Сяргей Астравец піша на сваім блогу пра пакуты жывога Хрыста, актора.
Трэба сказаць, гарадзенскі Хрыстос быў яўна маладзейшы ад біблейскага.А надвор’е цалкам адпавядала: тэрмомэтры паказвалі шаснаццаць градусаў і болей, сонца падумала, што ўжо лета. Карацей, маладзёну ў хрыстовай апратцы напэўна было ня страшна, хаця за гадзіну крыжовага шляху, калі ён падаў на тратуар, лёгкая прастуда прынамсі яму магла пагражаць.
У Горадні ўпершыню адбыўся крыжовы шлях з удзелам самадзейных актораў! Для іншых краінаў гэта не навіна, але ў нас у вачах яшчэ піратэхнікі, якія закладаюць дынаміт пад званіцу, пад апсіду і пад Хрыста, як плянавалася ў абкамах‑гаркамах, ды ў іншых кіраўнічых установах. Дзіва што, калі крыжовы шлях спыніўся побач з месцам, дзе была ўзарваная Фара Вітаўта — якраз насупраць Катэдры, дзе шлях закончыўся.
Гэта ў нас упершыню, а ў іх там, дзе з сярпамі і молатамі бутафорскімі даўно не ганяюць пад чырвонымі сьцягамі стаяць, зусім не навіна. Памятаецца, апынаюся за калючым дротам, у сэнсе з вольнага ад калючага дроту боку, бяру ў шапіку сьвежую мясцовую газэту, і якраз яна паведамляе пра такую тэатралізаваную пастаноўку крыжовага шляху, паказаную студэнцкай моладзьдзю. Падумалася тады: як файна, але як па‑замежнаму, не па‑гарадзенску…
А Хрыстос гарадзенскі крыж меў, ясна, палегчаны, яго трымалі два маладзёны ў чорным, у маіх кадрах супраць сонца складаны цень: яны і крыж. Яны чакалі яго перад лесьвіцай з пагорка, дзе Бэрнардынскі касьцёл стаіць, ён на самым высокім месцы. Ён узяў яго і скрушна стаў спускацца, вось ён перада мной, зусім у кадры. За ім рушылі старэнькі ксёндз у сандалях, біскуп, людзі.
Потым у катэдры ксёндз сказаў, што вельмі ўсё атрымалася добра, на «старуўцы», а гістарычны спэктакль вымагае сапраўды адпаведных дэкарацый. Аднак не зусім гэта так: спачатку людзі за Хрыстом прайшлі пад танкам Т‑34 з нумарам «200», і я заўважыў, як пад самым пастамэнтам ішоў замежны гэнконсул. Першы раз Хрыстос грымнуўся ля кнігарні «Раніца», што ў хрушчоўцы. Гэта было так нечакана для ўсіх, бабулькі заплакалі нават некаторыя.
Адно добра: улады зрабілі плошчу пешаходнай, нібы адмыслова для каталіцкіх шэсьцяў, вельмі зручна, ня трэба праездную частку займаць, ад аднаго вялікага касьцёла да другога, самага вялікага. Што праўда, шлях гэты ўздоўж хрушчовачак пралягае, але «аблагароджаных» за апошні час. Ну й гучыць гэта трагікамічна: крыжовы шлях па Савецкай плошчы, але колькі гадоў па ёй трэба накруціць, каб закончылася савецкая мінуўшчына?
Нічога ня зробіш, Катэдральны касьцёл і статуя Хрыста на яго высокіх усходах — на Савецкай менавіта плошчы. Хрыстос на Савецкай плошчы, ха‑ха, і яны чакаюць натоўпы турыстаў з баксамі! Ды загнівайце вы ў сваёй улюбёнай савецкасьці! У сьвеце існуюць Ватыкан і Вэнэцыя, Прага і Дуброўнік, Вільня, Кракаў, Рыга, Талін, ды Божа мой, ёсьць куды паехаць, на што паглядзець, дзе не марынуюць бальшавіцкія мошчы з любоўю.
Вядома, што такія шэсьці, сапраўды рэлігійныя, але з тэатралізаванай часткай, безумоўна прыцягваюць турыстаў. Але нашае шэсьце, яно нашае, наш крыжовы шлях, ён наш менавіта, мы нікому яго не аддамо, дый ніхто й ня возьме, ніхто. Трэба прызнацца: нас водзяць па бальшавіцкаму рабству з радасьцю, ня дзеля таго, каб выбавіць зь яго, а каб яшчэ мацней ў ім утрываліць. І толькі ўдзел у крыжовым шляху дазваляе крыху адасобіцца хоць у душы, адчуць, што мы такія ж самыя людзі, як іншыя, хрысьціяне, толькі нас вырвалі з агульнай грамады, нас трымаюць, каб мы ня бачылі вольнага сьвету, каб Эўропа родная была для нас чужой, чужынскай, варожай, як вучыць скрынка. За ўзорваную Фару Вітаўта яны не пакаяліся…
Хрыстос‑маладзён меў апошнюю сцэну ў самым утульным месцы: пад сьцяной зь вялікім крыжам, а зьверху — наш вядомы Хрыстос, скульптурны, з крыжам на сьпіне. Месца вельмі сонечнае, цёплае, яго абступілі паўколам людзі, гэта была вулічная часовая сцэна. Маладзёны ў чорным паставілі крыж, Хрыста ўкрыжавалі! Яны трымалі яго рукі, якія ён узьняў, крыжам, ён апусьціў галаву ў цярнцы, сам у пісягагах з чырвонай тушы. Вернікі малаліся, укленчыўшы, сьпявалі.
Апошняя сцэна: Хрыста зьнялі з крыжа, ён ляжыць, яксьці ўвесь чырвоны. Людзі чакаюць, што далей? Ксёндз: хуценька‑хуценька, усе ў касьцёл, будзе «пшэмувене» біскупа». І калі большасьць, і фатографы падпарадкаваліся, ксёндз забірае хлопца‑Хрыста, які без цярновага вянка, з вельмі чырвоным ад тушы тварам і сьціплай усьмешкай ідзе проста на мяне, а я памятаю, што на сонцы ня мог прагледзець кадры і што не засталося ніводнага. Што ж, для мяне нават важней апісаць тое, што здарылася за гэтыя некалькі хвіляў, калі я бачыў перад сабой выдатны кадар, але ня ўзьняў руку і ня пстрыкнуў, бо ўражаньне, перададзенае словам, у гэтым разе для мяне важнейшае, чымсьці здымак, бо куды ён мне?
Ксёндз, Хрыстос і дзяўчына з хлопцам, якія ўдзельнічалі зь ім у сцэнах, яны зь дзевятоўскай парафіі, як памятаю я, падыходзяць да белага буса Ford, што перад пабеленым высозным турэмным мурам, рэгістрацыйны нумар 3909, здаецца, і сядаюць, Хрысту трэба добра вымыцца, перш твар.
Каментары