Выбары-20201616

«Калі раптам будуць сумленныя выбары, я набяру 10%». На сустрэчу з Дзмітрыевым ва Уздзе прыйшло 11 чалавек РЭПАРТАЖ

Пакуль Ціханоўская і кампанія сустракаюцца з тысячамі людзей, Канапацкая — з куранятамі, а Лукашэнка і Чэрачэнь — ні з кім, па краіне ціха ездзіць Андрэй Дзмітрыеў. У спробе зразумець, навошта гэта ўсё, «Наша Ніва» наведала камерную сустрэчу Дзмітрыева з электаратам горада Узда.

Сустрэча праходзіла ў мясцовым Доме культуры, але фактычна пачалася яшчэ ля дзвярэй мясцовага буйнога «Еўраопта», дзе «дзмітрыеўцы» раздавалі ўлёткі і запрашалі людзей на сустрэчу. Улёткі людзі бралі, але, хутчэй, па інэрцыі.

«Дзмітрыеў нейкі», — пакруціла на паркоўцы ўлётку мясцовая жыхарка. На пытанне, хто з кандыдатаў ёй найбольш блізкі яна не адразу, але адказала: Ціханоўская.

Выглядае, што такіх, як гэтая жанчына большасць, бо ў залі Дома культуры падчас сустрэчы з кандыдатам было толькі 15 чалавек, з якіх 4 «дзмітрыеўцы» і адзін работнік самога ДК. Насельніцтва Узды — 10 700 чалавек. 

Сталы мужчына на самым пачатку параіў Андрэю: каб больш прыйшло, трэба было даць аб’яву ў раённую газету. Хоць яна самому дарадцу і не вельмі падабаецца: бо раней пісалі пра перадавікоў вытворчасці, а цяпер, маўляў, немагчыма чытаць.

Пасля Андрэй Дзмітрыеў выступіў з невялікай прамовай, у якой расказаў пра свае ўражанні ад Уздзенскага раёна («вельмі прыгожы, але вельмі неўладкаваны»), згадаў каранавірус («улада хлусіць і нічога не робіць») і Лукашэнку («мусіць сысці, большасць хоча перамен»).

«Лукашэнка палохае народ майданам, расказвае, што беларусы нікому не патрэбныя. А яны ўсім патрэбныя, ва ўсім свеце, акрамя Беларусі: культурныя людзі, добра працуюць, спраўна плацяць падаткі», — адзначыў Дзмітрыеў. Ён падкрэсліў — у яго самога трое дзяцей, і ён хоча, каб яны засталіся жыць у Беларусі.

«Галасуйце 9 жніўня за любога альтэрнатыўнага кандыдата, каб быў другі тур. Я падтрымаю любога, хто выйдзе ў другі тур», — заклікаў Дзмітрыеў.

Пасля кароткага выступу — пытанні.

Работнік ДК Аляксандр пацікавіўся пра дзяржаўную мову: маўляў, Дзмітрыеў хоча зрабіць беларускамоўныя школы, а «ці не будзе такога, як ва Украіне ці Грузіі, калі рускае насельніцтва прыціскаюць»?

«Я за дзве мовы ў Канстытуцыі. Але каб было рэальнае двухмоўе. Прымушаць карыстацца беларускай мовай нельга, але трэба падтрымліваць тых, хто хоча ёю карыстацца. Таксама патрэбны поўны цыкл адукацыі на беларускай, каб чалавек мог вучыцца на беларускай ад садка і да магістратуры, каб беларускую мову меў любы факультэт ВНУ, — патлумачыў Дзмітрыеў. — Сам я у жыцці рускамоўны, але калі стану прэзідэнтам, то публічна буду выступаць толькі на беларускай мове, каб паказаць прыклад».

Абмеркавалі і службу ў войску. Дзмітрыеў паведаміў, што выступае за рэформу войска, і лічыць, што нельга забіраць на службу людзей, якія паступілі ў магістратуру ці дактарантуру. Але шчыра прызнаў, што, на яго думку, поўны пераход на кантрактнае войска ў бліжэйшы час немагчымы.

«Калі Расія і НАТА сутыкнуцца, нам канец. Навошта нам войска?», — пацікавіўся хтосьці з прысутных. Дзмітрыеў патлумачыў: па-першае, могуць мець месца і лакальныя канфлікты, і памежныя. А па-другое, яго больш хвалюе, што ў краіне вельмі шмат міліцыі, маўляў, вось каго трэба скарачаць.

«Служба аховы прэзідэнта гіганцкая, навошта столькі людзей? Ад каго яго бараніць?» — задаўся пытаннем кандыдат.

Спыталі і пра калгасы.

«Калгасы аджылі сваё, я за прыход вытворчых кампаній і фермераў, каб на палях былі тэхналогіі. А то сёння ў нас такая вытворчасць, што польскі яблык у краме таннейшы за беларускі, — патлумачыў Дзмітрыеў. — Ёсць куча рэчаў, якія ў Савецкім Саюзе выдатна працавалі, але ж мы ўжо не ў Саюзе. І трэба разабрацца, чаму прадпрыемствы стратныя, змагацца з кумаўством, разабрацца, што трэба прыватызаваць, а што закрываць».

Свет змяняецца, а наша ўлада не дапамагае людзям адаптавацца. Заводаў па некалькі тысяч [работнікаў] больш не будзе, ва ўсім свеце сёння аснова — гэта малы бізнэс, — падкрэсліў Дзмітрыеў.

Пагаварылі і пра медыцыну. «Чаму мы плацім падаткі, а няма бясплатных масак? Няма фактычна бясплатнай медыцыны. У Полацку мне людзі кажуць, што МРТ робяць у Смаленску», — распавёў Дзмітрыеў.

Закранулі так ці інакш шмат тэм. І інвестараў (трэба прыцягваць), і пенсіянераў (перастаць пагаршаць умовы працоўнага стажу, пенсійны ўзрост прывязаць да сярэдняй працягласці жыцця ў краіне), і алкаголь, і «табакеркі» (агромністая праблема, плюс трэба забараніць «чарнілы»), і нават смяротнае пакаранне (патрэбны мараторый, каб Беларусь узялі ў Савет Еўропы). Дзмітрыеў праз гадзіну абвясціў пра сканчэнне сустрэчы, але яшчэ хвілін трыццаць пытанні і адказы працягваліся.

Яшчэ на пачатку мерапрыемства сам Дзмітрыеў назваў сустрэчу «сяброўскай размовай» — і на яе гэта сапраўды было вельмі падобна. Сабралася купка людзей, абмяркоўваюць сёе-тое. Адзін з іх дзеліцца нязбыўнымі марамі стаць прэзідэнтам — што ж, і такое бывае.

Але ж сустрэчу хоць трохі перспектыўнага кандыдата гэта ўсё ўжо зусім не нагадвала. У прынцыпе, Дзмітрыеў — добры выступоўца, які і кажа правільныя і разумныя рэчы, і не пазбягае непапулярных адказаў, але гэта проста не яго час.

Абставіны склаліся так, што герой дня сёння — Ціханоўская, і абсалютна ўсім зразумела, што менавіта яна галоўны апанент Лукашэнкі на гэтых выбарах.

Але ж навошта тады Дзмітрыеву ўсе гэтыя рытуальныя дзеянні? Навошта губляць час і сілы на паездкі і імітацыю канкурэнцыі? Чаму не аб’яднацца са штабам Ціханоўскай, калі сапраўды хочаш доўгачаканых перамен?

Гэтыя пытанні «Наша Ніва» задала пасля сустрэчы самому Андрэю Дзмітрыеву.

«Акрамя сустрэч, мы праходзім па гарадах, я гавару з людзьмі на вуліцах. Ды і не заўсёды на мае сустрэчы прыходзіць так мала людзей, — патлумачыў ён. — Зразумела, што сёння людзі, гатовыя ісці кудысьці, прыйдуць хутчэй за ўсё на канцэрт, бо там весялей. Але ўсё роўна важна гаварыць з людзьмі. Я спрабую пераканаць тых, хто ніколі не будзе галасаваць за Ціханоўскую, каб яны ўсё роўна прыйшлі на выбары і прагаласавалі не за Лукашэнку, каб яны ўбачылі іншую альтэрнатыву.

Што мне людзі пішуць у сацсетках, напрыклад? «Раней галасавалі за Лукашэнку, цяпер будзем за вас». І чым больш такіх людзей, тым больш шанцаў, што супольна мы выцягнем гэтыя 50%».

Дзмітрыеў кажа, што аб’яднанне са штабам Ціханоўскай не лічыць патрэбным.

«Не бачу, што гэта дае і ім, і мне. Лічу патрэбнай каардынацыю, але пакуль яе няма. Можа, яны (штаб Ціханоўскай — «НН») не бачаць гэта мэтазгодным. Ад іх да мяне не паступала прапановы далучыцца», — кажа Дзмітрыеў.

За каго ж ён сам будзе галасаваць 9 жніўня?

«Паглядзім, хто дойдзе да выбараў. Паглядзім, пакуль думаю. Але лагічна, што я прагаласую за сябе».

А што са спойлерамі? Канапацкая?

«Канапацкую я ўспрымаю як частку каманды Лукашэнкі», — кажа Дзмітрыеў.

Але ж нярэдка спойлерамі называюць і яго самога, і Сяргея Чэрачня.

«Пасля майго выступу ў ЦВК, пасля маіх прамоў і дэбатаў з Гайдукевічам, я бачу, што людзей, якія так пра мяне думаюць, засталася абсалютная меншасць. Я пытаўся ў тых, хто плануе галасаваць за мяне, што яны будуць рабіць, калі я здымуся на карысць Ціханоўскай. Людзі адказваюць, што тады будуць галасаваць супраць усіх. Па розных прычынах — напрыклад, хтосьці не хоча галасаваць за жанчыну, такі настрой ёсць. А я лічу, што калі яны прагаласуюць супраць усіх, то проста аддадуць галасы Лукашэнку. Таму сёння мой выбаршчык, можа, і не прыходзіць на сустрэчы і мітынгі, але ён масавы і нам патрэбны, каб агулам набраць больш за 50%, — растлумачыў Дзмітрыеў.

— Калі раптам будуць сумленныя выбары, я думаю, што набяру каля 10%».

Каментары16

«Людзі гінуць, а яму «цікава»… Д*****б». Украінскае кіраўніцтва пры каментаванні ініцыятыў Пуціна не падбірае слоў31

«Людзі гінуць, а яму «цікава»… Д*****б». Украінскае кіраўніцтва пры каментаванні ініцыятыў Пуціна не падбірае слоў

Усе навіны →
Усе навіны

Нават калі схаваў твар, цябе пазнаюць — з'явілася новая сістэма відэаназірання6

Стаў вядомы прысуд пінскаму журналісту Яўгену Мікалаевічу, які вярнуўся ў Беларусь4

Сацыёлаг Коршунаў: Лукашэнка хоча паказаць, што ён дыктатар з чалавечым тварам, не доктар Асад

«У беларускім тэатры сёлета рост рэпрэсій. Толькі ў лістападзе звольнілі шэсць чалавек з РТБД»

У мінскім аэрапорце запускаюць электрычны перонны аўтобус1

«Растлумачце мне, дзе зайчыкі і сняжынкі?» Тата з Брэста абурыўся адзеннем чужых дзяцей на ранішніку31

Стала вядома, за што пасадзілі на чатыры гады журналістку Вольгу Радзівонаву2

Лідар паўстанцаў заявіў, што Сірыя не ўяўляе пагрозы для свету, і папрасіў зняць з краіны санкцыі7

Замежнікі змогуць прыязджаць у Беларусь па электронных візах3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Людзі гінуць, а яму «цікава»… Д*****б». Украінскае кіраўніцтва пры каментаванні ініцыятыў Пуціна не падбірае слоў31

«Людзі гінуць, а яму «цікава»… Д*****б». Украінскае кіраўніцтва пры каментаванні ініцыятыў Пуціна не падбірае слоў

Галоўнае
Усе навіны →