Меркаванні

Вядомы беларускі юрыст: Права на супраціўленне прыгнёту вынікае з Канстытуцыі, а ў будучыні павінна быць прапісана ў ёй

Калі іншых сродкаў барацьбы ўжо няма, застаецца права на супраціўленне прыгнёту. Гэта погляд навукі. Піша Іван Пляхімовіч, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт канстытуцыйнага права. 

Пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў. Серабранка, Мінск. Фота Надзеі Бужан.

У кожнай дзяржаве заканадаўства змяшчае правы чалавека, іншыя юрыдычныя нормы і прадугледжвае спосабы іх абароны ў выпадку парушэння. Да такіх спосабаў могуць належаць звароты ў суды, іншыя дзяржаўныя органы, міжнародныя арганізацыі.

Аднак бывае, што ў дзяржаве ўстаноўлены аўтарытарызм, і асобы, якія знаходзяцца ва ўладзе, маюць адну мэту — утрымліваць гэтую ўладу любымі сродкамі. Карыстаючыся ўладнымі рэсурсамі, яны парушаюць тыя юрыдычныя нормы, рэалізацыя якіх перашкаджае іх панаванню, і блакіруюць усе спосабы юрыдычнай абароны.

Часцей за ўсё гэта нормы аб выбарах, рэферэндумах, палітычных і асабістых правах чалавека. Залежныя ад правіцеля суды ды іншыя органы фіктыўна разглядаюць справы аб абароне такіх нормаў, а рашэнні міжнародных арганізацый не выконваюцца.

Аўтарытарнай уладай ствараецца бачнасць законнасці, а спробы грамадзян ці арганізаванай апазіцыі ўздзейнічаць на дадзеную ўладу, наадварот, аб’яўляюцца па-за законам альбо ігнаруюцца.

Ці існуе спосаб выпраўлення гэтага становішча? Законам (пісаным актам дзяржавы) ён звычайна не прадугледжаны, але ці прадугледжаны ён правам?

Адказаць на пастаўленыя пытанні «не», значыць адмовіць праву ў жыццяздольнасці, абавязковасці і трапіць у юрыдычны тупік.

Атрымаецца, што права дапускае ўласнае знішчэнне.

Усялякае права асобы, народа ўключае ў сябе магчымасць яго абароны, прытым яна павінна быць дастатковай для максімальна ажыццяўляльнага аднаўлення дзеяння права.

У выпадку з аўтарытарнай уладай спосаб такой абароны існуе, ён вядомы навуцы і практыцы: гэта права на супраціўленне прыгнёту.

Зыходзячы з прававой логікі, дадзенае права трэба прызнаваць у кожнай дзяржаве, незалежна ад таго, ці замацавана яно ў законе, у тым ліку асноўным законе — канстытуцыі. Яго можна назваць правам на неабходную абарону ў шырокім сэнсе.

Права на супраціўленне прыгнёту належыць кожнаму грамадзяніну дзяржавы, групе грамадзян і народу цалкам. Дазваляецца яго рэалізацыя любым з гэтых суб’ектаў.

Права на супраціўленне прыгнёту ахоплівае розныя формы барацьбы грамадзян і народа:

  • негвалтоўнае супраціўленне, напрыклад, правядзенне масавых мерапрыемстваў, незалежна ад таго, ці санкцыянаваны яны ўладамі;
  • адмова падпарадкоўвацца, г. зн. выконваць акты органаў дзяржавы і патрабаванні прадстаўнікоў улады;
  • ігнараванне дзяржаўных тавараў ды паслуг;
  • забастоўкі.

Калі забастоўка праводзіцца ў межах працоўных адносін, то работнікі маюць права вылучаць патрабаванні толькі па эканамічных і сацыяльных пытаннях, якія ўваходзяць у кампетэнцыю наймальніка. Аднак падчас забастоўкі, якая праводзіцца ў парадку супраціўлення прыгнёту, дазваляецца заяўленне і палітычных патрабаванняў, у тым ліку зняцця аўтарытарнага правіцеля.

Каб супраціўленне было правамерным, неабходна прытрымлівацца пэўных умоў:

  • мае месца ліквідацыя ўладай канстытуцыйнага ладу, г. зн. сістэматычнае ці грубае парушэнне службовымі асобамі канстытуцыйных прынцыпаў — найбольш важных юрыдычных нормаў;
  • правамернасць мэтаў: народнае супраціўленне імкнецца прымусіць уладу да выканання канстытуцыйных прынцыпаў альбо зняць прадстаўнікоў аўтарытарнай улады і прыцягнуць іх да адказнасці;
  • суразмернасць (прапарцыянальнасць): народнае супраціўленне павінна быць суразмерным, адэкватным антыправавым мерам аўтарытарнай улады, не перавышаць межаў неабходнага супраціўлення.

Дапушчальна звяртацца да супраціўлення, калі іншыя спосабы абароны права немагчымыя ці неэфектыўныя.

Як вызначана ч. 2 арт. 3 беларускай Канстытуцыі, любыя дзеянні па змяненні канстытуцыйнага ладу і дасягненні дзяржаўнай улады гвалтоўнымі метадамі, а таксама шляхам іншага парушэння законаў караюцца згодна з законам. Аднак прыведзеная норма не забараняе супраціўлення прыгнёту; яна накладае забарону, наадварот, на дзеянні па ўзурпацыі ўлады, у тым ліку яе ўтрыманні насуперак Канстытуцыі.

Права на супраціўленне прыгнёту замацавана ў прэамбуле Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, прынятай Генеральнай асамблеяй ААН, а таксама ў канстытуцыях Германіі, Грэцыі, Славакіі, Азербайджана і некаторых іншых краін.

Паводле арт. 32 Асноўнага закона Славакіі, «грамадзяне маюць права супраціўляцца кожнаму, хто робіць замах на ажыццяўленне дэмакратычных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, прадугледжаных гэтай Канстытуцыяй, калі дзейнасць канстытуцыйных органаў і дзейснае выкарыстанне сродкаў, прадугледжаных законам, з’яўляюцца немагчымымі».

Грэчаская Канстытуцыя ў ч. 4 арт. 120 вызначае: «Выкананне Канстытуцыі давяраецца патрыятызму грэкаў, якія правамоцны і абавязаны супраціўляцца ўсімі сродкамі ўсялякай спробе яе гвалтоўнай адмены».

Наш Асноўны закон не ўтрымлівае гэткіх фармулёвак. Неабходна ўключыць іх у новую Канстытуцыю. Але нават у цяперашняй Канстытуцыі Беларусі права на супраціўленне прыгнёту вынікае з замацаванага ў арт. 7 прынцыпу вяршэнства права.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Стала вядома, што за амерыканец нядаўна быў вызвалены з беларускай турмы7

Стала вядома, што за амерыканец нядаўна быў вызвалены з беларускай турмы

Усе навіны →
Усе навіны

ЕС можа выдзеліць Украіне велізарны пакет дапамогі —700 мільярдаў еўра5

Сёлета пачнуць забудоўваць участак на рагу праспекта Незалежнасці і Валгаградскай3

Распрацоўшчык з Амстэрдама расказвае, колькі ён траціць у месяц4

Лёсаванне чэмпіянату Беларусі па футболе прайшло ў Брэсцкай крэпасці4

«Куды столькі падзець?» Беларуска атрымала гіганцкі падарунак на працы да святаў — у тыктоку зайздросцяць12

Да 2027 года штучны інтэлект можа дасягнуць узроўню «краіны геніяў». Што маецца на ўвазе?5

Палітзняволены журналіст Карней схуднеў за кратамі на 15 кг і мае праблемы з сэрцам1

Пракуратура паказала інтэр'еры калоніі, у якой трымаюць Алеся Бяляцкага3

Перамовы паміж Расіяй і ЗША ў Эр-Рыядзе пачаліся9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, што за амерыканец нядаўна быў вызвалены з беларускай турмы7

Стала вядома, што за амерыканец нядаўна быў вызвалены з беларускай турмы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць