навіны →
Усе навіны

У Непале пахавалі 229 неапазнаных цел. Сотні ахвяр паводкі могуць так і застацца неапазнанымі

Стала вядома, хто стаў новым уладальнікам беларускіх лабараторый Synlab4

Пацяпленне робіць горы нестабільнымі. Ці пагражаюць абвалы ледавікоў Альпам?

На МТЗ гатовыя працаўладкаваць амаль паўтары тысячы работнікаў11

Германія рыхтуецца афіцыйна абвінаваціць Расію ў падрыхтоўцы атакі ў Лейпцыгу і ўвесці «маштабныя санкцыі»11

У ЗША маці застрэліла 11‑месячнага сына, каб бацька ніколі не атрымаў над ім апеку4

На Балі швейцарскі турыст напляваў на мясцовыя традыцыі. Наступны год ён правядзе ў турме10

Чаму ў Мінску ўсё часцей можна сустрэць дзікіх жывёл?1

КДБ затрымаў групу людзей, якіх вінавацяць у зборы закрытай інфармацыі пра абаронныя прадпрыемствы17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?9

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць