Грамадства77

«Амапавец намаляваў мне маркерам «3%» на лбе і пачаў збіваць»

З жудаснымі гематомамі на твары і кровападцёкамі ў вачах — такім Ягор Скарабагаты вярнуўся з ізалятара ў Жодзіне. Ён падзяліўся сваёй гісторыяй з «Нашай Нівай».

10 жніўня Ягор разам з сябрам Глебам ішоў з ГЦ «Галерэя». Яны кіраваліся ў бок трамвайных пуцей, каб дабрацца дадому. Амапаўцы перанялі хлопцаў, калі тыя спыталіся, ці можна прайсці. Пачалі аглядаць заплечнікі і раз’юшыліся, пабачыўшы белую стужку на руцэ. 

«У тую ж секунду да нас са спіны падышлі іншыя супрацоўнікі і ўзялі пад руку. Зразумеўшы, што нас вядуць не да алтару, у мяне ўсё, як той казаў, і ўпала. Павялі нас да мікрааўтобуса, дзе, упячатаўшы тварам у борт, пачалі даглядаць рэчы са словамі «я**ць ты ўпакаваны». У заплечніку ў мяне была кофта, перакіс 3%, пластыр, антысэптык для рук. Намякнулі, што я дабегаўся і сапсаваў сабе жыццё», — расказвае хлопец. Свае жарты Ягор тлумачыць спробай абараніцца ад перажытых падзей і ўспамінаў.

Хтосьці з амапаўцаў намаляваў яму маркерам 3% на лбе і патыліцы. А праз пару гадзін Ягора з сябрам пачалі жорстка збіваць.

«Глебу прылятала ў асноўным па спіне і руцэ, бо ён змог запхнуць галаву пад сядзенне. Я спрабаваў закрывацца, але мяне падняў супрацоўнік АМАПа і мэтанакіравана пачаў біць кулаком па твары, крычаў: «Ты, с*ка, яшчэ і супраціўляешся!». Пазней, калі ляжалі, з майго твару нешта капала на падлогу. Хутчэй за ўсе, гэта была кроў з носу. Дзякуй богу, што мне яшчэ не прыйшоў рахунак за абіўку ці мыццё падлогі таго бусіка.

Усе гэтыя падзеі суправаджаліся крыкамі ў стылі «Апазіцыянер х**ў», «Х*** вам ўсім трэба, праца ёсць, бабы ёсць, пажэрці ёсць», «Колькі табе заплацілі?».

Пасля хлопцаў пагрузілі ў аўтазак. У «шафцы» іх ехала пяцёра. Было вельмі душна, усе прамоклі наскрозь. У хлопца за сценкай здарыўся прыступ астмы.

«Праз гэта ў яго пачалася істэрыка, ён прасіў проста вывесці яго падыхаць, пасля выклікаць хуткую. Ему адмаўлялі, аргументуючы тым, што калі ён вырубіцца, то яго прывядуць у пачуцці. Перыядычна было чуваць, як б’юць людзей, распіхваючы па кабінках».

Ягора з сябрам даставілі ў Заводскі РАУС. Там усіх паклалі на траву тварам уніз, рукі сцягнулі за спінай. Ад холаду пачынала трэсці, многія з затрыманых былі ў лёгкіх шортах.

«На траве мы правялі гадзін 16, а то і больш. Да раніцы я налічыў, што нас было не менш за 40 чалавек», — успамінае Ягор.

За гэты час міліцыянеры змяняліся. Былі сярод іх і адэкватныя, хто дазваляў мяняць пазіцыі, вадзіў у туалет, даваў піць.

Іншыя дзейнічалі дэспатычна. Прымушалі стаяць на каленях, ігнаравалі просьбы аб медыцынскай дапамозе. Калі ў аднаго з затрыманых пачаліся моцныя сутаргі, у яго тыкалі наском бота, каб праверыць самаадчуванне. Іншаму мужчыну адмовілі даць таблеткі, хоць ён быў пасля аперацыі. На апухлы твар Ягора («твар чалавека, які быццам два месяцы піў, а пасля ўварваўся на пасеку і атрымаў па мордзе») не звярталі ніякай увагі.

Пасля хлопца павезлі ў Жодзіна. У аўтазаку частку людзей паклалі тварам уніз, астатніх прымусілі ўсю дарогу стаяць на каленях і трымаць рукі над галавой. За просьбы аслабіць сцяжку амапаўцы збівалі дубінкамі і выломлівалі рукі. «Калі вы думаеце, што вам балюча, ведайце, што заўсёды можна зрабіць горш», — папярэдзіў адзін з сілавікоў.

Каля жодзінскага ізалятара Ягора ўразілі некалькі сцэн:

«Паколькі мы не адны такія апазіцыянеры ў краіне выйшлі купіць хлебушка, то аўтазак быў не адзін, мы ў чарзе аказаліся трэцімі, а гэта хвілін 30-40 чакання. У гэты час да «нашых» амапаўцаў падышлі і спыталі, ці можа хтосьці ўправіць руку, на што тыя адказалі: «Можам толькі другую выбіць».

Але ведаеце, што было самае страшнае ў гэтым усім? Тое, што пасля гэты «мужык» у форме і масцы пры нас адказваў жонцы па тэлефоне: калі хто прыедзе, што зрабіць, дзе ключы і гэтак далей. А пасля размовы працягваў быць усё тым жа амапаўцам…»

Першая пайка за два дні — мясцовы хлеб і вада з-пад крана. У камеру, разлічаную на 12 чалавек, пасадзілі 30-40 хлапцоў.

«Неадэкватаў сярод іх не было, усе людзі розных сацыяльных статусаў, прафесій і поглядаў. Абсалютная большасць была затрымана ні за што: хтосьці выйшаў у краму, хтосьці пакурыць, хтосьці проста ехаў на машыне, пакуль яму не перакрылі дарогу, выбілі вокны і выцягнулі».

На волю Ягор выйшаў 15 жніўня. Ён ўжо здымаў пабоі. Хлопец дзякуе валанцёрам і медыкам, якія дзяжурылі пад ізалятарам, людзям, якія прапаноўвалі развозіць па дамах: «Нізкі паклон. Тое, што вы робіце, неверагодна важна».

Каментары7

Цяпер чытаюць

«Пра які саюз можна гаварыць?» Лукашэнка ў Астане раскрытыкаваў Расію за навязванне утыльзбораў11

«Пра які саюз можна гаварыць?» Лукашэнка ў Астане раскрытыкаваў Расію за навязванне утыльзбораў

Усе навіны →
Усе навіны

Статкевіч трос клетку, суддзя смяяўся, гучалі «Муры». Ігар Лосік расказаў, як судзілі фігурантаў «справы Ціханоўскага»6

Севярынец: Ды дваццаць улезе, я табе кажу13

Ракета Blue Origin мільярдэра Джэфа Безаса выбухнула на старце1

Беларусу ў Польшчы выдалілі пухліну з мозгу — цяпер ён аднаўляецца пасля спынення сэрца. Сям'я просіць дапамогі2

Беларусбанк таксама будзе патрабаваць ад кліентаў геалакацыю4

Украінскія дроны атакавалі Валгаград. Гарыць НПЗ

Даследчыкі дзесяцігоддзямі памыляліся наконт касцёла ў Будславе. Археалагічныя знаходкі абверглі старыя тэорыі12

У Румыніі расійскі дрон трапіў у шматпавярховік4

Як любоў да катоў у Японіі ператварылася ў мільярдную індустрыю1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Пра які саюз можна гаварыць?» Лукашэнка ў Астане раскрытыкаваў Расію за навязванне утыльзбораў11

«Пра які саюз можна гаварыць?» Лукашэнка ў Астане раскрытыкаваў Расію за навязванне утыльзбораў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць